Лагвінец: Мэта Еўрасаюзу — стабільная, прадказальная Беларусь

110902 LogvinecS.mp3

МЗС Балгарыі пацвердзіў, што такая сустрэча адбылася на мінулым тыдні ў Мінску. На ёй нібыта кіраўнік Беларусі абяцаўся вызваліць палітвязняў на працягу паўтара месяцаў і правесці круглы стол з апазіцыяй. Таксама паведамлялася, што пра ўсё гэта Младэнаў распавёў  у лісце кіраўніку замежнай палітыкі Еўрасаюза Кэтрын Эштан і міністрам замежных спраў еўрапейскага блока. 

 

Еўрарадыё: Чаму менавіта Балгарыя выступіла пасярэднікам паміж Мінскам і Еўрасаюзам, у тым ліку ў справе палітзняволеных?

 

Алесь Лагвінец: Гэта славянская краіна, якая развівае адносіны з Беларуссю, шмат беларусаў там адпачывае, ёсць пэўнае паразуменне. Гэта краіна з нечым падобная гісторыяй, якая таксама перажыла савецкі таталітарызм. Там таксама не ўсё так адназначна, краіна мае пэўныя праблемы, але рухаецца па шляху еўрапейскай інтэграцыі, далучылася да Еўрапейскага саюзу. Але, тым не менш, я думаю, яшчэ з савецкіх часоў засталіся пэўныя сувязі паміж кіруючымі коламі Беларусі і Балгарыі. Яшчэ, я думаю, спадар Крысціян Вігенін, які ўзначальвае парламенцкую асамблею Ўсходняга партнёрства ў еўрапейскім парламенце, мае даволі інтэнсіўныя кантакты з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, з беларускімі парламентарыямі. Ён з сацыялістычнай партыі, а не з кіруючай правацэнтрысцкай, але, тым не менш.

 

Еўрарадыё: Якая цяпер можа быць галоўная мэта Еўрасаюзу ?

 

Алесь Лагвінец: Сярэднетэрмінова — гэта стабільная, прадказальная Беларусь, якая паступова інтэгруецца з Еўрасаюзам. Кароткатэрміновая мэта — адсутнасць палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, навязванне дыялогу, захаванне і пашырэнне магчымасцяў як для узмацнення беларускага суверэнітэту, так і для большай дэмакратызацыі нашае краіны.

 

Еўрарадыё: Як вы лічыце, Брусэль задаволіцца самім фактам паступовага выпускання палітвязняў і правядзеннем круглага стала, ці будзе настойваць, каб былі хаця б у сярэднетэрміновай перспектыве нейкія вынікі гэтых працэсаў?

 

Алесь Лагвінец: У Брусэлі кажуць, што вызваленне палітвязняў — гэта толькі папярэдняя ўмова. І я думаю, што вызваленне палітвязняў — гэта толькі першы, пачаткавы план, або тое, што называецца дарожная мапа паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Я ня ведаю, наколькі беларускім уладам будзе камфортна выконваць гэтую міні-дарожную мапу, але, калі яны выканаюць, то, можа быць, у Еўрасаюза з’явіцца больш падставаў, каб далей давяраць беларускім уладам. Ведаеце, у палітыцы, як і ў жыцці, часам трэба пачынаць з чыстага ліста. Над намі можа вісець цяжар усіх папярэдніх памылак і дасягненняў, але, тым не менш, варта заўсёды глядзець наперад.

 

Еўрарадыё: Але тактыка беларускай улады — зрабіць выгляд, што пачынаем з чыстага ліста, а потым вярнуцца на зыходныя пазіцыі. Вы лічыце, гэтым разам будзе інакш?

 

Алесь Лагвінец: Самае галоўнае, каб добрым тактыкам і стратэгам быў беларускі народ. І мне падаецца, што ў нашым грамадстве ўжо адбываюцца значныя змены. Добрым тактыкам быў Муамар Кадафі, да яго таксама прыязджаў і Сільвіё Берлусконі, з ім таксама сустракаўся Жазэ Мануэль Барозу, але, тым не менш, калі лівійскі народ у большасці, у крытычнай масе вырашыў інакш, то сітуацыя для Муамара Кадафі памянялася і захад таксама памяняў сваё стаўленне да Муамара Кадафі. У нас няма ніякіх ілюзій наконт таго, хто такія Лукашэнка і яго атачэнне. Пытанне ў тым, наколькі беларускі люд сёння гатовы падпарадкоўвацца дыктатарскаму рэжыму, ці ён усё больш будзе выказваць сваю незадаволенасць і будзе падштурхоўваць улады, якія сапраўды рэагуюць на тое, што адбываецца ў грамадстве, да іншай палітыкі.

 

Еўрарадыё: Як паўплывае на кандыцыю апазіцыі тое, што зараз выходзяць палітвязні — палітычныя актывісты і, магчыма, кандыдаты ў прэзідэнты? Ці зможа апазіцыя кансалідавацца?

 

Алесь Лагвінец: Чым больш актывістаў, чым больш моцных лідараў — тым лепш. Гэта ўжо пытанне гістарычнай адказнасці за лёс Радзімы — ці здольная апазіцыя аб’яднацца ў момант Х, у той момант, калі шалі вагаў будуць прыкладна роўнымі. Сёння, на вялікі жаль, даводзіцца канстатаваць, што шалі вагаў яшчэ не на адным узроўні. І тут яшчэ трэба вельмі шмат так званай арганічнай працы дзеля таго, каб усе тыя, хто сёння незадаволены беларускімі ўладамі, перайшлі на бок апазіцыі і актыўна яе падтрымлівалі.

 

Еўрарадыё: Цяперашняя сітуацыя усё ж спрыяльная для апазіцыі, таму што Захад усвядоміў, што дэмакратычную супольнасць у Беларусі падтрымліваць усё ж трэба. Калі дыялог адновіцца, ці будзе гэта азначаць, што зменшыцца падтрымка і палітычнай апазіцыі і дэмакратычнай супольнасці?

 

Алесь Лагвінец: Захаду, хутчэй за ўсё, трэба, каб у Беларусі адбываліся змены. Хто будзе праводзіць гэтыя змены, мае, відаць, меншае значэнне, чым тое, якія змены адбываюцца. Калі беларускія ўлады будуць рабіць канкрэтныя крокі па дэмакратызацыі краіны і ўвядзенні рынкавых механізмаў у дзеянне эканомікі, я думаю, пэўныя з гэтых крокаў атрымаюць падтрымку Захаду. Але мне падаецца, што Захад ужо даволі добра разбіраецца ў Беларусі, каб не верыць на слова, а кожны раз спраўджваць. Так што ў той момант, калі паўстане пытанне, каго падтрымліваць больш — гэта не будзе такой важнай дылемай, самым галоўным будзе падтрымаць беларускі народ у тым, каб дзяржава у Беларусі была больш чалавечнай, дэмакратычнай і каб людзі маглі больш адкрыта, вольна выказваць свае меркаванні і каб гэта было таксама вынікам грамадскай дыскусіі ў краіне. Лукашэнка больш не можа балатавацца, мы гэта ведаем, ён парушыў ужо ўсё, што магчыма. Мы ведаем, што сённяшнім беларускім уладам нельга давяраць, бо ўся папярэдняя сямнаццацігадовая гісторыя панавання паказвае, што яны ўвесь час не выконваюць свае ж уласныя абяцанні, сваю ўласную канстытуцыю, якую самі выдумалі. Але трэба ўвесь час апеляваць да народа, іншага выйсця няма. Я перакананы, што на сённяшні момант абсалютная большасць сродкаў у падтрымку Беларусі павінна ісці якраз незалежнаму грамадству і дэмакратычнай апазіцыі. Улады мусяць даказаць, што яны вартыя даверу.

 

Еўрарадыё: Апроч таго, павінен быць маніторынг сродкаў, якія ідуць у міждзяржаўныя праекты?

 

Алесь Лагвінец: А гэта, дарэчы, выклік і для грамадзянскай супольнасці. І такім чынам трэба ўздзейнічаць і на інстытуты Еўрасаюзу, у адрозненне ад беларускіх інстытутаў улады, яны дэмакратычныя. Яны гатовыя памяняць сваю лінію паводзінаў пад адпаведным ціскам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі