Маці зніклай Іры Кужэльнай кажа, што яе абылгалі суседзі

Следчыя аператыўнай групы па пошуках зніклай Іры Кужэльнай разглядаюць версію прыналежнасці маці дзяўчынкі да яе знікнення і распачалі супраць яе справу па артыкуле “Катаванне”. Сама ж жанчына кажа, што яе абылгалі суседзі. Еўрарадыё адшукала маці зніклай дзяўчынкі і пагаварыла з ёй. Як стала вядома Еўрарадыё, сёння раніцай мясцовы ўчастковы Алег Лешчанка ў чарговы раз прывёз маці Іры Кужэльнай Людмілу Красоўскую ў сельсавет Беларучы на “размову” да следчых аператыўнай групы па пошуках дзяўчынкі. Нагадаем, што 7-гадовая дзяўчынка знікла 23 лістапада, і да гэтага часу пра яе лёс нічога не вядома.


Па словах прадстаўніка следча-аператыўнай групы, нічога новага, што дапамагло б у пошуках, жанчына ім сёння не паведаміла. Выклікаюць яе амаль кожны дзень з-за таго, што па адной з версій яна можа мець адносіны да знікнення дзяўчынкі.


Прадстаўнік следча-аператыўнай групы:
“Разглядаюцца розныя версіі. І гэтая ў тым ліку”.


Як паведамляла Еўрарадыё, супраць маці Іры Кужэльнай распачатая крымінальная справа па арт. 154 Крымінальнага кодэксу, які называецца “Катаванне”. За кепскія адносіны да дзяўчынкі ў мінулы час. Гэта было ўстаноўлена падчас расследавання крымінальнай справы па факце яе знікнення. Жанчына нават адседзела 3 сутак пад арыштам з гэтай нагоды. Як паведаміў Еўрарадыё прадстаўнік следча-аператыўнай групы, ім вядомыя некалькі выпадкаў катавання дзяўчынкі.


Праўда, мясцовы ўчастковы Алег Лешчанка кажа, што ён не можа пацвердзіць выпадкі дрэннага стаўлення Людмілы Красоўскай да дачкі. Вядома гэта толькі са слоў суседзяў. Сама ж Людміла Красоўская сцвярджае, што суседзі на яе нагаворваюць.


Людміла Красоўская:
“Калі жывеш на вёсцы, з суседзямі зрэдку адбываюцца сваркі. І калі здараецца ў кагосьці няшчасце, з боку тых, з кім ты сварыўся, увесь гэты бруд выліваецца. З суседзямі мы сварыліся і з-за сабак. І пасля таго, як знікла Іра, мы таксама сварыліся. Я прыязджала і бачыла, што святло крадуць”.


Жанчына адмаўляе, што быў такі выпадак, калі яна, нібыта за прамочаныя боты, пакінула дзяўчыну ў лесе. Кажа, здаралася, што давала ёй плескача па задніцы, але не больш таго.


Людміла Красоўская:
“Гэта няпраўда – ніколі за мокрыя боты я на яе не сварылася. Давала плескача па задніцы, у кут ставіла, псіхалагічна ўздзейнічала. Старалася весці размовы нароўных. Калі штосьці здаралася, я казала: “Ірына, хадзі сюды, давай сядзем пагаворым”.


Маці Іры Кужэльнай расказала Еўрарадыё, што пасля пераезду іх з Астрашыцкага гарадка ў Беларучы, дзяўчынка не адразу прывыкла да новага месца, адчувала сябе няўтульна і часта прасіла адвезці яе да бабулі.


Людміла Красоўская: “Яна ўвесь час казала мне такую фразу: “Я хачу да бабулі”. Бабуля жыве ў Лагойскім раёне, у вёсцы Замасточча”.


Следчыя былі ў бабулі і правялі пошукі па ўсім шляху да вёскі Замасточча. Вынікаў няма. Людміла Красоўская кажа, што дзяўчына гуляць адна не баялася. Бывала, хадзіла адна ў лес у ягады.


Людміла Красоўская: “Калі мы жылі ў Астрашыцкім, яна і ў ягадкі хадзіла адна ў лясок побач. І на возера адна хадзіла. Я потым хадзіла, шукала яе”.


Жанчына лічыць, што калі б Іра самастойна некуды пайшла па дарозе, яе даўно б ужо адшукалі.


Людміла Красоўская: “Калі б яна сваёй хадой пайшла… Вы ж разумееце, гэта дзіцё, зіма на вуліцы…. У любым выпадку, яе б ужо адшукалі. Мне не хочацца казаць гэтага слова, але…. Ёсць надзея, што яна жывая, але б яе ўжо адшукалі, калі б яна па дарозе пайшла некуды”.


Маці Ірыны Кужэльнай расказала Еўрарадыё, што бачыць сны, дзе яе дачка едзе на ровары з заклееным скотчам ротам. Жанчына баіцца, што гэта сведчыць аб тым, што яе могуць некуды звезці ў багажніку аўтамабіля. Прадстаўнік аператыўна-следчай групы таксама не адмаўляе такой магчымасці, але кажа, што ніякіх звестак, якія б пацвердзілі гэтую версію, у іх няма. І запэўніў, што пошукі будуць працягвацца без абмежаванняў у часе. Можа, толькі колькасць пашукоўцаў зменшыцца.


Прадстаўнік следча-аператыўнай групы: “Пошукі будуць працягвацца вельмі доўга. І тут няма нейкага рэгламенту, што два-тры тыдні альбо год. Яны будуць працягвацца вельмі доўга. Толькі маштабы крыху зменшацца, але працяг будзе ўсё адно”.


У выходныя разам з аператыўнікамі следчай групы ў пошуках удзельнічалі курсанты Акадэміі міліцы. Зараз іх змянілі вайскоўцы. Людміла Красоўская кажа, што ўсе яны сталі для яе як родныя. Яна нават на следчых за тое, што завялі на яе крымінальную справу і 3 дні пратрымалі пад арыштам, не крыўдуе. Ды яшчэ спадзяецца, што дачка ляжыць дзесьці ў лякарні, страціўшы памяць. Бо ў лесе зімой столькі часу дзіцяці не пражыць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі