Litvintroll “Czornaja Panna”

Гэта вам не зборачка з 8 трэкаў, якія без шкоды для зместу можна замяніць на іншыя. Музыкі Litvintholl называюць свой альбом страшнай казкай, але насамрэч “Czornaja Panna” — гэта ніякая не казка, а сумнае і вусцішнае апавяданне, галоўная гераіня якога — Смерць.

У апісанні альбома на сайце ёсць параўнанне з Type O Negative, але з боку музыкаў гэта, хутчэй, жарт. Па напоры і насычанасці трылер ад Litvintholl нагадвае Amorphis і недзе нават прог-металістаў Dream Theatre. Але LT цяжэй і магутней. Часам ён па-нарвежску халодны, але ўплыву “ідэалагічных бацькоў” LT — Gods Tower і “Старога Ольсы” — хапае, каб растапіць лёд і кінуцца ў скокі. Ад GT у спадчыну “тролям” дастаўся гук, ад “СО” — дуда і “застольная” тэматыка, з адгалосся якой пачынаецца “Czornaja Panna”.

Бубны няўмольна пульсуюць у скронях, гітары — даюць жорсткасці, дуда — пранізлівасці і роздуму, клавішы — глыбіні. А калі дуда застаецца сам-насам з бубнамі — гэта разыначка гучання Litvintholl. Гэта адны з самых прыгожых і пяшчотных момантаў у песнях.

Слухаючы дуду, дыхаеш у поўныя грудзі. Але музыкі Litvintholl не рамантызуюць Смерць. Чорная панна з вокладкі альбома трымае сэрца басіста гурта Алега Клімчанкі, які сканаў летась на сцэне, падчас канцэрта, за некалькі дзён да заканчэння працы над альбомам. “Czornaja Panna” — гэта такая казка, якую распавядаюць шэптам.

Смерці — такой небяспечнай і такой прыцягальнай — Litvintholl адмаўляюць у прыгажосці. Яна на альбоме паўсюль: як непазбежнасць, як выпадковасць, як містычная наканаванасць. Ці проста як вынік таго, што тролі прыйшлі ў вёску па бражку. Прыдумляць амаль нічога не давялося: тутэйшыя спрадвеку спявалі пра Смерць у сваіх тужлівых баладах. У польскай народнай песні “Ліпка” музыкі захоўваюць аўтэнтычную мелодыку. А вось у “Камаровай смерці” дадаюць да “свайго” гучання электронных прыбабахаў і ўсходніх матываў.

Чым далей у лес — тым менш словаў. У трэку “Ad Astra” іх няма зусім… Пад бясконцыя медытатыўныя сола ў галаве ажываюць бабуліны казкі. Litvintroll знаходзіць рамантыку там, дзе яе, здавалася б, быць не павінна: у дарыцарскай эпосе цмокаў і волатаў, лесуноў і троляў. Не “Уладар пярсцёнкаў”, а вось гэтая паганская рамантыка спрадвеку цячэ па жылах тутэйшых.

Не нараджае беларуская зямля ёркаў, б’ёркаў і бэламі. Небагатая на бібераў і гагаў. Але не трэба плакаць, у паганскім метале мы наперадзе планеты ўсёй. Ён прарастае з нашай зямлі, жыве ў гушчары і ў дрыгве, разам з багнікамі і лесунамі. З адным з якіх мы і пакідаем вас сам-насам. І тое, што гэты лясун не любіць нечаканых гасцей — зусім не нашы праблемы…

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі