Маці Дакоты насварылася на спявачку за лаянку на “Фабрыцы” (невядомыя фота)

Канстанцін Меладзэ вынес Дакоце папярэджанне за ненарматыўную лексіку, але бліжэйшыя два тыдні намінацыі ў Дакоты дакладна не будзе. Бо яшчэ не гатовая аранжыроўка да яе новай уласнай песні. Маці Дакоты вярнулася з Масквы, дзе тры тыдні жыла ў сваёй сястры. За гэты час яна змагла адзін раз завітаць у госці ў “зорны дом”, некалькі разоў паразмаўляць з Маргарытай са спецыяльнай відэабудкі, якая знаходзіцца каля дома, і тры разы па 10 хвілінаў пабачыцца з Рытай пасля справаздачных канцэртаў.

Непасрэдна перад намінацыяй Святлана Герасімовіч разам з мужам прыходзілі ў “зорны дом”, куды прынеслі шмат смачнага і пачаставалі ўсіх хатнімі піражкамі, чабурэкамі і самсой. Рыта, дарэчы, не есць мяса, таму частка ежы для яе была асобна прыгатавана з грыбамі і капустай.

Святлана Герасімовіч: “Яна стала больш дарослай. Пачала больш цвяроза ацэньваць свае магчымасці і сур’ёзна ставіцца да праекта. Я выпадкова сустрэлася з Курпатавым, які расказаў, што усім, канешне, вельмі цяжка, але Рыта, на ягоную думку, ужо справілася з гэтым стрэсам і цалкам гатовая працаваць”.

Як даведалася Еўрарадыё, на наступную намінацыю Дакота напісала новую песню, якая вельмі спадабалася Канстанціну Меладзэ. Па словах прадзюсара, менавіта з гэтай песняй Маргарыта выйдзе на наступную намінацыю. Але адбудзецца гэта не раней, чым праз два тыдні:

“Яна сама, сваім падлікам, вырашыла, што наступная намінацыя будзе праз 2-3 тыдні. Бо, як сказаў Канстанцін Меладзэ, каб зрабіць добрую аранжыроўку на яе новую песню, яму патрэбна прыблізна 2 тыдні. Вось яна і падлічыла.”

На мінулым тыдні Канстанцін Меладзэ выносіў Дакоце папярэджанне за ненарматыўную лексіку. Дый наогул, дзяўчына не раз паводзіла сябе даволі імпульсіўна. Маці спявачкі таксама не змагла не адрэагаваць на такія паводзіны дачкі:

“Яна ж жывы чалавек. Канешне, не часта, але здаралася, што яна магла рэзка выказаць незадаволенасць нейкімі жыццёвымі момантамі. Але, канешне, не так. Я на яе вельмі насварылася, яна ад мяне атрымала вельмі крэпка. Але я яе разумею. Там вельмі складана. Нават адміністратары і педагогі просяць не сварыцца на сваіх дзяцей. Паспрабуйце самі пасядзець хаця б адзін дзень па той бок – і вы зразумееце, якія яны малайчынкі. На мой погляд, у яе, канешне, былі вельмі рэзкія выказванні, але гэта таму, што яна яшчэ вельмі юная і мае юначы максімалізм. Але, па меншай меры, яна шчыра выказвае свае думкі. Мне падабаецца, што яна не інтрыгуе, што яна шчырая нават перад сабой”.

На апошнім канцэрце Маргарыта спявала разам з гуртом “Би 2” песню “Дурочка”. Маці Маргарыты засмучала назва песні, але, па словах Святланы, Канстанцін Меладзэ застаўся вельмі задаволены гэтым нумарам. Ён нават назваў яго самым драйвовым і энэргічным выступам мінулага канцэрта.

Святлана Герасімовіч: “Шчыра кажучы, я вельмі хвалявалася, калі пачула назву песні, якую яна будзе спяваць, і вельмі разгубілася. А Маргарыта сказала: мамуля, не хвалюйся, песня будзе задзірыстая, жартаўлівая, я думаю, што людзі зразумеюць, што я хацела сказаць. Мне вельмі падабаецца, што яна не баіцца эпатажных рашэнняў і эксперыментаў. Не баіцца быць смешнай і нават дзе-небудзь непрыгожай”.

Дакота ўжо мае шмат прыхільнікаў, якія цешаць яе падарункамі:

“Ёй перадаюць розныя падарункі, цацкі, майкі з вышыўкай ручной працы, малююць нейкія газеты. Гэта вельмі прыемна. Яна мне тэлефанавала і казала, што яе вельмі падтрымлівае ўсё гэта”.

Два тыдні таму Еўрарадыё размаўляла з генеральным дырэктарам кампаніі “Меладзэ бразэрс” Уладзіславам Якаўлевым, які запэўніў нас, што Дакота абавязкова павінна дайсці да фінала. Святлана Герасімовіч таксама заўважыла цікавасць да сваёй дачкі з боку прадзюсараў:

“Шчыра кажучы, я не збіраюся прагназаваць. Але тое, што яна вельмі цікавая для прадзюсэра, – гэта відавочна. Яна не капрызіць пры выбары песні і вобразу”.



Такой Маргарыта Герасімовіч была ў школе:








А так дзяўчына выглядае на "Фабрыцы зорак":




Фота — http://forum.65-k.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі