Лукашэнка: Беларусь перажывае самыя цяжкія часы (відэа)

У пятніцу Аляксандр Лукашэнка наведаў Камянецкі раён Брэсцкай вобласці. Ён сустрэўся з прадстаўнікамі працоўнага калектыва прадпрыемства "Белавежскі" і вяскоўцамі.

Лукашэнка спытаў у людзей, навошта ім долар і распавёў пра штаны без дзірак

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што не варта празмерна кіраваць працэсамі ў цэнаўтварэнні. "Я мог бы перад выбарамі сказаць: усё будзе добра і так далей, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Усё сапраўды будзе нармальна, мы не загінем. Але сёння не гэта галоўнае пытанне. Пытанне не ў цэнах і нават не ў заробку. Ідуць эканамічныя войны, найперш у фінансах".

Кіраўнік Беларусі нагадаў пра дэвальвацыю ў Расіі, Казахстане, Кітаі і падкрэсліў, што кіраўніцтва гэтых краін спрабуе выратаваць вытворчасць і самі дзяржавы. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, калі ў Беларусі "прытрымаць цэны", а вакол яны будуць расці, тады "спыніцца вытворчасць, і найперш прамысловасць". Таму "нам даводзіцца неяк бегчы за ўсімі астатнімі".

"Перажывем гэты год, думаю, наступны будзе лягчэйшым. Нават пры ўсіх гэтых негатывах... Мы перажываем самыя цяжкія часы", — сказаў Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што трэба "захаваць краіну для дзяцей", Беларусь не павінна зноў стаць рэгіёнам нейкай дзяржавы. Наша краіна будзе жыць у згодзе з Еўропай і Расіяй, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі