Макрон адмовіўся назваць дзеянні расійскіх войскаў ва Украіне генацыдам

Эмануэль Макрон / Reuters
Эмануэль Макрон / Reuters

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон адмовіўся называць дзеянні расійскіх войскаў ва Украіне генацыдам і заклікаў быць больш асцярожным у тэрмінах. Дыялог адбыўся падчас інтэрв'ю французскага лідэра тэлеканалу France 2.

Журналістка спытала, ці будзе ён, як прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, выкарыстоўваць тэрмін "генацыд" для вызначэння забойства ўкраінцаў расійскімі вайскоўцамі.

"Я б сёння быў асцярожны з такімі тэрмінамі, таму што гэтыя два народы [рускія і ўкраінцы] — браты", — адказаў Макрон

Ён прызнаўся, што будзе па магчымасці рабіць усё, каб спыніць гэтую вайну, а "эскалацыя рыторыкі" не дапаможа дасягнуць мэты. Пры гэтым ён пагадзіўся, што ва Украіне здзяйсняюцца ваенныя злачынствы.

"Мы перажываем ваенныя злачынствы, якія беспрэцэдэнтныя на нашай зямлі — на нашай еўрапейскай зямлі", — сказаў Макрон.

Раней прэзідэнт ЗША Джо Байдэн двойчы назваў тое, што адбываецца ва Украіне, генацыдам, які ўчыніла ва Украіне Расія.

"Я назваў гэта генацыдам, таму што становіцца ўсё ясней і ясней, што Пуцін проста спрабуе сцерці з твару зямлі нават саму ідэю быць украінцам", — цытавала яго CNN.  Слова "генацыд" у дачыненні да таго, што адбываецца ва Украіне, раней выкарыстоўвалі іншыя еўрапейскія лідары — прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі