Вы тут

МАРГ хоча дазволіць гандаль вадой "з колаў", рытэйл супраць

Прадстаўнікі МАРГ на сустрэчы з прадстаўнікамі гандлёвых сетак і вытворцаў / Еўрарадыё​

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прапануе Мінгарвыканкаму дазволіць продаж вады "з колаў" — з кузава аўтамабіляў, без выкладкі на вітрыны. Так МАРГ хоча задаволіць ажыятажны попыт на ваду, які сфармаваўся пасля таго, як раніцай 24 чэрвеня па трубах у двух раёнах сталіцы — Маскоўскім і Фрунзенскім — пацякла забруджаная вада.

— Хацелася б, каб запасы вады былі не толькі ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах, а наогул усюды, — сказаў міністр гандлю Уладзімір Калтовіч. — Каб мы маглі забяспечваць ажыятаж па ўсім Мінску. Калі не хапае часу на разгрузку, будзем прасіць гарвыканкам дазволіць гандаль без гандлёвага аб'екта. Калі гэта праблема з аб'ёмам рэсурсаў і вытворчасці, тады будзем звяртацца ў выканкамы, каб нам прыярытэтна далі ваду для прадпрыемстваў.

У ведамстве падкрэсліваюць, што пітная вада ўключана ў спіс сацыяльна значных тавараў. Цэны на яе ў цяперашні час рэгулююцца — падымаць іх нельга.

 

Людзі нясуць з крамы бутэлькі з вадой / Еўрарадыё

Рытэйл выступае супраць продажу вады па-за крамамі.

Але гандаль выступае супраць рашэння ўладаў па продажы вады "з колаў”:

— Нам бы хацелася, каб людзі да нас і ў крамы заходзілі. Мы не хочам, каб людзі каля крамы закупляліся вадой. У нас выручка ўпадзе. Гэта нецывілізавана, — пярэчаць прадстаўнікі гандлёвых сетак, якія прысутнічаюць на сустрэчы.

— Я не прашу выстаўляць каля крамы. Трэба выставіць прыярытэт. На гэтыя два-тры дні, — адказвае на гэта міністр.

Попыт на пітную ваду вырас у 15 разоў у Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах Мінска, а ў іншых раёнах сталіцы — у 6-8 разоў. Напрыклад, у ГЦ "Замак" (Цэнтральны раён) 20-тонную фуру 5-літровых бутэлек разабралі за 20 хвілін.

Толькі кампанія "Еўрагандаль" плануе за 25 чэрвеня атрымаць 22,5 млн літраў вады, хоць у звычайны час Фрунзенскі і Маскоўскі раёны купляюць 2,1 млн літраў.

Міністр прапанаваў прадстаўнікам гандлю і вытворцам "уключыцца ў рабочую групу ў месенджары, каб пастаянна быць на сувязі і вырашаць пытанні максімальна аператыўна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.