Вы тут

Макей: Беларусь не адмаўляецца ад адпраўкі пасла ў ЗША

Дачыненні паміж Мінскам і Вашынгтонам сапсаваліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га / Ілюстрацыйнае фота БЕЛТА

Беларусь не адмаўляецца ад адпраўкі пасла ў ЗША. Пра гэта 7 траўня заявіў міністр замежных спраў нашай краіны Уладзімір Макей. Паводле яго слоў, цяпер "завяршаецца падбор кандыдатаў на пасаду". Летам 2020-га ім быў прызначаны Алег Краўчанка, былы намеснік міністра замежных спраў, але ён у Злучаныя Штаты не паспеў выехаць — у 49 гадоў памёр ад каранавіруса.

"Гэта досыць складана, — кажа Макей. — Складана знайсці чалавека, які ведаў бы гэтую краіну [ЗША] і змог бы эфектыўна працаваць там".

Пра аднаўленне дачыненняў на ўзроўні амбасадараў афіцыйныя Мінск і Вашынгтон заявілі ў верасні 2019 года, калі Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з намеснікам дзяржсакратара ЗША Дэвідам Хэйлам. Беларускага амбасадара ў Злучаных Штатах не было 12 гадоў, як і амерыканскага ў Беларусі.  

Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр пакуль не прыехала ў Беларусь, яна знаходзіцца ў Літве. Як вядома, Вашынгтон не прызнае вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, не лічыць Лукашэнку легітымным кіраўніком краіны.

Макей сказаў, што ўлады нашай краіны хацелі б разумець, "у якім статусе яна [Фішэр] хоча працаваць у Беларусі, з афіцыйнымі ўладамі, грамадзянскай супольнасцю".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.