Вы тут

Лукашэнка — у Шклове: далажыце мне ўсе рычагі ўздзеяння на Чэхію!

Лукашэнка на шклоўскім прадпрыемстве / president.gov.by

24 студзеня падчас наведвання ў Шклове завода газетнай паперы Аляксандр Лукашэнка абурыўся паводзінамі чэшскага інвестара. На прадпрыемстве так і не быў рэалізаваны інвестыцыйны праект па стварэнню паперы, з якой вырабляюцца дэкаратыўныя матэрыялы. Дырэктар завода паабяцаў, што да канца года абсталяванне паставяць, усталююць і увядуць у эксплуатацыю.

— Вы ўпэўнены, што ў вас атрымаецца? — спытаўся Лукашэнка.

— Так, — адказаў дырэктар.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што дырэктар і "яго міністр" адказваюць "галавой". У той жа час кіраўнік дзяржавы даручыў Адміністрацыі прэзідэнта і ўраду "разабрацца" з чэшскай праблемай, інфармуе тэлеканал "Беларусь 1".

Лукашэнка: "Вы павінны мне дакласці ўсе рычагі ўздзеяння на Чэхію. Я гэтага не баюся! Мы іх павінны паставіць на месца. Так нельга адносіцца да краіны. І папярэдзьце [Уладзіміра] Макея (міністр замежных спраў якраз знаходзіцца ў адачынку — Еўрарадыё), я яму даручаў, калі прымаў даверчыя граматы чэшскага пасла. Пасол мяне зразумеў і сказаў: Гэта не вартае таго, каб мы сапсавалі адносіны з Чэхіяй.

Ці ж 12 мільёнаў долараў ці 10 мільёнаў еўра гэта грошы? Гэта не грошы. Тым больш яны ж разумеюць, што яны не маюць рацыі. Таму далажыце мне ўсе рычагі ўздзеяння на гэтую краіну. Іх хоць не шмат, але мы павінны паказаць, што трэба па-чалавечы адносіцца да камерцыйных і іншых праектаў. Гэта ўзаемаадносіны дзяржаў. Мы ніколі з Чэхіяй не мелі праблем. Тым больш, я папрасіў пасла: займіцеся гэтым, здыміце гэтую праблему!".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.