"Механізм куртаты". Чаму сацыяльная зніжка на прадукты — дрэнная ідэя

pixabay.com
pixabay.com

Улады вырашылі падтрымаць рублём уразлівыя слаі насельніцтва і з 17 студзеня пенсіянерам, людзям са шматдзетных сем'яў і іншым малазабяспечаным беларусам далі зніжку 10% на сацыяльна значныя прадукты. Дакладней, далі яе гандлёвыя сеткі, чыноўнікі толькі падпісалі такую дамову.

Не ўсе прадаўцы задаволеныя новаўвядзеннем. Дый пакупнікі, якія сталі шчаслівымі ўладальнікамі зніжкі, таксама, здаецца, ад яе не ў захапленні. Еўрарадыё спытала ў эксперта, чаму -10% на сацыяльна значныя тавары — дрэнная ідэя, ці будзе хоць камусьці выгаднае зніжкавае новаўвядзенне і якія меры падтрымкі рэальна прынеслі б карысць.

Яшчэ ў траўні 2020 года выканаўчая дырэктарка Асацыяцыі рознічных сетак Наталля Шаблінская казала, што гандлёвыя сеткі "не адпрацоўваюць запланаваныя паказчыкі, якія вядуць да рэнтабельнай працы".

— Мы не атрымліваем тое, што планавалі. Попыт падае і далей будзе падаць. Людзі менш ходзяць у крамы. І грошай у іх менш, — заяўляла яна. — Але мы спадзяёмся, што ў нашым тунэлі з'явіцца святло.

Тады МАРГ адрэгуляваў на 90 дзён гандлёвыя і аптовыя надбаўкі прадаўцоў, імпарцёраў і вытворцаў на сацыяльна значныя тавары і абмежаваў узровень рэнтабельнасці для імпарцёраў пры фармаванні цэн на іх дзесяццю адсоткамі. Яшчэ раней міністэрства ўсталявала на гэтыя прадукты гранічныя максімальныя гандлёвыя надбаўкі.

Мяркуючы па тым, што з тых часоў чыноўнікі не раз яшчэ ўводзілі рэгуляванне цэн на сацыяльна значныя тавары (яно дзейнічае і цяпер), падвышалі ПДВ на ўвоз некаторага харчавання, а цяпер яшчэ і абавязалі гандлёвыя сеткі рабіць дадатковыя зніжкі, святло ў канцы тунэля так і не з'явілася.

— У мяне няма свежых лічбаў па рэнтабельнасці нашай гандлёвай сеткі, але ў 2020 годзе яна была каля 1%, — расказаў нам работнік адной з крамаў буйнога рытэйлера. — З тых часоў, упэўнены, адсотак знізіўся. І прычын для гэтага шмат: пандэмія каранавіруса, палітычная і эканамічная сітуацыя ў краіне, бясконцае ўмяшанне адміністрацыйнага рэсурсу ў рынак, знешнія фактары — рост цэн на прадукты харчавання ва ўсім свеце і іншыя. Усё гэта ўплывае і на кашалёк пакупнікоў, і, адпаведна, на гандаль. Пакупная здольнасць у людзей сапраўды моцна ўпала, сярэдні чэк паменшыўся.

“Механизм ущербный”. Почему социальная скидка на продукты — плохая идея
pixabay.com

Адносна новаўвядзення са зніжкамі работнік крамы кажа, што тут "больш галаўнога болю, чым матэрыяльных выдаткаў".

— Зніжкі для пенсіянераў у нас і так былі. Прычым на ўвесь асартымент. Цяпер іх адмянілі і ўвялі вось гэтыя 10% на сацыяльна значныя тавары. Шмат каму гэта не падабаецца, таму што яны не хочуць купляць толькі пэўныя тавары, а хочуць зніжку на ўсе. Нават калі яна меншая, але на ўсё — гэта больш выгадна. Акрамя таго, у гэтых зніжак ёсць нюансы. Напрыклад, гандлёвая надбаўка на малако ў нас 7%. Значыць, больш за 7% на гэты тавар мы зніжку даць не можам. Гэта прапісана і ва ўмовах: гандлёвыя сеткі не павінны працаваць стратна, тавар прадаецца па закупцы, — адзначае суразмоўца. — Але людзі патрабуюць 10%, кажуць, маўляў, чыноўнікі столькі абяцалі. Шмат пытанняў і па акцыйных таварах. Зніжка, якая ўжо існуе, і сацыяльная не падсумоўваюцца — такія ўмовы. Але ў людзей пытанне "чаму?".

Не радыя новай зніжцы і некаторыя пакупнікі. Кажуць, са старымі, якія праз новую адмянілі, яны эканомілі больш.

— У краме каля майго дома пенсіянерам давалі зніжку 7% на ўсё тры дні на тыдзень. І гэта было вельмі выгадна. Цяпер яе замянілі на дзесяціадсоткавыя зніжкі. Толькі дзяржава палічыла, што раз я на пенсіі, то павінна есці толькі хлеб, малако ды бульбу са буракамі. Астатнія прадукты не для нас, і зніжка на іх не патрэбная. Атрымліваецца, калі хочаш рыбу купіць або садавіну, значыць, ты ўжо жыруеш? — абураецца пенсіянерка Наталля Пятроўна з Мінска. — Зрабілі лепш, называецца. Я раней з кожнага паходу ў краму 2-3 рублі эканоміла. А цяпер і рубля не набярэцца.

Эксперт: "Беларусы, як звычайна, выбралі самы дрэнны спосаб"

Экс-кіраўнік па рабоце з рознічнымі сеткамі ў Nielsen Валянцін Сакалоўскі кажа, што зніжка 10% на прадукты для малазабяспечаных сэнс мае. Без яе людзі сталі б на 10% бяднейшыя за кошт росту цэн. Аднак "механізм рэалізацыі выбраны куртаты".

— Урад у розных краінах рознымі спосабамі стараецца змякчыць наступствы ад каранавіруснай інфляцыі. Усе спрабуюць нешта зрабіць. Але беларусы, як звычайна, выбралі самы дрэнны спосаб, — мяркуе эксперт. — У нас ёсць 16 не звязаных паміж сабой гандлёвых сетак. Каб даваць зніжку, кожная з іх павінна распрацаваць свой механізм аўтарызацыі, выдаткаваць на гэта час і грошы. Прасцей за ўсё для гандлёвых сетак гэта было зрабіць праз дысконтныя карткі. Але атрымальнікі зніжкі ў гэтым выпадку павінны запасціся гэтымі дысконтнымі карткамі і нейкім чынам з імі ўвесь час хадзіць і не блытаць.

“Механизм ущербный”. Почему социальная скидка на продукты — плохая идея
pixabay.com

Ён згадвае ўкраінскую праграму "Дія", якая ўяўляе сабой аналаг Е-пашпарта, адзіны пункт уваходу для зносін з дзяржорганамі. З яго дапамогай можна пацвярджаць сваю асобу пры зносінах з банкамі, сотавымі аператарамі і гэтак далей. І праз гэтую праграму можна пацвярджаць, што табе належыць ільгота. Нешта падобнае, на думку эксперта, добра было б зрабіць і ў гэтым выпадку.

Таксама Валянцін Сакалоўскі адзначае, што не ва ўсіх сетак, дзе можна атрымаць зніжку, наогул ёсць дысконтныя карткі. Напрыклад, у Белкаапсаюза. Гэта каля 6 тысяч гандлёвых аб'ектаў.

— Як яны збіраюцца адміністраваць гэтую зніжку, няясна. Нават калі "Родны кут" завёў карткі, далёка не факт, што гэтыя карткі змогуць прабівацца ва ўсіх райспажыўтаварыствах, аўтакрамах. Часам касавае абсталяванне там проста фізічна не прыстасаванае, каб іх чытаць. А "Родны кут" — гэта нават не 10% ад усёй сістэмы Белкаапсаюза, — працягвае эксперт. — Калі зніжкі даваць, напрыклад, па пасведчаннях — пенсійных або па інваліднасці, то дзе гарантыя, што я сёння не накуплю прадуктаў на максімальную суму са зніжкай у адной краме, а заўтра не пайду і не накуплю на максімальную суму ў іншай краме гэтай жа сеткі? Як гэта адсачыць?

На думку суразмоўцы, "сістэма вельмі і вельмі калечаная. Яна абвешаная вялікай колькасцю дзіўных умоў і нейкіх невыразных пажаданняў. І фізічна не ўсюды рэалізавальная".

Ён кажа, што самая простая і эфектыўная сістэма падтрымкі — гэта беспасярэднія датацыі.

— Калі мы не дзелім людзей на класы, а аб'ектыўна маніторым узровень даходу кожнага. Як у свой час было ў той жа Украіне з субсідыямі на камунальныя паслугі. Іх давалі не пенсіянерам, а тым, хто зарабляе менш за пэўную суму ў месяц. У нашай падатковай сяк-так, але ўсе неабходныя звесткі па кожным ёсць. Аддаць бы рэгуляванне гэтага дзяржорганам, хай бы яны хоць гэтую працу зрабілі і налічылі б адрасныя субсідыі. Можа, яны не дужа вялікія былі б. Але гэта было б больш сумленна. І нават больш выгадна для дзяржавы. Сеткі змаглі б зарабіць больш.

Эксперт кажа, што нельга лічыць усіх пенсіянераў малазабяспечанымі. Нельга лічыць, што ўсе шматдзетныя малазабяспечаныя. Але ёсць людзі, якія сапраўды балансуюць на мяжы.

— Такі падыход прывядзе да класавай нянавісці. Не сакрэт, што ў нас, асабліва ў малых гарадах, часам больш выгадна нарадзіць дзіця і сядзець на дапамозе, чым дзесьці працаваць. Проста таму што зарплаты ёсць і меншыя. Хтосьці працуе дворнікам за 250 рублёў у месяц, але не лічыцца малазабяспечаным і не атрымлівае зніжкі. А хтосьці сядзіць у дэкрэце, атрымлівае больш і пры гэтым малазабяспечаным лічыцца і мае зніжку.

“Механизм ущербный”. Почему социальная скидка на продукты — плохая идея
pixabay.com

Другая па талковасці сістэма падтрымкі, па словах Валянціна Сакалоўскага, гэта як у Польшчы — знізіць ПДВ на некаторыя тавары.

— Урад зніжае ПДВ на некаторыя групы тавараў і чакае, што рознічныя сеткі будуць трансляваць гэтае зніжэнне падаткаў у рознічныя цэны. Атрымліваецца, што і для гандлю падтрымка і для пакупнікоў. А ў нас улада ўспрымае рознічныя сеткі як нейкую бяздонную скарбонку, дзе заўсёды ёсць грошы. На самай справе гэта далёка не так. Рознічны бізнес становіцца ўсё менш прыбытковым і маржынальным. Улады думаюць, што ў розніцы нейкія бязмежныя запасы, якія можна пастаянна адбіраць, пераразмяркоўваць то на карысць лакальных вытворцаў, то на карысць бюджэту, то на карысць маламаёмных пакупнікоў.

Эксперт падкрэсліў, што фіксаваныя цэны і гульні з надбаўкамі ў кантэксце беларускага рынку ні да чога добрага не прывядуць.

Акрамя таго, суразмоўца таксама адзначыў, што многія пенсіянеры не радыя новым зніжкам.

— У краме адной сеткі пенсіянеры ледзь не пікет арганізавалі. Таму што праграма лаяльнасці гэтага прадаўца была для іх больш выгадная, чым новая сацыяльная. Яны маглі ў пэўныя дні атрымаць зніжку меншую, але на ўсё. У пенсіянераў жа не канчаецца жыццё на сацыяльна значных таварах. Яны таксама хочуць купіць нармальную свініну, нармальную курыцу, нармальныя крупы. А ім кажуць: "Усё, людзі, не можам мы вам гэта прадаць са зніжкай. Вось свініна па 4 рублі, яна са зніжкай. А тое, што за 12 рублёў, купляйце, калі ласка, без зніжкі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі