Круглова: "Я так "папала" з-за адмены "Каранацыі"!"

“Рок-каранацыя 2010”, запланаваная на сёння, адмененая. З-за тэхнічных праблем з бяспекай і абсталяваннем сцэны супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях яшчэ 17 лютага зачынілі залы для канцэртаў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў адзін з арганізатараў імпрэзы Павел Кашырын.

Павел Кашырын: "Рок-каранацыя" адмяняецца. Мы зараз вырашаем пытанне, каб яна перанеслася на наступную нядзелю ў “Рэактар”. Я так разумею, што зала КЗ “Мінск” знаходзіцца, ну, можа, і не ў аварыйным стане, але там замкнула супрацьпажарную сігналізацыю. Чаго яе замкнула і чаму там кран апусціўся — дагэтуль ніхто не ведае. Бо прыязджалі прадстаўнікі фірмы разам з “мнснікамі” і нічога не высветлілі. МНС прыехала і зачыніла залу. І сказалі: “Пакуль не вырашыце гэтую праблемы — каб не адчынялі”.

Тое, што праблемы чыста тэхнічныя, Еўрарадыё пацвердзіла і намеснік дырэктара канцэртнай залы Алена Гамелькова. Згодна з яе словамі, нечакана апусцілася заслона, што аддзяляе сцэну ад глядзельнай залы, і яе так і не здолелі падняць.

Алена Гамелькова: “Учора апусцілася фіранка пасля канцэрта. Гэта было ужо дзесьці каля 22 гадзін. Мы з перапуду аб’явілі пажарную трывогу. Бо ўсё гудзе, усе звініць — гэта азначае, што дзесьці пажар, дзесьці нейкае задымленне. І падняць мы яе так і не здолелі. У нас ужо было такое, мы там змянялі нешта, выклікалі фірму, што ўсталёўвала. Зараз гэтым займаецца галоўны інжынер, мы сядзім тут зранку. Ратавальнікі нас у момант закрылі, бо гэта ж канцэртная зала “Мінск”! І пакуль не стане зразумела, чаму і што там спрацавала, нам не дазволяць адчыніць залу”.

Такім чынам, спадзявацца на тое, што да вечара з той фіранкай тэхнікі разбяруцца і “Рок-каранацыя” ўсё ж пройдзе у запланаваны дзень, няма. Хаця б таму, кажа спадарыня Гамелькова, што неабходна і сцэну ўпрыгожыць, і музыкам наладзіць абсталяванне ды інструменты. І паскардзілася, што гэтая адмена адчувальна адаб’ецца на “кішэні” канцэртнай залы.

Нагадаем, што сёлета павінна адбыцца 15-я па ліку “Рок-каранацыя”. Арганізатары вырашылі змяніць яе фармат і замест ўручэння “карон” па намінацыях правесці гала-канцэрт з удзелам найлепшых каманд: “Крама”, “Нейра Дзюбель”, “Без білета”, Kriwi і N.R.M. І калі для большасці музыкаў няма вялікай бяды ў тым, што канцэрт пераносіцца на тыдзень, то іншая сітуацыя ў вакалісткі Kriwi Веранікі Кругловай. Спявачка спецыяльна прыляцела на выступ з Берліна і, кажа, не толькі не зможа дачакацца канцэрта ў іншы дзень, але і “патрапіла” на грошы.

Вераніка Круглова: “Я заўтра з’язджаю! Гэта ўвогуле! Я так “папала”! Я ў Берліне нянечку замовіла, я музыкам заплаціла, каб яны гралі, я тут рэпетыцыі аплаціла!”

У той жа час Кашырын упэўніў, што хай і ў іншым месцы, але “Рок-каранацыя” абавязкова адбудзецца. Што ж тычыцца ўжо набытых квіткоў, то яны будуць сапраўдныя на канцэрт у “Рэактары”.

Павел Кашырын: “Білеты, калі хтосьці не захоча ісці на канцэрт, — з панядзелка будзем за іх вяртаць грошы. А для ўсіх астатніх — мы проста памяняем білеты на білеты "Рэактара".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі