Лукашэнка збірае антыкрызісную каманду?

Замены міністраў кранулі праблемныя Мінпрам, Мінтранс, Мінспорту і Мінпрыроды. Усе новыя кіраўнікі маладзейшыя за сваіх папярэднікаў. Але ці аргумент гэта ў змаганні з эканамічным крызісам? Міністэрствам прамысловасці з 26 чэрвеня кіруе Аляксандр Радзевіч, які дагэтуль узначальваў “Гродна Азот” — буйное і адносна стабільнае прадпрыемства. “Ратаваць” Міністэрства прыроды прызначаны Ўладзімір Цалко, былы намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях. Таксама Ўладзімір Рыгоравіч ўзначальваў Камітэт па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Ці спатрэбіцца гэты досвед, каб змагацца з наступствамі крызісу?

На пасаду міністра транспарту прызначаны яго былы намеснік Іван Шчэрба. Самы ж значны кар’ерны скачок зрабіў 26 чэрвеня Алег Качан. З кіраўніка ўпраўлення фізкультуры, спорту і турызму Мінаблвыканкама ён ператварыўся ў міністра спорту і турызма.

Палітолаг Святлана Навумава мяркуе, што апошнія кадравыя перастаноўкі ў беларускім урадзе – гэта частка паслядоўных намаганняў Аляксандра Лукашэнкі па амаладжэнні сваёй каманды:

Святлана Навумава: “Наколькі я разумею, ён вядзе паслядоўную палітыку абнаўлення сваёй каманды. Прыводзіць новае пакаленне мэнэджэраў у кіраўніцтва”.


Сапраўды, новы міністр прамысловасці на 6 гадоў маладзейшы за Анатоля Русецкага, якога замяніў. Новы міністр транспарту на 2 гады маладзейшы за свайго папярэдніка Ўладзіміра Сасноўскага. Новы міністр спорту і турызму Алег Качан нашмат маладзейшы за Аляксандра Грыгарава, што нарадзіўся аж у 1948 годзе. І нават Уладзімір Цалко, які нарадзіўся ў 1952 годзе, на 1 год маладзейшы за былога міністра Лявонція Харужыка.

Праўда, былы дэпутат Сяргей Гайдукевіч заўважае, што для барацьбы з крызісам патрэбныя хутчэй не кадравыя ракіроўкі, а праграмы дзеянняў:

Сяргей Гайдукевіч: “З крызісам змагаюцца праграмамі, трапнымі ідэямі і пытаннямі. Мы пазней за ўсіх увайшлі ў крызіс, і, мабыць, не хацелася б, каб мы пазней за ўсіх выйшлі з яго!”


Але ці знойдзецца праграма антыкрызіснага кіравання Мінспортам ва ўчарашняга чыноўніка Мінаблвыканкаму Алега Качана? Што ён зможа супрацьпаставіць адсутнасці спартовых школаў, няздольнасці беларускіх клубаў фінансаваць свае паездкі ў Еўропу і іншым праблемам, акрамя сваёй маладосці?

Гродзенскі журналіст Павел Мажэйка сумняецца ў здольнасцях кіраваць крызісам былога кіраўніка ТАА “Гродна Азот” і сённяшняга міністра прамысловасці Аляксандра Радзевіча:

Павел Мажэйка: “Наколькі я ведаю, апошнімі месяцамі там адбываліся звальненні рабочых са спадарожнікавых прадпрыемстваў, якія абслугоўвалі “Азот”. Але для мяне больш характэрна тое, што незалежны прафсаюз на “Азоце” цяпер налічвае некалькі дзесяткаў чалавек, а раней было некалькі сотняў, даходзіла і да тысячы!”

Такім чынам, Мінпрам 26 чэрвеня атрымаў гаспадарлівага, але аўтарытарнага кіраўніка. Але, на думку сп. Мажэйкі, каб змагацца з крызісам, хутчэй патрэбныя кіраўнікі з вольным мысленнем:

Павел Мажэйка: “У сённяшняй крызіснай сітуацыі якраз патрэбныя людзі, здольныя адстаяць сваю пазіцыю нягледзячы на супярэчнасці з уладай. Але такія людзі сённяшняй уладзе не патрэбныя. Таму гэтыя прызначэнні выглядаюць як звычайнае затыканне дзірак. Пошук сярод тых, хто больш лаяльны, а не больш эфектыўны”.

Фота: www.camarade.biz

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі