Любіць мастацтва і ўсё роўна быць папулярным. Мікіта Моніч запусціў ютуб-шоу

Мікіта Моніч / Еўрарадыё
Мікіта Моніч / Еўрарадыё

Калі пару гадоў таму Мікіту Моніча запрасілі правесці экскурсію па выставе ілюстрацый Сальвадора Далі да "Боскай камедыі" Дантэ, паслухаць яго прыйшло больш за сто чалавек. А цяпер ён вучыцца выступаць з лекцыяй перад двума аператарамі, запусціўшы свой ютуб-канал.

Эмоцый у такім фармаце куды менш, чым прывык Мікіта. Таму ён краем вока імкнецца заўважыць, ці ацаніў калякультурны жарт хоць бы аператар.

За некалькі дзён першую праграму праекта "Каля культуры" паглядзелі больш за 15 тысяч разоў. Але павінна быць больш, таму што спажыўцоў культурнага кантэнту ў Мінску — 3%. Або 60 тысяч чалавек, кажа Мікіта ў першым выпуску.

Мікіта Моніч тлумачыць, чаму мы жывем у эпоху рамантызма

Распыталі Мікіту пра шлях ад Нацыянальнага мастацкага музея да свайго ютуб-канала. А яшчэ спыталі, чаму мы гаворым "Ева", а чуем "рэвалюцыя"? "Мастацтва пратэсту" застанецца ў вяках? Пытанне "А чаму не па-беларуску?" таксама задалі.
 

Адчуваеш сябе вэбкам-мадэллю ад свету прыгожага

— Апошнія 11 месяцаў пра шмат якія рэчы чую: а давайце вось гэта вось усё пасля рэвалюцыі. Не было апаскі, што і пра праект пра культуру так скажуць?

— Гэта сапраўды вельмі вялікае пытанне. Яшчэ ў мінулым жніўні, калі мы збіраліся вечарамі паказваць у Silver Screen фільмы пра мастакоў, у мяне ўзнікала пытанне: яшчэ і каранавірус не адышоў, хвалі жэсці прыходзяць, як прыбой.

Пытаўся ў многіх людзей, і — можа, я правільна выбраў фокус-групу — мне казалі, што, наадварот, трэба рабіць. Трэба, каб пераключыцца, каб на дзве гадзіны не думаць пра тое, пра што думаю за межамі залы. І культура вельмі важная сваім тэрапеўтычным бокам. Яна як нейкі анальгетык у сітуацыі, калі ты знаходзішся ў спазме праз страх, неразуменне, адчай, няздольнасць дапамагчы блізкаму чалавеку або справе, — і вось ты можаш пераключыцца.

Добра, калі для кагосьці яшчэ гэта так працуе, таму што для мяне гэта працуе так.

І другая прычына: я разумею, што павялічваць колькасць людзей, якія спажываюць культурны прадукт, мне трэба акурат цяпер. Можна 20 гадоў чакаць — або 20 гадоў гадаваць. Калі ёсць магчымасць рабіць цяпер, трэба рабіць цяпер.

— Тады ў мяне іншае пытанне, сугучнае з тым, пра што ў вас пыталіся каментатары на канале: Мікіта, чаму толькі цяпер? Мы ўсе чакалі, калі вы створыце такі канал!

— Першая прычына — прафдэфармацыя музейнага супрацоўніка. У музеі час бяжыць інакш, ты наогул як быццам з яго выключаны. Будуеш планы, марыш, але не рэалізоўваеш іх. Дзякуй, што звольнілі мяне, — час пайшоў у нармальным тэмпе, мяне выкінулі ў бурны свет, дзе ўсё пастаянна змяняецца.

Любить искусство и всё равно быть популярным. Никита Монич запустил ютуб-шоу
Мікіта Моніч / Еўрарадыё

Другая прычына — мне здавалася, што відэа — гэта зусім не тое. Не жывая экскурсія, не пастаянны кантакт са слухачамі. Да таго ж было страшна, што я не змагу з патрэбнай хуткасцю рабіць патрэбную колькасць новага. Экскурсія — гэта тое, што ты расказваеш раз за разам. А тут вымі ды палажы кожны раз новы кантэнт.

Усё ідзе ў разрэз са звыклымі мне стэрэатыпамі. Як праходзяць экскурсіі? Ты прыйшоў у залу, і там вісіць тое, што вісіць. Ты выбіраеш з аб'ектаў, павешаных тут іншымі, і з гэтых кавалачкаў лепіш свой наратыў. Памятаю, калі я пачынаў некалькі гадоў таму рабіць дзіцячыя лекцыі, гэта быў сапраўдны жах. Пачынаеш рыхтаваць лекцыю і разумееш: я што, магу ўзяць наогул любую карцінку?

Каранавірус, звальненне, сталенне і псіхатэрапія разам прывялі да таго, што я выспеў для новага праекта.

— Ствараючы такі канал, вы не толькі мастацтва папулярызуеце, але і беларускі ютуб развіваеце. Як каманду набіралі?

— Каманда — не мая заслуга. Тэхнічны касцяк каманды быў. І хлопцы прапанавалі мне рабіць праект. Маўляў, прыкольны чувак, Мелказёраў [Мікіта Мелказёраў — аўтар канала "Жизнь — малина". — Еўрарадыё] цябе нам паказаў. Пагналі!

Мая мэта — пашырэнне рынку. Я глыбока перакананы, што прапанаванне культуры ў нашым грамадстве перавышае попыт. Адкуль растуць усе гэтыя пытанні пра адсутнасць інстытута крытыкаў, высокакваліфікаваных менеджараў культуры? Тут няма спажыўца.

— Або, як вы жартуеце ў лекцыі, спажыўцоў усяго "тры адсоткі".

— Ды гэта нават не жарт! Гэта праўда, іх сапраўды тры адсоткі. Жарт — гэта калі мы казалі "Саша 3%": рэйтынг Лукашэнкі вышэйшы. А спажыўцоў музейнага кантэнту на самай справе ўсяго тры, уключаючы тых, каго загналі не па сваёй волі, — школьнікаў.

Гэта значыць, трэба зрабіць так, каб іх было сем адсоткаў. У тым ліку таму, што я — чалавек, які існуе ў якасці пасярэдніка паміж творцам i публікай. Я з гэтага жыву. І мне трэба, каб як мага больш людзей спажывалі культуру, і я знайду ў гэтым сваё месца.

Любить искусство и всё равно быть популярным. Никита Монич запустил ютуб-шоу
Як Мікіта Моніч "вырошчваў" спажыўцоў мастацства / Вікторыя Алтарцава, Facebook

Хто канкурэнты музеяў і тэатраў? Гандлёвыя цэнтры, мультыплекс-кінатэатры і вялікі і жахлівы інтэрнэт. Можна крактаць і казаць, што інтэрнэт нам усё псуе, або пайсці ў інтэрнэт і выкарыстоўваць яго як пляцоўку для рэкламы — сябе і таго, што лічыш важным. Праграма максімум — уцягнуць новых людзей у спажыванне культуры, ад чаго выйграюць усе: і вы, і я, і ўсё грамадства.

Адчуваеш сябе вэбкам-мадэллю ад свету прыгожага. Вельмі не хапае рэакцыі. Я многае выбудоўваю не толькі на тым "што", але і на тым "як". А ў выпадку з праграмай на ютубе ты адпраўляеш жарт у космас — і толькі халоднае рэха ў адказ даносіцца. Але чалавек — адаптыўная істота, я прывыкаю.

Цяпер у асноўным працую, прапісаўшы загадзя сцэнар. І гэта жудасна, вельмі складана, гэта наогул асобны навык.

Раней было так: збіраешся чытаць лекцыю, ведаеш, што ў цябе паўтары гадзіны, ведаеш, што за дзве ты справішся. Назбіраў сабе 40 старонак матэрыялу — і з гэтага ў працэсе лекцыі нешта нарадзілася. Ёсць магчымасць зрабіць паўзу, пажартаваць.

 

Любить искусство и всё равно быть популярным. Никита Монич запустил ютуб-шоу
Мікіта Моніч / Еўрарадыё

Да таго ж класна жартаваць "аб нешта". Вось ёсць карціна. Яна фізічна існуе з табой у прасторы. І ты падзяляеш з публікай досвед, вы разам глядзіце на яе, вы ўзаемадзейнічаеце. Гэтага не стае.

— А ці варта чакаць на канале не толькі лекцый, але і гасцей? Мікіта Моніч будзе браць інтэрв'ю пра мастацтва?

— Гэта цікава, але гэта як чытаць Муракамі ў 2010-х. Усе чыталі Муракамі ў "дзясятых", цяпер усе ва ўсіх бяруць інтэрв'ю. Я хацеў бы, хутчэй, дадаваць у лекцыі некаторыя эксклюзіўныя матэрыялы, хацеў бы, каб была магчымасць узяць каментар з першых вуснаў. Напрыклад, мне вельмі хацелася б у адной з серый расказаць пра беларускага ілюстратара Паўла Татарнікава. І пагаварыць з ім.

Але для гэтага трэба адчуваць сябе ўпэўнена тэхнічна. Не проста запісаць у студыі гаваркую галаву. Дарасцём — будзе.
 

"Музей больш, чым усякі яго супрацоўнік і ўсякі яго артэфакт"

— Ужо ж была "гадавіна" звальнення з Нацыянальнага мастацкага музея?

— Так, нядаўна на фэйсбуку прыйшоў напамін: той самы верш я напісаў 17 чэрвеня. Даведаліся пра гэта яшчэ праз два тыдні. Гэта такая засечка, азіраючыся на якую, разумееш: ва ўсім вакол адбыліся тэктанічныя змены. Здаецца, што шарсцістыя насарогі да таго дня, калі я звольніўся з музея, бліжэй, чым цяперашні час. А ўсяго год прайшоў.

За гэты час я разабраўся са сваёй карцінай свету, з самаўспрыманнем. Але незразумела, у чым сапраўдная прычына: асяроддзе, падзеі, якія адбыліся, або ўсвядомленыя дзеянні і праца з псіхолагам.

Я стаў гатовы да свядомага руху ў якісьці бок. Не проста "мне сказалі правесці экскурсію — і я яе правёў". Да нейкіх больш складаных цікавых рэчаў. А гэта патрабуе большай адказнасці. Мне здаецца, многія вакол мяне пасталелі, і я ў тым ліку.

— Але мерапрыемствы, якія праводзіць Нацыянальны мастацкі, па-ранейшаму рэгулярна рэкламуеце ў сацсетках. А на вашым ютуб-канале ў рубрыцы "хатняга задання" будзе рэкамендацыя схадзіць менавіта ў гэты музей?

— Я шчыра спадзяюся, што так, хоць пакуль мне псіхалагічна складана гэта зрабіць.

Я ведаю, што там адкрылася выстава авангарду "Званковы валет". У нас — у сэнсе, у іх — у Мастацкім музеі сабраная цудоўная калекцыя рускага мастацтва, у тым ліку авангарду.

Але я, зайшоўшы ў музей паабедаць, спецыяльна не пайшоў на яе глядзець — каб не ведаць, наколькі яна добрая. Таму што тады я здымаю пытанне, ці варта ўключаць яе ў эпізод праграмы на канале.

— А паабедаць па-ранейшаму прыходзіце ў музей?

— Хвілінка рэкламы: у "Арт-кавярні" за маленькія грошы — вялікія порцыі, і вельмі смачна!

Гэта месца я люблю і буду любіць заўсёды. Нядаўна ў музеі размяшчаліся праекты "Чырвоны — код нацыі" і "Чаму ты мяне пакінуў". Цудоўна зроблена! І я пісаў пра гэта ў фэйсбуку, гэтыя праекты — за межамі ацэначных выказванняў, на іх трэба ісці. І пра такія прадукты я буду пісаць у кожным разе.

З большасцю работнікаў у мяне выдатныя адносіны. Я квазіўнучок наглядчыкаў музея, мы маем з імі вельмі цёплыя зносіны. Ёсць цэлы шэраг дэпартаментаў, з якімі звязваюць адносіны з людзьмі.

Але музей — гэта больш, чым усякі з тых, хто ў ім працуе, і ўсякі з прадметаў, якія ў ім знаходзяцца. Гэта вечны кампендыум, які існуе і будзе існаваць заўсёды, і для гэтага яго павінен падтрымліваць вялікі, складаны калектыў супрацоўнікаў.
 

Культурнага кантэнту заўсёды будзе больш, чым можа змясціць ютуб

— У першым выпуску праекта вы расказваеце, чаму мы жывём у эпоху рамантызму, паказваеце шмат шэдэўраў гэтага перыяду. За апошні год таксама было створана шмат. Праз дзесяць гадоў пра "пратэставае мастацтва" можна будзе расказаць у лекцыі пра рамантызм — або мы зразумеем, што шмат што з гэтага было "своечасова", а не "геніяльна"?

— Мне падабаецца анекдот пра тое, як робяць караблі ў бутэльцы. Бяруць бутэльку, засыпаюць туды ўсякае смецце, заліваюць клей, трасуць. Атрымліваюцца розныя штукі і часам — караблі.

З мастацтвам так і адбываецца. У грамадстве ёсць пул людзей, якія рэагуюць на тое, што адбываецца ў іх жыцці і ў жыцці грамадства, вырабляючы культурны прадукт. Карціна, тэкст песні, музыка, спектакль, кніга — усе гэтыя творы ёсць адлюстраваннем нейкай часткі грамадства. І мы пакуль не можам зазірнуць з будучыні і зразумець, якія з гэтых твораў будуць адлюстроўваць нашу эпоху выразна і ярка.

Любить искусство и всё равно быть популярным. Никита Монич запустил ютуб-шоу
Мікіта Моніч / Еўрарадыё

Шмат чаго не застанецца. Ёсць людзі, якія маюць густ і навык вызначаць вечнае. Я не такі, з мяне не атрымаўся б калекцыянер мастацтва.

Для сябе я вызначаю так. Напрыклад, песню "Правілы" гурта Nizkiz мы спяваем усёй сям'ёй. І мы спяваем пра асабіста перажытае. Калі маё дзіця вырасце і ў ім гэтая песня будзе іграць падобнымі па сіле фарбамі, значыць, склаўся канон. Але ці будзе гэта так? На жаль, я не ўмею вызначыць гэтага цяпер.

Мне здаецца, праз пару гадоў будуць створаны знакавыя працы, якія будуць падводзіць вынік не сітуацыі, а самому факту таго, што яна адбылася. Я раблю гэтую выснову з таго, што многія хрэстаматыйныя працы, прысвечаныя знакавым падзеям мінулага, ствараліся не ў моманце, а праз год ці нават пяць гадоў пасля падзеі.

Наш час паскорыўся, таму, магчыма, яны ствараюцца ўжо цяпер. Але найлепшае наперадзе.

І цяпер у Беларусі мастацтва працягвае жыць. Адкрываюцца выставы — розныя па якасці, але часам бліскучыя. І я б не хацеў замыкацца толькі на выставачных прасторах.

Культурнага кантэнту заўсёды будзе больш, чым можа змясціць ютуб. Пытанне ў тым, ці будзе попыт. Гэтыя 15 тысяч праглядаў на канале — гэта ў тым ліку вынік не якасці кантэнту, а сацыяльнага багажу, усіх праведзеных мною экскурсій, усіх прачытаных лекцый.

Гэта ў тым ліку вынік майго інтэрв'ю Мікіту Мелказёраву і таго, што на беларускі кантэнт у цэлым цяпер ёсць попыт. Як будуецца цяпер спажыванне кантэнту беларусамі? Чалага ты ўжо паглядзеў. Урыўкі перагледзеў у экстрэмісцкіх каналах. Кац пра Беларусь ужо не расказвае. Што глядзець? Так рукі могуць дайсці нават да культуры.

— Дарэчы пра тое, што глядзець: у канцы першай серыі вы адпраўляеце беларусаў глядзець экспазіцыю ў галерэі "Арт-Беларусь". Каб паглядзець у твар першай жанчыне беларускага пратэсту?

— Карціна — гэта заўсёды люстэрка. Толькі мы надзяляем яе сэнсам. Калі мы глядзім на карціну Макоўскага "Балгарскія пакутніцы", дзе агідныя закарузлыя чувакі збіраюцца гвалтаваць прыгожых жанчын, мы можам знайсці любы сэнс, акрамя адсылкі да падзей балгарскага паўстання.

Любить искусство и всё равно быть популярным. Никита Монич запустил ютуб-шоу
"Ева", Хаім Суцін [злева] / Еврорадио

Мастацтва адлюстроўвае тэндэнцыі ў грамадстве. Сёння грамадству зручней і карысней глядзець у люстэрка твораў мастацтва мінулага, яно шмат важнага пра сябе можа зразумець. Трэба сутыкацца з мастацтвам, каб зразумець, што адбываецца цяпер.

— А анлайн- і афлайн-фарматы будуць перасякацца? Ці можна будзе, выконваючы "хатняе заданне" з чарговай серыі, прыйсці ў тую самую галерэю "Арт-Беларусь" і паслухаць рэальнага Мікіту Моніча?

— На жаль, умяшчальнасць пляцовак абмежаваная, а мінулы раз да мяне на лекцыю прыйшло 140 чалавек. Але ў будучыні, магчыма, мы зробім аўдыягід для музеяў. Гэта можа быць адным з варыянтаў манетызацыі кантэнту канала.

Пакуль што мая задача — быць пасярэднікам паміж аўдыторыяй і культурнымі прадуктамі і быць карысным для абодвух гэтых бакоў. Ці атрымаецца — не ведаю. Але ў мяне ёсць яшчэ адна важная мэта.

Я хачу, каб у гэтую сферу прыйшлі іншыя людзі, якія скажуць: чувак, ты робіш не тое, мы пакажам, як трэба. І сфармавалася канкурэнцыя. Каб цвілі сто кветак, развіваліся сто школ, каб чалавек расказваў пра тэатр, і гэта было шоу, і ўсе хадзілі паслухаць.

У нас ёсць непараўнальна больш падкаваныя даследчыкі, чым я. І я хачу, каб з іх пачалі фармавацца медыйныя публічныя людзі. Для гэтага ўжо ёсць рэсурс, ёсць дастаткова людзей, гатовых плаціць за займальную адукацыю.
 

Мікіта Моніч адказвае на пытанні каментатараў ютуба

— Чаму не па-беларуску?

— Так, на жаль, не па-беларуску. І я не ведаю, ці будзе калі-небудзь па-беларуску. Але ў трэцім выпуску, прынамсі, прагучыць беларуская паэзія.

— Калі наступны выпуск?

— У панядзелак!

— Што ж далей?

— У наступным выпуску раскажу пра тое, як з'явіліся музеі. І што стала б з калекцыяй марак Зянона Пазняка пры Віктару Бабарыку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі