Лукашэнка — пра новую Канстытуцыю: у Беларусі не будзе, як у Казахстане

Аляксандр Лукашэнка / tvr.by
Аляксандр Лукашэнка / tvr.by

Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 19 красавіка са штогадовым пасланнем беларускаму народу і парламенту, заявіў, што ён бы не хацеў пакінуць цяперашні варыянт Канстытуцыі ў спадчыну свайму пераемніку. На думку кіраўніка краіны, этап, калі Беларусі патрэбная была такая моцная ўлада, ужо пройдзены:

"Мне часта задаюць пытанне: ці хацеў бы ты пакінуць гэтую Канстытуцыю свайму пераемніку? Я сумленна і наўпрост казаў: не, я б не хацеў. Ды мы і этап той ужо прайшлі, калі нам патрэбная была такая моцная ўлада, вось такая, як у нас ёсць. Не ўладай дзяліцца — улада непадзельная. Трэба нагружаць уладнымі паўнамоцтвамі іншыя структуры і галіны ўлады. Каб за эканоміку, да прыкладу, адказваў урад разам з парламентам. Нацыянальны банк не павінен быць убаку. Кантроль будзе ажыццяўляць той жа Камітэт дзяржаўнага кантролю, іншыя міністэрствы і ведамствы".

Пакуль новая канцэпцыя беларускай Канстытуцыі яшчэ не распрацаваная. На думку Аляксандра Лукашэнкі, казаць пра змены можна, калі будзе гатовая канцэпцыя зменаў:

"Прапановамі па карэктаванні Канстытуцыі займаюцца асобныя суддзі Канстытуцыйнага суда. Яны спецыялісты высокага класу, на якіх вялікая адказнасць за выверанасць і актуальнасць зменаў. Да вырашэння гэтай няпростай задачы прыцягнутыя грамадскасць і навукоўцы. Нядаўна я даручыў кіраўніку адміністрацыі прэзідэнта, грунтуючыся на рознага роду прапановах па Канстытуцыі, пачаць новы этап з дапамогай нашых навукоўцаў, пісьменных людзей і прадстаўнікоў грамадскасці. На наступным этапе мы падключым асобных прадстаўнікоў партыйных арганізацый і тых партый, што рэальна існуюць, каб гэта быў вывераны дакумент для абмеркавання на ўзроўні прэзідэнта. Мы не хочам вяртацца да таго, што было. І да таго, што не атрымалася ў нашых суседзяў. Трэба вучыцца на памылках.

Прыйдзе час, і мы разам з вамі сядзем за парту, возьмем школьныя ручкі і пачнём пісаць наш асноўны закон. Але ён будзе шмат у чым абноўлены, і гэты закон не тое што створыць новую палітычную структуру, ён будзе працягам таго, што мы з вамі зрабілі. Ад бяды бяды не шукаюць".

У новай Канстытуцыі функцыі кіраўніка дзяржавы будуць перагледжаныя. Адсылаючы да нядаўніх падзеяў у Казахстане, дзе ўжо былы прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў намінальна пакінуў свой пост, аднак пры гэтым застаўся пры ўладзе, кіраўнік краіны запэўніў, што ён не будзе рабіць спробаў "стварыць сістэму, што Лукашэнка быццам сышоў і не сышоў":

"Што тычыцца будучага кіраўніка дзяржавы. Ён павінен быць кіраўніком дзяржавы. Ён не павінен так шмат матацца па палях і фермах. Пакінуць функцыі і паўнамоцтвы прэзідэнту тыя, якія ён павінен выконваць як кіраўнік дзяржавы. Перш за ўсё кадравыя пытанні, падцягнуць палітычныя партыі, каб яны генеравалі нам на дзяржаўны ўзровень нармальных кіраўнікоў. Гэта не значыць, што мы будзем рабіць спробу стварыць сістэму, што Лукашэнка быццам сышоў і не сышоў. Гэтага ў краіне сапраўды не будзе, я абяцаю.

Я думаю пра будучыню сваёй краіны, а не пра сваю асабістую ўладу. Я ўжо наўладарыўся, перастаньце пра гэта пісаць. Вы не кампетэнтныя людзі, хто так думае. Мы разбяромся ў новай Канстытуцыі разам з вамі, якой яна павінная быць для нашых людзей", — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі