Маладзёжны тэатр пераедзе з былых могілак да кінатэатра "Кіеў"?

Рэканструкцыю Маладзёжнага тэатра спынілі пасля заявы ў Мінгарвыканкам. Яе падалі праваслаўныя вернікі і эколагі Некалькі гадоў тэатр рыхтаваўся да гэтай рэканструкцыі, а Мінгарвыканкам афармляў неабходныя паперы ды распрацоўваў праект перабудовы, на які ўжо выдаткавана больш за мільярд рублёў. І вось будынак зачынены, тэрыторыя вакол яго абнесеная плотам, але ніякіх прац не вядзецца. Распавядае дырэктар тэатра Віктар Старавойтаў:

Віктар Старавойтаў: "Пакуль будоўля спыненая з-за народных хваляванняў, так бы мовіць. Ёсць зварот з нагоды таго, што на месцы тэатра былі могілкі і плануецца высечы дрэвы. Зараз гарвыканкам разглядае".

Сам Віктар Старавойтаў лічыць, лепш на гэтым месцы будзе тэатр, чым людзі будуць сабак выгульваць ды піва піць.

Віктар Старавойтаў: "На тым месцы, дзе стаіць тэатр, у 1930-х гадах былі разбураныя Старажоўскія могілкі, якія існавалі з 1797 года. Вернікі царквы (Марыі Магдалены. — ЕРБ) асцерагаюцца, што на могілках не вельмі добра будаваць. Але я лічу, што хадзіць па костках таксама не зусім правільна. Зрабіць сцежкі і хадзіць па іх, выгульваць сабак, піць піва, глядзець салют таксама не зусім добра. А калі перапахаваць косткі, калі яны будуць знойдзеныя, і пабудаваць тэатр... Там не так шмат: 17 метраў у бок царквы і 17 метраў у бок банка, ні ў якім разе не дакранаючыся да сквера, які ўжо быў акультураны".

Невядома — ці самі вернікі распачалі гэтую справу, ці хто іх навучыў, кажа Віктар Старавойтаў.

Віктар Старавойтаў: "Ці гэта самі вернікі вырашылі, ці хтосьці іх навучыў, хто там, чаго там — не зусім зразумела".

Нават Айцец Іаан, настаяцель царквы Марыі Магдалены, кажа, што вернікі самастойна пачалі клапаціцца аб гэтай справе.

Айцец Іаан: "Народ сам пра гэта клапоціцца, і няхай яны гэтым займаюцца".

Можа з-за гэтай нехарактэрнай самастойнасці нашай грамадскасці і пайшлі чуткі ў тэатры ды і па-за ім, што ў новым будынку размесціцца не тэатр, а гандлёвы цэнтр, альбо маскоўскае казіно?

Але ва Ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама гэтыя чуткі абвергнулі: ніякага гандлёвага цэнтру ці казіно там не будзе, праект толькі пад тэатр! А будынак вышынёй з пяціпавярховы дом патрэбны для таго, каб было месца для заслоны. Ва ўпраўленні не хаваюць, што пытанне аб узнаўленні будоўлі надзвычай цяжкае і складанае, але, хутчэй за ўсё, працы будуць працягнутыя.

Кіраўнік мінскага аддзялення Міжнароднага грамадскага аб'яднання эколагаў Яўген Шырокаў, які таксама супраць перабудовы тэатра, кажа, што танней пабудаваць новы тэатр, і называе месцы, дзе гэта можна зрабіць.

Яўген Шырокаў: "На могілках у Год роднай зямлі выконваюцца працы, зносіцца палова сквера. А мы прапаноўваем тысячу варыянтаў. Самы просты варыянт каля кінатэатра "Кіеў" — там вельмі шмат пустой зямлі, ёсць месцы для парковак, вось і пабудаваць тэатр там. А тут пакінуць ўсё як было, бо тут архітэктурны ансамбль і могілкі, а на могілках будаваць не вельмі добра".

Дырэктар тэатра не сумняецца, што новы будынак будзе, але дакладна не ўпэўнены, дзе.

Віктар Старавойтаў: "Тое, што будзе пабудаваны тэатр, я нават не сумняюся. А на гэтым месцы ці на іншым, больш годным месцы — гэта я сказаць не магу".

У Мінгарвыканкаме абяцаюць, што штосьці дакладнае пра лёс тэатра будзе вядома ўжо праз тыдзень.

Фота — Радыё Свабода


Схема запланаванай рэканструкцыі Маладзёжнага тэатра з форума "XLAM.BY"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі