Вы тут

Лукашэнка: пра якую можна далейшую інтэграцыю гаварыць?!

pixabay.com

Аляксандр Лукашэнка выказаўся на тэму праблемных пытанняў у беларуска-расійскіх адносінах. 5 снежня ён сустракаўся ў Палацы Незалежнасці з дэпутатамі і сенатарамі шостага і сёмага скліканняў, а ўжо 6 снежня збіраецца ляцець у Сочы на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным. Чакаецца, што яны будуць разглядаць падрыхтаваныя дакументы ("дарожныя карты") аб "паглыбленні інтэграцыі".

"Пра якую можна далейшую інтэграцыю гаварыць, калі дагэтуль няма дамовы пра пастаўкі прыроднага газу? цытуе словы Лукашэнкі sb.by. — Хаця пра гэта дамовіліся даўно, і ўрады нашы правалілі гэтыя дамоўленасці, не па віне беларускага ўраду".

Акрамя адсутнасці дамовы па пастаўках газу, беларускі кіраўнік згадаў, што "не вырашаны пытанні па нафце". Эмацыйна Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра праблему "бруднай" нафты, якая вясной трапіла з Расіі ў трубаправод "Дружба" ў Беларусі. Ён лічыць, што гэта "элементарнае пытанне". Як вядома, беларускі бок спадзяецца атрымаць годную кампенсацыю за нанесеныя страты.

"Мы лічым, а яны [расійскі бок] робяць выгляд, што гэтай "бруднай" нафты няма, — гаварыў Лукашэнка. — А мы ж правалілі валавы ўнутраны прадукт у асноўным з-за нафтавых праблем, таму што да нашай нафтаперапрацоўкі прывязаная нафтахімія".

Згадаў кіраўнік дзяржавы і закрыццё Расіяй свайго рынку (пастаяннае ці перыядычнае) для беларускіх тавараў. "Што гэта за адзіная эканамічная прастора? — абураўся Аляксандр Лукашэнка. — Пытанне будзе пастаўлена жорстка".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.