Мэр Мінска выказаўся пра дом на Шырокай, дзе была аварыйная сітуацыя

Мэр Мінска выказаўся пра дом на Шырокай, дзе была аварыйная сітуацыя

Старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак выказаўся пра сітуацыю з домам на вуліцы Шырокай, 3, дзе нядаўна выявілі расколіны ў нясучых элементах будынка. Адказваючы на пытанні жыхароў сталіцы падчас наўпроставай лініі, кіраўнік горада адзначыў, што “гэта праблема не можа быць несур’ёзнай”. Сівак сказаў, што калона — галоўны нясучы элемент будынка і “такіх расколінаў на ёй быць не павінна”, паведамляе агенцтва “Мінск-Навіны”.

Ён таксама дадаў, што сітуацыя знаходзіцца на пастаянным кантролі, вядуцца працы па ліквідацыі дэфармацыі, разломаў, калона ўзмоцненая. Таксама працягваецца абследаванне дома з мэтай ацаніць яго стан. Не выключана, што да расследавання паключыцца пракуратура.

Шматкватэрны дом на вуліцы Шырокай, 3 быў здадзены ў эксплуатацыю ў 2013 годзе. Заказчыкам выступала УКБ Савецкага раёна. Падчас будаўніцтва памяняліся чатыры падрадныя арганізацыі. Жыхары дома мяркуюць, што працы па заліўцы нясучых калонаў былі выкананыя няякасна. Год таму заўважылі дэфармацыю нясучай калоны ў другім пад’ездзе дома.

26 красавіка ўсіх жыхароў дома эвакуявалі на паўдні, пакуль спецыялісты займаліся аднаўленнем нясучай здольнасці канструкцыі.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі