Макрон гатовы сустрэцца з Пуціным — 114-я раніца вайны ва Украіне

Прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёханэс, прэм'ер-міністр Італіі Марыё Драгі, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і канцлер Германіі Олаф Шольц / Reuters
Прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёханэс, прэм'ер-міністр Італіі Марыё Драгі, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і канцлер Германіі Олаф Шольц / Reuters

Раніцай стала вядома аб абстрэле прыгранічнага расійскага сяла Гардзееўка — гэта ў Курскай вобласці. Па словах губернатара рэгіёну Рамана Старавойта, стральба вялася з мінамётаў.

"Агнявая кропка суперніка была хутка здушаная, пацярпелых няма, абышлося і без значных пашкоджанняў", — напісаў губернатар. Толькі ў некаторых дамах выбіла шкло

Тым часам ва ўкраінскай Луганскай вобласці штодня расце колькасць абстрэлаў з боку расійскіх вайскоўцаў. Пра гэта паведаміў кіраўнік ваеннай адміністрацыі рэгіёну Сяргей Гайдай.

"Памяншаецца колькасць ацалелых дамоў, аб'ектаў інфраструктуры, плошча свабоднай ад захопнікаў тэрыторыі, аднак вораг толькі ўзмацняе агнявы ўплыў, забіваючы мірных людзей", — піша Гайдай. Тры чалавекі загінулі ў Лісічанску — ракета трапіла ў дом культуры, дзе хаваліся мясцовыя жыхары, яшчэ двое ў Севераданецку — гэта маці з сынам. Баявыя дзеянні ў Севераданецку працягваюцца.

Напярэдадні ўвечары ў каментары CNN Гайдай казаў аб тым, што на тэрыторыі завода "Азот" хаваюцца 568 чалавек, у тым ліку 38 дзяцей. Большасць — гэта работнікі хімзавода, члены іх сем'яў і некаторыя мясцовыя жыхары. Але эвакуіраваць іх з-за бесперапынных артылерыйскіх абстрэлаў з боку Расіі немагчыма. "Калі хтосьці выйдзе — памрэ з верагоднасцю 99%", — сказаў Гайдай.

Макрон готов встретиться с Путиным — 114-е утро войны в Украине
Шматпавярховы дом у Луганскай вобласці пасля абстрэлу / @luhanskaVTSA

Расійскія войскі ў чацвер працягвалі наземныя атакі на Севераданецк і населеныя пункты ўздоўж дарог да Лісічанска, якія кантралююць УСУ, кажуць у амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны. Там таксама адзначаюць, што наступальныя аперацыі расіян на паўночны захад ад Славянска былі няўдалымі. А ўкраінскія вайскоўцы, тым часам, вядуць падрыхтоўку да контрнаступлення на захад ад Ізюма.

Ідуць баі на поўначы і паўночным ўсходзе ад Харкава. Але прынцыповых зменаў тут няма — значная тэрыторыя не перайшла з рук у рукі.

"Вораг спрабаваў правесці разведку шляхам баёў у раёне населенага пункта Качубееўка. Нашы салдаты адказалі агнём і вораг адступіў",  — так апісвае сітуацыю ў Харкаўскай вобласці  Генштаб УСУ.

Расіяне працягваюць абстрэльваць прыгранічныя раёны Сумскай і Чарнігаўскай абласцей. Ва ўкраінскім Генштабе гэтыя абстрэлы называюць "паказальнымі акцыямі". Там зноў падкрэсліваюць, што захоўваецца пагроза ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі. "У Валынскай і Палескай абласцях асноўныя намаганні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь накіраваныя на правядзенне выведкі, інжынернае абсталяванне пазіцый і абарону дзяржаўнай мяжы", — гаворыцца ў зводцы ўкраінскага Генштаба. Нагадаем, напярэдадні з'явілася інфармацыя, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў правесці праверку гатоўнасці да магчымага ўварвання ва Украіну з боку Беларусі.

Макрон готов встретиться с Путиным — 114-е утро войны в Украине
Карта баявых дзеянняў па стане на 16 чэрвеня 2022 года / understandingwar.org

"Шмат навін" для Украіны анансаваў учора ў сваім вячэрнім відэазвароце Уладзімір Зяленскі. Ён верыць, што гэта будуць станоўчыя навіны.

"Вельмі веру", — сказаў Зяленскі і падкрэсліў, што ўсё гэта магчыма перш за ўсё дзякуючы ўкраінскім абаронцам. Ён таксама пракаментаваў візіт у Кіеў еўрапейскіх лідараў. Напярэдадні Украіну наведалі канцлер Германіі Олаф Шольц, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, прэм'ер-міністр Італіі Марыё Драгі і прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёханіс. Па словах Зяленскага, у яго "у цэлым ўражанні ад сустрэчы станоўчыя".

"Усе лідэры разумеюць, чаму цяпер не адбываюцца перамовы па заканчэнні вайны — выключна з-за пазіцыі Расіі", — сказаў Зяленскі.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон пасля перамоваў у Кіеве заявіў, што ён гатовы прыехаць у Расію і сустрэцца з Пуціным. Аднак такі візіт можа адбыцца толькі пры пэўных "папярэдніх умовах".

"Для гэтага патрэбныя папярэднія ўмовы, а значыць жэсты з боку Пуціна. Я працягну гаварыць з ім з ведама прэзідэнта Украіны і пры ўмове, што гэта прынясе карысць", заявіў Макрон тэлеканалу TF1. Але пакуль, паводле яго слоў, ніякіх сігналаў ад Масквы не паступала. Французскі прэзідэнт таксама адзначыў, што яго адносіны з Уладзімірам Зяленскім не пагоршыліся з-за кантактаў з расійскім бокам.

Еўракамісія падтрымае кандыдацтва для Украіны і Малдовы ў ЕС, а Грузіі пакуль адмовяць. Пра гэта піша нідэрландскае выданне NOS са спасылкай на "надзейную крыніцу". Паводле звестак выдання, у сваім заключэнні Еўракамісія будзе рэкамендаваць Украіне статус кандыдата, але з умовамі. Выкананне гэтых умоў неабходна для пачатку перамоваў аб уступленні. Гаворка ідзе ў прыватнасці аб забеспячэнні вяршэнства права і барацьбы з карупцыяй. Яшчэ больш умоў павінна будзе выканаць Малдова. Заключэнне адносна заяўкі Украіны Еўрапейская камісія абвесціць сёння. А само рашэнне Еўрарады чакаецца 23-24 чэрвеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі