Вы тут

Лукашэнка: электраэнергіі ад адной АЭС нам нават мала будзе

Беларуская АЭС / Еўрарадыё

Беларусь можа сама цалкам выкарыстаць усю энергію, якую выпрацоўвае АЭС. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы віцэ-прэм'ера Юрыя Назарава, свайго памочніка Аляксандра Косінца і міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча.

"Хачу вас папрасіць, каб вы асабліва не тузаліся і не парыліся, як у народзе кажуць, з нагоды "ах, экспарт, лішняя энергія, няма куды падзець". Калі мы разумна развернемся, то нам яшчэ мала будзе гэтай электраэнергіі. Гэта суперчыстая крыніца энергіі, яна патрэбная ўсюды і ва ўсім: пачынаючы ад жылля да прамысловасці і самой атамнай станцыі", — перадае БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Ён заявіў, што пры неабходнасці ў краіне пабудуюць яшчэ адну АЭС. "У гэтым уся перспектыва", — дадаў Лукашэнка. 

Днямі ад закупкі беларускай электраэнергіі адмовілася Украіна. Сёлета ў першым квартале яна была адзіным пакупніком беларускай электраэнергіі і купіла на $23,9 мільёна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.