Любяць Пуціна і Чэ Гевару: што за замежнікі назіралі за выбарамі ў Беларусі

Назіральнікі за беларускімі выбарамі

Назіральнікі за беларускімі выбарамі / коллаж Влада Рубанова, Еврорадио

Замежным назіральнікам спадабаліся беларускія выбары. Хто гэтыя людзі? Давайце паглядзім.

 

Ёгурт "Савушкін прадукт" і крылцы з KFC

"Галасаванне ў Беларусі адпавядае дэмакратычным стандартам і правілам", — заявіў назіральнік з Нямеччыны. Быць назіральнікам яго запрасіла беларуская амбасада, і Гунар Ліндэман паехаў у Мінск.

"Добрай раніцы, дарагія сябры. У гэтыя выхадныя я адпраўляюся з сакрэтнай місіяй на сакрэтную-сакрэтную сустрэчу", — піша Ліндэман у сацсетцы X па дарозе ў Мінск.

Ліндэман назіраў не толькі за беларускімі выбарамі — але і за выбарамі ў так званых Л/ДНР. За што і трапіў пад санкцыі. Ён сябра правай нямецкай партыі "Альтэрнатыва для Германіі", у 2016 годзе прайшоў ад яе ў палату дэпутатаў Берліна.

Яму не прывыкаць камунікаваць з рэжымамі, з якімі ніхто не хоча стасавацца. Напрыклад, у 2018 годзе ён як прадстаўнік "еўрапейскай дэлегацыі" прыязджаў у акупаваны Крым, а ўлады расказвалі пра гэта як пра перамогу "народнай дыпламатыі".

У Мінску Ліндэман зачэкініўся ў KFC і падзяліўся здымкам курыных стрыпсаў у X. А яшчэ зайшоў у тое месца, якое раней было "МакДональдсам". Ён старанна вёў рэпартаж з Мінску, паказваючы і фота з мінскага тэатра, і свой сняданак, кожны раз пісаў пра "сакрэтную місію" — але ні словам не абмовіўся пра тое, навошта ж насамрэч ён прыехаў.

Гуннар Линдеманн в "МакДональдс"

"Таемная кулінарная сустрэча ў беларускім прэзідэнцкім палацы?" — гадаюць у X, калі на фота з'яўляецца ёгурт "Савушкін прадукт".

"Спадар Ліндэман, а на "сакрэтнай-сакрэтнай беларускай мове вы размаўляеце?" — цікавіцца іншы карыстальнік.

Зрэшты, атмасферу выбараў у Беларусі немец улавіў правільна. Сёлета самае галоўнае на іх — буфет.

 

Сябар Пуціна з Базэля

"Я вельмі ўражаны ўзроўнем арганізацыі працы Цэнтра (грамадскага назірання). У Швейцарыі падчас электаральных кампаній працуюць падобныя структуры. Аднак узровень адказнасці за ходам галасавання, на мой погляд, у Беларусі нашмат вышэйшы", — кажа малады палітык са Швейцарыі Вільгельм Віс.

У мясцовых медыях яго называюць "сябрам Пуціна". Праз адкрытае захаплення расійскім прэзідэнтам ён пайшоў з нацыянал-кансерватыўнай партыі Швейцарыі.

Яму крыху за 20. Ён радуецца анэксіі ўкраінскіх тэрыторый.

"Данецк, Луганск, Херсон і Запарожжа нарэшце ўз'ядналіся з Расіяй!" — пісаў ён у X. А потым дадаваў ужо па-руску: "Слава Расіі! Прэзідэнту!" Гэты пост усё яшчэ вісіць у замацаваных.

Партыя была... хм, збянтэжаная.

Партыі, да якой ён належаў, давялося апраўдвацца і "вельмі выразна" заявіць, што "гэты цалкам перакручаны пункт гледжання ніякім чынам не адпавядае пункту гледжання партыі". Больш за тое, партыя "зусім далёкая ад таго, каб захапляцца прэзідэнтам Пуціным". Наадварот, яна асуджае "яго дзеянні ва ўсіх формах і ў поўнай меры".

Адным словам, ягоным калегам па партыі гэта не спадабалася, і цяпер малады чалавек — беспартыйны. Так што часу з'ездзіць у Мінск — больш чым дастаткова. У X побач з ягоным прозвішчам акрамя Z-сімволікі і расійскага сцяга ёсць яшчэ і чырвона-зялёны беларускі.

Праўда, назіральнік не знайшоў часу, каб расказаць у сябе на старонцы, што ён думае пра выбары ў Беларусі.

 

Беларуссю можна "напалохаць Захад"

"У Беларусі цікавая выбарчая сістэма, якую маглі б пераняць замежныя краіны", — сказаў госць з Італіі Ігар Камілі.

Ён прапануе "запазычыць гэтую сістэму, каб напалохаць Захад". І дзеліцца сваёй верай: у Беларусі людзі ўдзельнічаюць у жыцці дзяржавы.

Ігар Камілі — гэта наогул хто? У Італіі ён прадстаўляе палітычны рух "Сацыялістычная радзіма". На ютубе партыі каля 400 падпісчыкаў. Сярод відэа — ролік з нагоды гадавіны рэвалюцыі 1917 года, адкрыццё мемарыяльнай дошкі Чэ Гевары, ролік у гонар 60-годдзя кубінскай рэвалюцыі.

Аматары (старых) рэвалюцый

За падзеямі ў свеце партыя сочыць і радуецца, калі да ўлады прыходзяць тыя, хто абяцае прадстаўляць інтарэсы неабароненых слаёў. Напрыклад, яны сімпатызавалі Пэдра Кастылья ў Перу (мы расказвалі вам гісторыю гэтага школьнага настаўніка, які стаў прэзідэнтам, у адным з аглядаў #ІхНоравы).

А вось беларуская рэвалюцыя партыі не спадабалася. У 2021 годзе на сваёй старонцы ў сацсетцы X яны нават арганізоўвалі мерапрыемства "#BIELORUSSIA NON PASSARONO, NON PASSERANNO" ("Беларусь: не прайшлі, не пройдуць").

Любят Путина и Че Гевару: что за иностранцы наблюдали за выборами в Беларуси
Афіша мерапрыемства, прысвечанага Беларусі

Відавочна, партыі, якая выступае за правы працоўных, не далажылі аб тым, якімі метадамі Беларусь душыла пратэсты і забастоўкі на заводах. А калі Камілі хоча даведацца пра салідарнасць, яму варта ісці не на выбарчы ўчастак, а ў беларускія турмы ці хаця б да беларускіх дыяспар.

 

"Мінск папрыгажэў, з'явілася шмат новых будынкаў"

Часам размовы з назіральнікамі нагадвалі хутчэй апытанне турыстаў на вуліцы. Напрыклад, назіральнік з Польшчы Рональд Ласецкі пахваліў гасціннасць беларусаў, яму спадабалася, што на вуліцы можна звярнуцца з пытаннем да любога мінака, і быць упэўненым, што табе дапамогуць.

Але... Рональд быў у Мінску не як турыст, а як незалежны назіральнік за выбарамі. Вось, што ён кажа як назіральнік:

“Тое, што я тут убачыў, кажа, што ўсё ў парадку. Была магчымасць задаць пытанні і атрымаць тлумачэнні", — піша Ласецкі.

На гэтым усё. Далей ён працягвае нахвальваць Беларусь і Мінск, які з часу ягонага апошняга візіту — 15 гадоў таму — "папрыгажэў, з'явілася шмат новых будынкаў".

Ён дадаў, што польскі і беларускі народы павінны сябраваць, але ніякіх пытанняў аб працы назіральнікам БелТА больш не задавала.

Хто такі Рональд Ласецкі? У X на вокладцы яго акаўнта стаіць перакрэслены амерыканскі сцяг, каб кожны госць старонкі адразу разумеў, з чым мае справу.

Трохі пачытаўшы ягоныя паведамленні, можна зрабіць выснову, што ў вайне Расіі ва Украіне, ён падтрымлівае Расію — але не Пуціна. Для Пуціна ён дэкларуе "ганьба!" І абвінавачвае яго ў смерці "тысяч людзей з абодвух бакоў".

Не без сентыментальнасці піша пра Ігара Стралкова-Гіркіна. Уласна, паўтараючы самога Гіркіна.

У канцы мінулага года ён, напрыклад, апублікаваў такое паведамленне:

“Я падтрымліваю Расію ў гэтай вайне, але калі нашы сімпатыі прымушаюць нас заплюшчваць вочы на рэальнасць, гэта глупства. Тыя, хто мог хутка скончыць гэтую вайну перамогай Расіі, такія як Прыгожын і Стралкоў, нюхаюць кветкі з-пад нізу або сядзяць у турме. А расійскай дзяржавай і войскам кіруюць людзі, адзіная ідэя якіх — кідаць далей "хвалі людзей", каб яны маглі разбіць галавой сучасную зброю, якой Захад цяпер можа без перашкод узброіць Украіну".

Некалькі інтэрв'ю з ім выходзіла на прапагандысцкім рускамоўным партале "РуБалтык". Усё — у 2018 годзе. Цяпер на галоўнай старонцы гэтага партала павісла"Z-ка".

Нягледзячы на тое, што Ласецкі актыўны карыстальнік X, за час свайго "назіральніцтва" ён нічога не напісаў пра беларускія выбары.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі