Лукашэнка: мяне найбольш хвалюе здароўе афіцэраў

Лукашэнка: мяне найбольш хвалюе здароўе афіцэраў

30 сакавіка Аляксандр Лукашэнка збіраў у Палацы Незалежнасці на нараду некалькіх кіраўнікоў сілавога блока. Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, прысутнічалі дзяржсакратар Саўбеза Андрэй Раўкоў, які агучыў даклад, міністр абароны Віктар Хрэнін і начальнік галоўнага разведупраўлення, намеснік начальніка Генштаба Узброеных сіл Павел Ціханаў. Гаворка ішла пра актыўнасць NATO каля беларускіх межаў.

"Пытанне рэагавання на тое, што адбываецца каля нашых межаў, — гаварыў Лукашэнка. — Гэта вучэнні NATO "Абаронца Еўропы 2020".

Маштабныя вучэнні NATO былі запланаваныя на красавік-травень 2020-га. Яны мусілі прайсці ў 10 краінах Еўропы, у тым ліку у Польшчы, Літве і Латвіі. Аднак распаўсюд каранавіруса не можа не ўнесці карэктывы ў гэтыя планы. Ужо вядома пра выяўлены каранавірус у дзясяткаў вайскоўцаў NATO у Літве. У Мінску не выключаюць, што вучэнні могуць быць перанесены на больш позні тэрмін.

"Я не хацеў бы, каб гэта ўспрымалі як бразганне зброяй з нашага боку, цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі тэлеграм-канал Пул Першага. — Мы на сённяшні дзень вучэнні NATO, якія праводзяцца ў непасрэднай блізкасці каля нашых межаў, так не ўспрымаем. Яшчэ і таму, што яны значна адступілі ад сваіх першапачатковых планаў".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў сілавікам, што яшчэ летась даручаў ім выпрацаваць "адэкватныя меры рэагавання". Але яны не павінны быць празмернымі, бо гэта "і грошы", падкрэсліў Лукашэнка. Таксама ён супраць "паказухі".

Не змог беларускі кіраўнік не згадаць пра сітуацыю з каранавірусам. Гаворка ішла пра беларускае войска і яго стан.

"Акрамя таго, хацеў бы, калі ўжо штодня [каранавірусны] псіхоз не спыняецца, каб некалькі слоў сказалі пра стан здароўя нашых вайскоўцаў, — гаварыў Аляксандр Лукашэнка сілавікам. —  Мяне найбольш цікавіць здароўе афіцэрскага складу. Таму што яны жывуць, як звычайна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі