Малюнкі з коцікамі сталі доказам на судзе па справе "Рабочага руху"

Падчас суда над "Рабочым рухам" / gp.by
Падчас суда над "Рабочым рухам" / gp.by

У Гомельскім абласным судзе працягваецца працэс над актывістамі "Рабочага руху". 15 снежня на ім разгледзелі "рэчавыя доказы" па справе, піша "Гомельская праўда".

Суддзя агучваў і каментаваў змесціва камп'ютараў і мабільных тэлефонаў, якія канфіскавалі ў актывістаў. У тэлефоне аднаго з падсудных быў закрыты чат работнікаў "Нафтана". Таксама знайшлі праект праграмы страйкаму па дапамозе рэпрэсаваным беларусам. Яшчэ доказамі былі бел-чырвона-белыя сцягі і палотнішчы з гербам "Пагоня", а таксама налепкі. Амаль гадзіну суддзя пералічваў дакументы Беларускай чыгункі, які знайшлі дома ў адной з абвінавачаных.

"У тэлефоне захоўвалася карцінка з выявай коцікаў са сцягамі фашыстаў і калабарацыяністаў", — выкрывае "Гомельская праўда". Хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра вядомыя малюнкі мастачкі Вольгі Якубоўскай.

Па "справе Рабочага руху" судзяць дзесяць чалавек — гэта Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўко, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька, Аляксандр Капшуль. "Рухаўцаў" судзяць за тое, што яны перадавалі інфармацыю, як беларускія прадпрыемствы плануюць абыходзіць заходнія эканамічныя санкцыі.

Ім інкрымінуюць шэраг артыкулаў КК, у тым ліку стварэнне экстрэмісцкага фармавання, паклёп, здрада дзяржаве. Максімальнае пакаранне, якое ім пагражае — 15 гадоў зняволення. Абвінавачаныя не прызналі сваю віну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі