Леанід Злотнікаў: Бітумам “растваральны бізнес” не заменіш

Толькі за студзень гэтага года айчынныя вытворцы бітуму здолелі зарабіць не на шмат менш, чым за ўвесь мінулы год — пастаўкі, сцвярджае Белстат, выраслі амаль у 500 разоў! Калі цягам 2013 года на бітуме краіна зарабіла 47,5 мільёна долараў, то за адзін месяц гэтага года — 33,1 мільёна долараў. Прычым, на 32,8 мільёна бітум набыла адна толькі Вялікабрытанія.



Магчыма, “бітумны бізнес” прыйшоў на замену бізнесу “растваральнаму”? Сапраўды, пагаджаецца эканаміст Леанід Злотнікаў, у тых жа англічан ёсць адпаведныя тэхналогіі, якія ператвораць звычайную бітумную масціку для дарог у нармальны бензін.



Леанід Злотнікаў: “Зараз яны давялі выпрацоўку светлых нафтапрадуктаў і газаў амаль да 100 % — ёсць такія тэхналогіі, што яны могуць тую ж мазуту ці бітум перапрацаваць у добрыя тавары. У нас такіх тэхналогій няма, а ў іх ёсць — для гэтага маглі і прадаць”.



Тым не менш казаць, што запрацавала новая схема наўзамен “растваральнаму бізнесу”, не даводзіцца, упэўнены эксперт. Нават калі аб’ёмы экспарту захаваюцца на тым жа ўзроўні да канца года.



Леанід Злотнікаў: “Зарабілі на тым бізнесе звыш 3 мільярдаў долараў (за менш чым год існавання растваральнага бізнесу. — Еўрарадыё) — ад 3 да 3,5 мільярда за канец 2011 і першую палову 2012 года. А тут, калі нават у такім аб’ёме будуць і далей прадаваць, то да канца года заробяць каля 400 мільёнаў долараў — гэта 3-4% ад тых аб’ёмаў. І тут ужо ніяк не заменіш тыя “растваральнікі”!



Таму, ахалоджвае Злотнікаў, не варта параўноўваць гэты “бітумны поспех” з “растваральным бізнесам” 2012 года. Для дзяржавы нават 400 мільёнаў долараў — не такія ўжо зайздросныя грошы. А вось для заводу ці фірмы…



Леанід Злотнікаў: “Для нейкай адной фірмы гэта — добрыя грошы. Але з пункту гледжання дзяржавы пакуль шум узнімаць рана”.



Як удалося дасягнуць такіх вынікаў і ці ўдасца іх захаваць надалей, Еўрарадыё спрабуе даведацца на “Нафтабітумным заводзе” — гэта адзін з буйнейшых вытворцаў бітуму ў Беларусі. Але там ад любых каментароў на тэму экспарту прадукцыі адмаўляюцца. Маўляў, дырэктара няма на месцы, а нешта казаць СМІ можа толькі ён.



Што да таго, чаму большасць студзеньскага бітуму паставілі ў Вялікабрытанію, то гэта, разважае Злотнікаў, не абавязкова залежала ад здольнасці мясцовых маркетолагаў — усе нафтапрадукты прадаюцца праз біржу. Так атрымалася, што гэтую партыю набылі пакупнікі з Туманнага Альбіёну. Калі і надалей набываць беларускі бітум будуць яны ж, а аб’ёмы паставак пачнуць павялічвацца, толькі тады можна будзе сур’ёзна разважаць на тэму новых схем па пастаўцы за мяжу нафтапрадуктаў у абыход інтарэсаў Расіі. З якой мы, паводле адпаведных міждзяржаўных пагадненняў, павінны дзяліцца прыбыткамі з такога гандлю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі