Куды ідуць пасля крутых факультэтаў, на якія паступаюць толькі выдатнікі?

“Галоўны працадаўца для нас — Мытны камітэт. Гэта для спецыяльнасці “мытная справа”. Шмат чалавек ідзе ў журналістыку. Шмат — у лагістычныя кампаніі, юрыдычныя”, — апісваюць сёлетняе размеркаванне на факультэце міжнародных адносінаў БДУ.

Тут дадаюць, што некаторыя студэнты пераразмяркоўваліся. Значыць, не самыя салодкія месцы. Прахадны бал на гэтым факультэце дасягаў 388 балаў з 400!

Вікторыя год ужо працуе ў cаll-цэнтры. Гэта пасля міжнародных адносінаў! Але і зарабляе каля тысячы долараў на месяц.

“Мая спецыяльнасць — “Культуралогія. Міжнародныя адносіны”. Вучылася на платным і сама сабе шукала працу. Магла пайсці выкладаць замежныя мовы, але мне гэта не вельмі. А праца звязаная з буйнымі банкамі, з фінансамі”, — тлумачыць кар’еру дзяўчына.

Выпускніца факультэта міжнародных адносінаў Крысціна ідзе ў IT-сферу. Працуе з медыяпраектамі і інфаграфікай. Амаль па спецыяльнасці.

“Вывучалі лінгвістыку, камунікацыю. Я, у прынцыпе, і займаюся камунікацыяй. Я працую з замежнай мовай, значыць, без міжнародных адносінаў таксама б гэтага не ведала”, — Крысціна на заробак не скардзіцца.

Міжнароднік Яўгенія пасля вучобы паступіла вучыцца ў Жэневу, у магістратуру. Хоча папрацаваць за мяжой, а пасля… вярнуцца.

“Вучуся ў Жэнеўскай акадэміі гуманітарнага права і правоў чалавека. Пішу зараз магістарскую, хачу атрымаць досвед за мяжой. А пасля хацелася б вярнуцца, працаваць тут, ствараць сям’ю”, — дзеліцца планамі дзяўчына.

У гэтую ўступную кампанію прахадны на яе спецыяльнасці — “міжнароднае права” — быў самым вялікім — 388 балаў.

Другі папулярны факультэт гэтага году — Інстытут бізнесу і мененджменту тэхналогій БДУ. Прахадны на спецыяльнасці "лагістыка" — 377 балаў. Выпускніца гэтага факультэта Крысціна ўжо год пасля ўніверсітэта працуе ў школе бізнесу менеджарам.

“Мая спецыяльнасць “адміністраванне бізнесу”, па гэтай спецыяльнасці я і працую. Я — менеджар-эканаміст. Заробак добры, улічваючы, што я малады спецыяліст”, — дзеліцца Крысціна.

Нагадаем, у мінулым годзе з 22 тысяч выпускнікоў на працу накіравалі толькі 21 тысячу. А даехалі да яе яшчэ менш — 19 тысяч усё ж сталі маладымі спецыялістамі, паведамляе Белстат.

Фота: onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі