Магілёвец спрабуе вярнуць аплачаныя ў судзе пошліны

Магілёвец спрабуе вярнуць аплачаныя ў судзе пошліны

Юрыст і праваабаронца Аляксандр Хамратаў ужо некалькі гадоў змагаецца ў суддзе з супрацоўнікамі ДАІ і дзяржавай. 

Паводле ДАІ, ён прыпаркаваўся ў неналежным месцы. Аднак сам Хамратаў даводзіў сваю рацыю праз суд. Двойчы ён  дамогся таго, што дзеянні ДАІ-шнікаў датычна яго прызнавалі неправамернымі, а пратаколы незаконнымі. Справу адпраўлялі на новы разгляд. Аднак на трэці раз яму прысудзілі штраф. Усе тры разы Аляксандр Хамратаў плаціў дзяржаўную пошліну. 

Паколькі 2 разы суд станавіўся на бок праваабаронцы, ён лічыць, што дзяржава мусіць вярнуць яму аплачаныя раней пошліны.

"Атрымліваецца, што чалавек мусіць некалькі разоў панесці адказнасць. Спачатку ён плаціць дзяржаўную пошліну, а справу накіроўваюць на новы разгляд, а другі раз ён будзе плаціць штраф, калі на новым разглядзе яго прызнаюць вінаватым. У гэтым выпадку чалавек apriori пазбаўляецца законнага права на разгляд ягонай справы. Вось так наша дзяржава атрымлівае прыбытак у выглядзе штрафаў і дзяржаўнай пошліны", - адзначае праваабаронца.

Аляксандр Хамратаў аформіў сваё патрабаванне ў выглядзе пазова да Міністэрства фінансаў. Гэтую справу 19 лістапада разглядала ў Магілёве суддзя Ленінскага раённага суда Юлія Трапыніна.  На пачатку судовага пасяджэння Хамратаў хадайнічаў, каб яму патлумачылі ягоныя правы:

"Я падаў пазоў на кампенсацыю дзяржаўнай пошліны. Адказчыкам было Міністэрства фінансаў. Адказчык пазоў не прызнаў і як толькі пачалося судовае пасяджэнне суддзя хуценька зачытала правы і папытала, ці ёсць якія хадайніцтвы. Я папрасіў, каб мне растлумачылі мае правы, бо іх мне толькі зачыталі, а ў адпаведнасці з законам іх яшчэ неабходна патлумачыць - якія і за што чакаюць наступствы і якая прадугледжана адказнасць. На гэта суддзя адказала, што ўжо ўсё мне патлумачыла".

Затым праваабаронца падаў хадайніцтва, каб перанесці судовае пасяджэнне ў іншую залю. Памяшканне, дзе пачаўся суд, было зусім малое і нязручнае – не было куды нават пакласці верхняе адзенне, а гардэроба ў будынку не было. Пасля гэтага суд прыняў рашэнне выдаліць Аляксандра Хамратава з залі, бо на яе думку, ён пачаў злоўжываць сваімі правамі.

Разгляд судовай справы скончыўся не на карысць праваабаронцы. Суддзя Юлія Трапыніна не задаволіла пазоў Аляксандра Хамратава аб вяртанні яму дзяржпошліны ў памеры 150 тысяч рублёў.


Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што вяртанне дзяржаўнай пошліны прапісана ў п.1.11 арт.259 і арт.60 Падаткавага кодэкса.

У адпаведнасці з гэтымі артыкуламі ў дадзеным выпадку вяртанне дзяржаўнай пошліны магчыма па заяве асобы, у дачыненні да якой адміністрацыйная справа спынена за адсутнасцю складу, альбо падзеі правапарушэння, альбо яе недаказанасцю. Аляксандр Хамратаў хацеў стварыць прэцэдэнт, калі б за кожны факт вяртання справы на новы разгляд пошліна бы вярталася заяўніку. На жаль ў яго гэта не атрымалася”, - гаворыць Барыс Бухель. 

З вынікам суда Аляксандар Хамратаў нязгодны і збіраецца абскардзіць яго ў вышэйшай інстанцыі.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі