Літва заявіла пратэст з нагоды закрыцця ў Беларусі дзвюх літоўскіх школ

Літва заявіла пратэст з нагоды закрыцця ў Беларусі дзвюх літоўскіх школ

Літва заявіла пратэст Беларусі з нагоды прыбірання ў школах вёсак Рымдзюны і Пялеса літоўскай мовы з 1 верасня. Падчас паседжання пастаяннай рады АБСЕ часовы прадстаўнік Літоўскай Рэспублікі пры міжнародных арганізацыях у Вене Ніда Якубонэ заявіла, што афіцыйны Мінск парушае міжнародныя абавязальніцтвы і абавязальніцтвы АБСЕ па забеспячэнні адукацыі на мовах нацыянальных меншасцяў. Дзеянні беларускіх уладаў негатыўна паўплываюць на адукацыйныя і моўныя правы нацыянальных меншасцяў.

"Гэта першы крок да закрыцця школ нацменшасцяў у Беларусі", — падкрэсліла Якубонэ.

Вярхоўны камісар АБСЕ па справах нацыянальных меншасцей Кайрат Абдрахманаў заклікаў улады Беларусі перагледзець сваё рашэнне і забяспечыць адэкватнае выкладанне моў нацыянальных меншасцей.

Пра тое, што літоўскія школы ў Беларусі мусяць быць пераведзены на беларускую ці расійскую мовы, стала вядома напрыканцы красавіка. З 1 верасня літоўская мова застанецца толькі прадметам.

Школа ў Рымдзюнах была пабудаваная ў 1996 годзе на літоўскія сродкі. Пялеская школа ўтрымліваецца за кошт сродкаў літоўскага міністэрства адукацыі. У міністэрстве падкрэсліваюць, што калі беларускія ўлады не адменяць сваё рашэнне, школа перастане падтрымлівацца Літвой.

У Пялескай школе налічваецца 127 вучняў і 23 настаўнікі, 11 з якіх з'яўляюцца грамадзянамі Літвы. У Рымдзюнскай — 82 вучні і 18 настаўнікаў, 14 з якіх з'яўляюцца грамадзянамі Літвы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі