Вы тут

Лукашэнка перанёс штогадовае пасланне да народа і парламента

Авальная зала Дома ўрада / belarus.by

Штогадовае пасланне Аляксандра Лукашэнкі да народа і парламента перанесена на больш позні тэрмін. Традыцыйна Лукашэнка выступае з праграмнай прамовай у Палаце прадстаўнікоў у сярэдзіне красавіка. Але сёлета афіцыйнай інфармацыі пра пасланне пакуль няма.

Да канца красавіка засталося менш за 10 дзён. Калі меркаваць па графіку работы Палаты прадстаўнікоў, у гэтым месяцы дэпутаты ўжо не будуць збірацца ў Авальнай зале: на найбліжэйшыя дні запланавана работа ў камісіях, потым — чатыры выхадныя і работа ў выбарчых акругах.

Графік работы Палаты прадстаўнікоў / house.gov.by

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных расказаў Еўрарадыё, што дата паслання яшчэ не вызначана: "Яно, вядома, адбудзецца. Але будзе пазней, чым звычайна".

Іншыя дэпутаты, з якімі звязалася Еўрарадыё, таксама не валодаюць інфармацыяй пра дату паслання Аляксандра Лукашэнкі.

Яшчэ 26 сакавіка звязаны з адміністрацыяй прэзідэнта тэлеграм-канал "Пул Першага" пісаў, што работа над пасланнем "кіпіць" і "часу застаецца няшмат — тыдні тры". Інакш кажучы, пасланне, як звычайна, павінна было адбыцца ў канцы другой — пачатку трэцяй дэкады красавіка.

"Кажуць, структура ў першым набліжэнні ўжо ясная і некалькі тыдняў была на разглядзе першага [Аляксандра Лукашэнкі. — Еўрарадыё]. Часу застаецца няшмат, па нашых падліках — тыдні тры. Зрэшты, у цяперашні час прагнозы — рэч няўдзячная. Так што чакаем! Упэўненыя, і вы таксама ў чаканні. Сёлета нават мацней, чым звычайна".

Аднак за тры тыдні абстаноўка ў краіне сур'ёзна змянілася. Упалі цэны на нафту, а разам з імі і курс рубля да долара і еўра. Нарэшце было дасягнута пагадненне пра пастаўкі расійскай нафты ў 2020 годзе. Нашмат больш сур'ёзна выглядае цяпер сітуацыя з распаўсюджваннем каранавіруса ў Беларусі: з 26 сакавіка колькасць пацыентаў з пацверджаным COVID-19 павялічылася з 86 да 6264. Таму структуры паслання, якая "ў першым набліжэнні" была "ўжо ясная", відаць, спатрэбілася карэкціроўка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.