Лукашэнка: Мінск стаў горадам для машын, а не для людзей

Лукашэнка: Мінск стаў горадам для машын, а не для людзей

Аляксандр Лукашэнка назваў адсталай інфраструктуру Мінска. Заява прагучала 20 снежня на нарадзе з актывам сталіцы, перадае БЕЛТА.

Па яго словах, Мінск стаў горадам для машын, і колькасць аўтамабілістаў пачынае зашкальваць. Кіраўнік дзяржавы адзначыў канцэнтрацыю транспарту ў цэнтры, загрузку ў час пік, экалагічнае ўздзеянне, высокі ўзровень аўтамабілізацыі. "У гэтых умовах асабліва турбуе тэма бяспекі людзей, асабліва дзяцей. Трэба вяртаць горад людзям. Ён павінен быць зручным для перамяшчэння перш за ўсё на грамадскім транспарце, электрасамакатах, роварах", — заявіў Лукашэнка. 

Кіраўнік Беларусі лічыць, што грамадскі транспарт не адпавядае сённяшнім патрэбам. Дапамагчы ў гэтай сітуацыі павінна метро, таму чатыры станцыі на трэцяй лініі трэба ўвесці ў эксплуатацыю ў 2020 годзе, і пажадана — у першай палове.

Лукашэнка звярнуў увагу на развіццё электратранспарту — як электробусаў, так і электрамабіляў. Асаблівую значнасць гэтае пытанне набывае ў сувязі з запускам БелАЭС. "Што тычыцца асабістага электратранспарту. Праз год уводзім станцыю, а ў Мінску дагэтуль няма ні зараднай інфраструктуры, ні комплексных правілаў яе размяшчэння, ні сур'ёзных стымулаў да стварэння", — абурыўся кіраўнік Беларусі.

Ён дадаў, што рашэнне транспартных задач для новага мэра Мінска як для былога міністра транспарту — справа гонару.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі