Маральнасць эканомікі правераць па біблейскіх запаветах

У БДУ вядзецца распрацоўка крытэраў ацэнкі маральнасці эканомікі. Аўтары даследавання раяць адмовіцца ад рынкавых рэформаў, скардзяцца на вайну супраць усходнеславянскай цывілізацыі і заклікаюць звярнуцца да Бібліі. Еўрарадыё паразмаўляла з кіраўніком даследчай групы доктарам эканамічных навук і прафесарам БДУ Валерыем Байнёвым Еўрарадыё: Адкуль увогуле з’явілася ідэя і патрэба ў распрацоўцы крытэраў маральнасці эканомікі?

Валерый Байнёў: Рэч у тым, што сённяшняя эканамічная сістэма, якая дамінуе ў свеце, апошнім часам усё менш і менш адпавядае менавіта крытэрам маральнасці. На шчасце, адной з найбольш маральных эканомік пакуль што на планеце, напэўна, з’яўляецца нашая беларуская эканоміка. І гэта вельмі проста давесці з дапамогай нашых крытэраў!

А што гэта за крытэры?

Па-першае, гэта пашыранае ўзнаўленне нацыі, калі колькасна і якасна нацыя прагрэсуе. А ўжо з гэтага, з эканамічнага пункту гледжання, прагрэс нацыі звязаны з інвестыцыямі менавіта ў чалавечы капітал і інвестыцыямі ў актывы роднай Бацькаўшчыны. І чым яны вышэйшыя, тым, адпаведна, больш умоў для пашыранага ўзнаўлення нацыі.

У Беларусі вядзецца распрацоўка Маральнага Кодэксу. І ідзе распрацоўка пад маім кіраўніцтвам крытэраў маральнасці эканомікі. Мы зробім прапановы вось у гэты самы Маральны кодэкс. Прапановы гэтыя відавочныя. Па-першае, гэта біблейскія запаветы: “Не скрадзі”, “Не забі”, “Не пралюбадзейнічай”, “Не ганарыся”, “Не злуйся” і г.д.”. Але мы прапануем у якасці аднога з галоўных пунктаў тое, што і чыноўнік, і бізнэсмен — яны не маюць маральных падстаў дэманстраваць узровень жыцця вышэйшы за той, які дэманструе сярэдні суайчыннік.

То бок, паводле Вашых прапаноў, катэджы чыноўнікаў пад сталічнай кальцавой і гадзіннік кіраўніка дзяржавы за 11 тысяч долараў павінны быць канфіскаваныя?

Разумею, канечне, што некаторым там хацелася б, каб найвышэйшыя службовыя асобы трывалі вартае жалю існаванне, але гэта неяк несур’ёзна. Я думаю, што гэтыя катэджы не толькі чыноўнікам належаць — я ўпэўнены, што ёсць там і рабочыя. І зірнеце, як, напрыклад, у аграгарадках сёння жывуць сельскія працаўнікі — я думаю, аніяк не горш!

На Вашую думку, чаму адбыўся правал “беларускага эканамічнага цуду”? З-за падвышэння коштаў на расійскія энергарэсурсы, ці былі нейкія іншыя прычыны?

Супраць нас працуе цэлая сістэма — я назваў яе сістэмай неакаланізацыі. Супраць нас — маецца на ўвазе не толькі Беларусь, але і краіны былога СССР і гэтак далей. І гэтая сістэма працуе разбуральна па трох асноўных кірунках. Па-першае, у светапогляднай сферы адбываецца падмена каштоўнасцяў. То бок нашыя ўсходнеславянскія каштоўнасці замяняюцца на гэтак званыя агульначалавечыя каштоўнасці, якія нас раз'ядноўваюць — гэта правы, свабоды. І, адпаведна, правакуецца барацьба нас аднаго з адным за гэтыя правы і свабоды. Па-другое, адбываецца разбурэнне дзяржавы — планамернае, мэтанакіраванае — у межах гэтай сістэмы неакаланізацыі. І, па-трэцяе, адбываецца разбурэнне эканомікі. Пры гэтым, у падмурку гэтага разбурэння ляжаць ліберальна-рынкавыя рэформы і манетарныя фактары эксплуатацыі. То бок тэхналагічна развітыя краіны, выкарыстоўваючы гэтую сістэму, мэтанакіравана спрыяюць разбурэнню нашага светапогляду, нашай дзяржаўнасці і нашай эканомікі. І вось паляпшэнне эканамічнай сітуацыі, напрыклад, у Расіі, Украіне, Беларусі і ў іншых краінах ЕўрАзЭСу і СНД — яно звязанае з тым, наколькі эфектыўна мы здолеем супрацьдзейнічаць вось гэтым уздзеянням у межах гэтай сістэмы неакаланізацыі.

Дык што атрымліваецца? У Вашай эканамічнай мадэлі Вы прапануеце адмовіцца ад рынкавых рэформаў?


Як навуковец я павінен Вам сказаць, што рынкавая эканоміка — гэта нібы камунізм, гэта мара, якая ніколі не ўвасобіцца ў жыццё. Бо ў рынкавай эканоміцы мяркуецца, што на рынку сустракаюцца прадавец і пакупнік. І яны самі ўсё вырашаюць. Але! А дзе дзяржава? Таму чыста рынкавая эканоміка — гэта ўтопія. І адмовіцца ад утопіі — гэта нармальная з’ява. Гутарка ж вядзецца пра сацыяльна-арыентаваную рынкавую эканоміку — тую, якая рэгулюецца дзяржавай. І рэгулюецца дастаткова актыўна. Вось я за такую рынкавую эканоміку!

***


Даведка Еўрарадыё:



Валерый Байнёў, прафесар, доктар эканамічных навук.

Нарадзіўся 4 красавіка 1966 года ў горадзе Балхаш Казахскай ССР. Рускі. У 1992 годзе скончыў факультэт прамысловай электронікі Мардоўскага дзяржаўнага універсітэта (горад Саранск, Расія). У 1995 годзе ў Ніжагародскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце абараніў кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную праблемам кіравання электратэхнічнымі комплексамі і сістэмамі. У перыяд з 1998 па 2000 гг. навучаўся на вочнай дактарантуры Санкт-Пецярбурскага дзяржаўнага універсітэта, дзе абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную праблемам навукова-тэхнічнага прагрэсу ў эканоміцы.

З 2000 году стала жыве ў Беларусі. Сёння працуе прафесарам кафедры мэнэджмента, з’яўляецца намеснікам дэкана эканамічнага факультэта БДУ. У 2004 годзе атрымаў ад Вышэйшай атэстацыйнай камісіі ступень прафесара па спецыяльнасці “Эканоміка”. Ажыццяўляў навуковае кіраўніцтва ў шэрагу адукацыйных і антыкрызісных дзяржаўных праграм, сярод іх “Нацыянальная эканоміка і стратэгія развіцця” (2000-2005) і “Эканоміка і грамадства” (2006-2010 гг.).

Аўтар больш за 160 навуковых і навучальна-метадычных прац, у тым ліку трох манаграфіяў.

У вольны час піша вершы.


***

Еўрарадыё звярнулася па каментар да незалежнага эксперта, кіраўніка Навукова-даследчага цэнтру Мізэса эканаміста Яраслава Раманчука. Ён катэгарычны: праект “маральнай эканомікі” Валерыя Байнёва не толькі не мае аніякіх сур’ёзных эканамічных абгрунтаванняў, але і супярэчыць нацыянальным інтарэсам ды хрысціянскім каштоўнасцям.

Раманчук цвердзіць, што Байнёў, хоць і спасылаецца ўвесь час на расійскае праваслаўе, біблейскім запаветам пярэчыць.

Яраслаў Раманчук: “Урэшце рэшт, яшчэ адзін прынцып эканамічнай палітыкі — гэта “Давярай чалавеку, а не дзяржаве”. У сітуацыі крызісу, калі дзяржава паказала ўжо, што яна не з’яўляецца эфектыўным інвестарам, уласнікам актываў, трэба даверыцца людзям. І людзі значна хутчэй выцягнуць нашую краіну з крызісу. Таксама “Не пажадай рэчаў іншых” з’яўляецца безумоўнай маральнай высновай рынкавай эканомікі, заходняй маралі. Менавіта гэтая маральная аснова павінна быць асновай новай Беларусі. Такім чынам, Байнёў кліча быццам бы да праваслаўных каштоўнасцяў, а ў рэчаіснасці, па сутнасці, ён заклікае да той сістэмы, якая сотнямі тысяч дыскрымінавала вернікаў толькі за тое, што яны верылі ў Бога”.




Фота з slinside.ru і creatordenis.com 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі