Лявон Вольскі: “Крамбамбуля Сьвяточная” – песні для пазітыўных застолляў

“Еўрапейскае радыё” на прэзентацыі кружэлкі “Крамбамбуля.Сьвяточная”
“УРА, тав΄арышы( ці правільна таварышы΄?) – першая пяцігодка скончылася!” – з такіх словаў пачалася урачыстая прэзентацыя новага альбому “Крамбамбулі” пад назвай “Сьвяточная”.
Увогуле, усё мерапрыемства было вытрымана ў духу савецкага часу з праекцыяй на сучаснасць. Да таго ж, з тонкім намёкам, што не так ужо і далёка адыйшло нашае грамадства ад савецкага ладу жыцця. Перад уваходам у рэстаран “Савецкі” – асабіста я, напрыклад, нават і не ведаў, што такі ёсць у Мінску — гасцей сустракала дзяўчына ў нацыянальнай вопратцы з хлебам–соллю.

Побач на імправізаваным стале была выкладзена прадукцыя Узорнай Эксперыментальнай гаспадаркі (узэкга) Крамбамбуля – так, дарэчы, называюць сябе самі музыкі — якая вельмі нагадвала звычайны спажывецкі кошык савецкіх часоў: гарошак у шкляным слоіку, кілька ў тамаце, “Беламор” і гэтак далей.

Як паведамляе друкаваны орган Узэкга “Ураджай”, сама гаспадарка была заснавана пасля праслухоўвання “алкагольных па змесце (але антыалкагольных па сутнасці) песень хутарскога хлопчыка Лявончыка з вуліцы Паўла Волі”.

Вось тады і вырашылі крамбамбульцы, што далей столькі піць і тужыць нельга. “Што трэба працаваць і памнажаць пазітыў, як бы цяжка ні было. Бо цяжка будзе заўжды, пакуль некалі не стане лёгка ад разумення таго, колькі добрага было зроблена, калі было цяжка”. У выніку і нарадзілася музыка пад назваю “Крамбамбуля. Сьвяточная.”

Нагадаем, што за першыя 2,5 гады існавання “Крамбамбуля” выдала тры альбомы: “Паўлітры добрага настрою”, “Крамбамбуля 1,5. Каралі раёну” – быў запісаны разам з музыкамі Сяргеем Міхалком, Аляксандрам Кулінковічам і Гюнеш Абасавай. Абяцанне выдаць “Крамбамбулю Сьвяточную” прагучала падчас рэлізу “Радыё Кпамбамбуля 0,33 FM” два гады таму. Музыкі зазначаюць, што новы альбом – адзіная плытка, над запісам якой каманда крамбамбульцаў магла працаваць колькі заўгодна па часе.

“Еўрапейскае радыё” пацікавілася ў заснавальніка “Крамбамбулі” Лявона Вольскага, у якой жыццёвай сітуацыі павінны гучаць такія песні:

“Я ведаю людзей, якія за сталом падчас нейкіх святкаванняў слухаюць “Крамбамбулю”. Нам, напрыклад, неаднаразова даводзілася граць нашыя песні на вяселлях. У прынцыпе, гэтыя песні нармальна пасуюць для такіх пазітыўных застолляў. Але ж, канешне, не для такіх, дзе б’юцца ды лаюцца; не для брутальных”.

На думку спадара Вольскага, праект “Крамбамбуля” задумваўся з самага пачатку як адарваны ад рэчаіснасці, але з цягам часу пераўтварыўся ў нешта большае:

“Напачатку адрозненне было ў тым, што мы спрабавалі рабіць праект цалкам для адпачынку. Без ніякіх падтэкстаў, апярэджваючы перамогу дабра і справядлівасці ў нашай краіне. Так, мы рабілі праект, адарваны ад рэчаіснасці, ад соцыуму і палітыкі ўвогуле. Але, як паказала практыка, раней ці пазней гэта пачынае прасякацца. Так, на апошнім дыску ўсё ж такі можна пачуць некаторыя алюзіі і перакрыжаванні з рэальным жыццём”.

Сапраўды, песні з новай “Крамбамбулі” проста прасякнутыя чыстым пазітывам. Да таго ж прымеркаваны кожны трэк да нейкага свята. Як адзначае газета Узэкга “Ураджай”, калі разглядаць святы на бытавым узроўні, то гэта проста выходныя. Але ж калі спяваеш пра іх, заглядаеш у іх гісторыю і сучасныя праявы, дык часам робіцца вельмі сумна.

Галоўнае, што пазітыву значна больш, і ён перамагае. Таму на працягу ўсяго года кожны чалавек здолее знайсці музыку пад адпаведны настрой. На погляд Еўрарадыё, менавіта зараз можна заклікаць беларусаў: “Слухай сваё!”

Фота — часопіс РИО


Разам з Еўрарадыё вы можаце адчуць атмасферу “Крамбамбулі.Сьвяточнай”. Ніжэй прыведзены ўрыўкі з некалькіх песень новага альбому:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі