Лідары па штрафах: у Лябедзькі — 21 мільён рублёў, у журналіста — 39 мільёнаў

Лідары па штрафах: у Лябедзькі — 21 мільён рублёў, у журналіста —  39 мільёнаў

Ад пачатку леташняй прэзідэнцкай кампаніі нікога з удзельнікаў ці арганізатараў “несанкцыянаваных мерапрыемстваў” суд не пакараў “суткамі”. Не, пратаколы міліцыянеры па-ранейшаму ўпарта складаюць, але пакаранне для ўсіх аднолькавае — вялікія штрафы. 

Лідары па штрафах: у Лябедзькі — 21 мільён рублёў, у журналіста —  39 мільёнаў

“Беларуская міліцыя знайшла новы прымальны алгарытм рэагавання на несанкцыянаваныя акцыі апазіцыі, які задавальняе і ўлады, і Захад, ні адно выступленне не ігнаруецца, пратаколы складаюцца", — шчыра прызнаецца міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч.

Такім чынам, цяпер “алгарытм” наступны: міліцыя складае адміністрацыйныя пратаколы і перадае іх у суд, дзе ўдзельнікаў акцый штрафуюць. Відаць, разлік на тое, што пагроза ўдару па сямейным бюджэце будзе больш дзейснай, чым пагроза правесці колькі сутак за кратамі. Ну, і для дзяржаўнага бюджэту карысць… Але як вынікае з падлікаў Еўрарадыё, не апазіцыянеры больш пакутуюць ад новага “алгарытму рэагавання” беларускай міліцыі.

Для пачатку цікаўлюся, колькі штрафаў атрымалі цягам апошніх месяцаў галоўныя завадатары вулічных акцый пратэсту: Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька і Уладзімір Някляеў.

Па вызваленні з турмы 22 жніўня Мікола Статкевіч ладзіць у Мінску шэраг акцый:10 верасня, 23 верасня, 4 кастрычніка, 10 кастрычніка, 29 кастрычніка. За кожную з іх на палітыка складаецца пратакол, а суд штрафуе. Сумы немаленькія — па 9 мільёнаў рублёў. Потым былі яшчэ пратаколы за ўдзел у “акцыях прадпрымальнікаў”. Вось толькі сказаць, колькі ўсяго было тых пратаколаў, і назваць агульную суму прысуджаных штрафаў палітык не можа. Бо ніводны не аплачваў і не збіраецца.

“А мяне ніводнага разу законным чынам не запрасілі у суд! — разводзіць рукамі Мікола Статкевіч.

Лідары па штрафах: у Лябедзькі — 21 мільён рублёў, у журналіста —  39 мільёнаў

— Мне шлюць смскі, толькі я на гэта не рэагую: гэта, мабыць, хакеры жартуюць. За папярэднія акцыі ў мяне было, калі не памыляюся, каля 40 мільёнаў штрафу, але я не плачу: я ніякіх законных рашэнняў суда па сабе не маю, я нічога не парушыў.

Кажа, на сёння мае яшчэ адну смску ад “хакераў”, і там “пазначаныя дзве даты — 22 і 26 лютага”. Ісці Статкевіч не збіраецца. І плаціць. Кажа: "Хай прыходзяць і маёмасць апісваюць — у мяне ўсё адно нічога няма". Маёмасці ў палітыка і сапраўды няма, але ёсць вайсковая пенсія, і калі судовае рашэнне прынятае, то плаціць усё адно давядзецца: будуць з пенсіі адсоткаў па 20 штомесяц утрымліваць. Адначасова зробяць невыязным.

Кажа, што не падлічваў агульную суму атрыманых за апошні час штрафаў, і лідар АГП Анатоль Лябедзька. Памятае толькі, што ў 2015 годзе ў яго было ці то 7, ці то 8 судовых працэсаў. За год 2016 у палітыка больш дакладныя звесткі.

“За салідарнасць з прадпрымальнікамі пікет і перадачу звароту ва ўрад — 50 базавых, за салідарнасць з журналістам tut.by і маладзёнамі, якіх збілі ў судзе, — 50 базавых (па 10,5 мільёнаў рублёў кожны прысуд – Еўрарадыё). І цяпер у мяне яшчэ дзве позвы ў суд”.

Лябедзька штрафы аплачвае. Праўда, не з уласнай кішэні. Кажа, што “пакуль абыходзяцца тым, што людзі ахвяруюць”. І калі раптам у падатковай з’явяцца да палітыка пытанні пра паходжанне грошай на аплату штрафаў, то яму ёсць што паказаць: спіс людзей, якія грошы ахвяравалі.

Уладзімір Някляеў таксама не можа дакладна назваць ні колькасць выпісаных яму штрафаў, ні іх агульную суму. Кажа, было іх “штук шэсць, агулам на суму “мільёнаў у 30, а то і болей”. Нейкія палітык аплаціў з уласнай кішэні, на нейкія людзі скідваліся. Папер для падатковай, якія б даказвалі, што грошы на штрафы яму людзі давалі, у Някляева няма. Што будзе ў такім выпадку казаць? “У мяне на гэта прэмія Гедройца ёсць — хай такім тлумачэннем задаволяцца!” — рэзка адказвае на пытанне палітык-пісьменнік.

Калі паглядзець на спіс пакараных за, да прыкладу, першыя два месяцы гэтага года, то там апроч Антоля Лябедзькі яшчэ 14 чалавек. Усіх пакаралі за “парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў” і “непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы” (так званая “справа графітыстаў” — Еўрарадыё). Штрафы ад 3 мільёнаў 150 тысяч рублёў да 10,5 мільёнаў рублёў. Як вядома, грошы на аплату штрафу “графітыстам” сабралі людзі, дапамагалі беларусы фінансава і астатнім “палітычным”.

Адначасова за тыя ж два першыя месяцы 2016 года было прысуджана 6 штрафаў журналістам “за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”. Прычым 5 з гэтых 6 штрафаў мае Кастусь Жукоўскі: агулам яму прысудзілі 185 базавых, ці 38 мільёнаў 850 тысяч рублёў! А гэта амаль удвая больш, чым за той самы час суд прысудзіў сёлетняму лідару па прысудах сярод удзельнікаў масавых мерапрыемстваў Анатолю Лябедзьку. 

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі