Маці дарадцы Ціханоўскай пасля адбыцця арышту пакінула Беларусь

Інэса Ворыхава

Інэса Ворыхава / "Настоящее время"

Пасля адбыцця арышту Беларусь пакінула Інэса Ворыхава — маці Маргарыты Ворыхавай, дарадцы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтве. Пра гэта паведамляе "Настоящее время".

Як распавядала Еўрарадыё, 30 лістапада Інэсу Ворыхаву затрымалі і асудзілі на 15 сутак. У яе кватэры ў Наваполацку адбыўся ператрус. У яе тэлефоне знайшлі падпіску на "экстрэмісцкі" рэсурс у Instagram.

Жанчына кажа, што ў параўнаўча невялікім Наваполацку штотыдзень па палітычных матывах затрымліваюць па пяць-шэсць чалавек.

"Да мяне прыйшлі з ператрусам, кажуць: "Ну вы ж маці?". Я адказала: так, маці, але ў мяне ёсць артыкул Канстытуцыі, і я магу не даваць ніякіх тлумачэнняў наконт сваіх блізкіх сваякоў", — згадвае Ворыхава.

Яна згадвае, што ў наваполацкім ізалятары шмат "палітычных", кожны тыдзень прыводзяць новых. Часцей за ўсё прысуды даюць за "распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі" — то бок, за падпіскі ў сацсетках на акаўнты, якія рэжым Лукашэнкі вырашыў забараніць.

"Часцей за ўсё ім давалі па 15 сутак, камусьці штраф да 100 базавых (3600 рублёў). Некаторым, хто выходзіў, адразу ці на наступны дзень дадавалі яшчэ па 15 сутак", — дзеліцца ўражаннямі жанчына.

Пасля вызвалення Ворыхава пераехала ў Вільню: "Я баюся пераследу. Пры гэтым хачу жыць у Беларусі: люблю сваю краіну, але разумею, што цяпер там знаходзіцца небяспечна".
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі