Колькі зарабляюць трэнеры на сваіх выхаванцах-алімпійскіх чэмпіёнах?

Алімпійская чэмпіёнка Кацярына Карстэн свайму першаму трэнеру падаравала куфаль для піва. А Віталь Шчэрба, уладар шасці залатых і чатырох бронзавых медаляў, рэгулярна “падкідвае капеечку” былому настаўніку. А таксама прывозіць вопратку.
100 тысяч долараў і кватэру абяцаюць беларускім спартоўцам за першае месца на Алімпіядзе ў Пекіне. Столькі ж дадуць і іх трэнерам, але ім трэба будзе падзяліць грошы паміж сабой. У 1992 годзе трэнер алімпійскага чэмпіёна Віталя Шчэрбы за шэсць залатых медаляў свайго выхаванца атрымаў толькі 1,5 тысячы долараў і тэлевізар.

Еўрарадыё датэлефанавалася да трэнера Віталя Шчэрбы Леаніда Выдрыцкага. Ён прызнаўся, што не шмат атрымаў за тое, што выхаваў для краіны шасціразовага алімпійскага чэмпіёна. Але сам гімнаст пра свайго першага трэнера не забывае і сёння – прывозіць з Амерыкі вопратку, “бывае, што і капеечку падкіне”:

“Спачатку былі падарункі... Пасля Барселоны на працы падаравалі тэлевізар. І прэміі плацілі – пасля Барселоны (1992г) 1,5 тысячы долараў, пасля Атланты (1996) – 9 тысяч. А пасля Барселоны — так, мала...

Віталь кожны год прыязджае да мяне ў госці. Прывозіць падарункі, і не толькі мне, а і жонцы, і ўнучкам, сынам маім. Заўсёды прывозіць, кожны год. Вопратку прывозіў... розныя яго фірмовыя курткі з надпісам “Шчэрба”, іншыя рэчы. Бывае што і капеечку нядрэнную мне падкіне”.

Сваёй прэміяй трэнерам алімпійскіх чэмпіёнаў даводзіцца дзяліцца і з лекарамі, і з псіхолагамі. Так, 18 тысяч долараў аддаў штатнай камандзе трэнераў Уладзімір Асін, настаўнік залатога медаліста Алімпіяды-2004, дзюдаіста Ігара Макарава:

“Гэта вельмі далікатнае пытанне, таму што пэўную частку забірае міністэрства. Так атрымліваецца, што я першы і асабісты трэнер Ігара, таму асноўную частку сумы атрымаў я. Указам прэзідэнта было вызначана, вобразна кажучы, – 10 рублёў Макараву, і 10 рублёў Асіну. Толькі Макараў атрымліваў 100%, а Асін яшчэ дзяліўся са штатнымі трэнерамі, лекарамі і псіхолагамі”.

Усю схему ўзнагарод падрабязна распісаў Еўрарадыё трэнер бронзавай медалісткі Алімпіяды ў Пекіне штангісткі Анастасіі Новікавай Віктар Шылай:

“Там не толькі трэнеру – там і першаму трэнеру, і асабістаму трэнеру, і штатнай камандзе ёсць працэнт. Калі, напрыклад, спартсмен атрымлівае 100%, то 1-ы трэнер ад гэтага медалю 20% атрымлівае, асабісты трэнер — 50% і штатная каманда трэнераў – 30% кошту гэтага медалю”.

Былы трэнер двухразовай алімпійскай чэмпіёнкі па веславанні Кацярыны Карстэн Анатоль Квяткоўскі распавёў нам пра свае алімпійскія ўзнагароды:

“За першую Алімпіяду мне далі медаль “За працоўную доблесць”. А за другую далі ордэн Францыска Скарыны. Таксама атрымліваў ганаровую грамату... І пасля кожнай Алімпіяды давалі працэнты ад выйгрышу і трэнеру таксама”.

У падарунак ад сваёй выхаванкі спадар Квяткоўскі неяк атрымаў куфаль для піва. З таго часу ён пачаў іх калекцыянаваць:

“Першы падарунак ад Каці я атрымаў на Алімпіядзе. Мы пайшлі з ёй пагуляць пасля выйгрышу, а яна мне і кажа – Анатоль Іванавіч, што вам купіць? А мне спадабаўся піўны куфаль з выявай спартоўца, які нясе факел... І вось яна мне яго і падарыла. З таго часу я збіраю калекцыю куфляў...”

Кацярына цяпер жыве і трэніруецца ў Нямеччыне. Але памяць пра сябе свайму трэнеру пакінула. Дома ў Анатоля Квяткоўскага стаіць кубак, які нагадвае яму пра Кацярыну і яе перамогу:

“Аднойчы яна мне падаравала адзін невялікі кубак. Яна тады выйграла 2 дыстанцыі. Узнагароду за адну дыстанцыю пакінула сабе, а мне дала за другую – падзялілася. Так што памяць пра яе стаіць у мяне дома”.

Першы трэнер алімпійкі Карстэн спартоўку больш не трэніруе, але сваю долю ад яе будучай перамогі спадзяецца атрымаць і сёлета, кажа – “павінны не забыць...”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі