Магіляўчанка дамаглася адмены пастановы аб прыцягненні яе да адміністрацыйнай адказнасці

Магіляўчанка дамаглася адмены пастановы аб прыцягненні яе да адміністрацыйнай адказнасці

У Магілёве актывістка прафсаюза РЭП Святлана Іванюшава з дапамогай юрыста і праваабаронцы Аляксандра Хамратава дабілася адмены пастановы аб прыцягненні яе да адміністрацыйнай адказнасці. Міліцыянты склалі на жанчыну пратакол за тое, што яна знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення і нецэнзурна лаялася. Прыйшла ж жанчына ў пастарунак да міліцыянтаў, каб паскардзіцца на свайго зяця, аднак паміж ёй і міліцыянтам здарыўся канфлікт, і яна не атрымаўшы дапамогі, сама апынулася за кратамі.

Праваабаронца Аляксандр Хамратаў трактуе дзеянні міліцыянтаў, як перавышэнне іх службовых паўнамоцтваў: яны пасадзілі жанчыну ў клетку, замест таго, каб яе выслухаць. Першы раз суддзя адправіла справу на дапрацоўку, бо ўбачыла ў ёй шмат супярэчнасцяў.

"У судзе адмянілі пастанову. Іванюшаву прыгаварылі да двух базавых велічынь штрафу за нецэнзурную лаянку і знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскім месцы. Калі суд першы раз разглядаў справу, міліцыянты далі супярэчлівыя паказанні. Яны не чакалі, што прыйдуць з прафсаюза і будуць сачыць за судовым пасяджэннем. Суддзя адправіла справу на дапрацоўку, бо былі істотныя супярэчанні ў паказаннях сведак", ― кажа Аляксандр Хамратаў.

Калі ж жанчына ў чарговы раз прыйшла ў пастарунак да тых жа самых міліцыянтаў з чарговай сваёй праблемай, то яны без тлумачэння зноўку пасадзілі яе за краты.

"Садзяць за краты. Трымаюць яе там некалькі гадзін і кажуць, што калі хочаш выйсці, то падпішы паперы. Аднак аказваецца, што яна падпісвае тое, што прызнае сваю віну, што нецэнзурна лаялася і была ў стане алкагольнага ап’янення. Праз некалькі дзён міліцыянты выносяць пастанову аб прызнанні яе вінаватай. Гэтую пастанову мы абскардзілі ў судзе, дзе жанчына заявіла, што на іншых паперах не распісвалася, а ставіла подпіс толькі на адным дакуменце. Мяркую, што міліцыянты яшчэ і подпіс яе падрабілі. Суддзя прызнала, што былі парушэнні працэсуальнага кодэкса. Сама Іванюшава віну не прызнала", ― распавядае Аляксандр Хамратаў.

Праваабаронца адзначае, што пасля суда стала трымае сувязь са Святланай Іванюшавай, кансультуе яе, каб жанчына пазбягала падобных кантактаў з праваахоўнікамі.

Нагадаем, што 5 чэрвеня Святлана Іванюшава прыйшла ў міліцэйскі пастарунак, каб паскардзіцца на зяця. Жанчына не хавае, што была нападпітку. Тады паміж ёй і міліцыянтам здарыўся канфлікт, і яе пасадзілі за краты. У жанчыны разбалелася галава і яна папрасіла міліцыянта адвесці яе ў прыбіральню, каб зрабіць сабе прымочку. У самой прыбіральні, са словаў Іванюшавай, міліцыянт збіў яе, ды так, што зламаў сківіцу ў двух месцах. Затым жанчыну на падставе таго, што яна нібыта нецэнзурна лаялася ў грамадскім месцы змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе на другі дзень яна папрасіла медыцынскай дапамогі і распавяла пра збіццё. У сувязі са збіццём распачатая крымінальная справа.

Фота: БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі