Колькі сёлета можна зарабіць студэнту за мяжой?

Еўрарадыё пашукала самыя прыбытковыя месцы працы для беларускіх студэнтаў у замежных краінах. Беларускія студэнты, якія з карысцю жадаюць правесці летнія вакацыі і зарабіць грошы за мяжой, як правіла, выбіраюць ЗША, Вялікабрытанію ды скандынаўскія краіны.

Сёлета з’ездзіць у Англію, хутчэй за ўсё, не атрымаецца. Клубнічны бізнес перастаў быць прыбытковым для мясцовых фермераў, якім давялося адмовіцца ад паслуг беларусаў, палякаў і расіянаў.

Карэспандэнту Еўрарадыё не ўдалося знайсці ў Беларусі агенцтва, якое б прапанавала працу ў Брытаніі, а вось са скандынаўскімі краінамі ўсё ў парадку. Паехаць у Фінляндыю на збор ягад магчыма. Праўда, з-за крызісу заявак адтуль стала менш, але затое заробкі засталіся ранейшымі. Да таго, як адзначылі ў агенцтве “Джэтэкспа”, усё залежыць ад таго, як спрытна студэнт працуе.

Агенцтва “Джэтэкспа”: “Напрыклад, кошык – 3 кг, і кілаграм каштуе 0,88 еўра, значыць, кошык будзе каштаваць каля 2 еўра. Кожны працадаўца выстаўляе свой кошт. Калі гэта праполка, то гэта пагадзінная аплата – 5,12 еўра за гадзіну”.

Па словах прадстаўніка агенцтва, зніжацца гэтыя стаўкі не будуць.

Агенцтва “Джэтэкспа”: “Фінляндыя – гэта краіна, якая дзейнічае выключна паводле закона, бо гэтыя заробкі прыдумалі не фермеры, а дзяржава, і ім прасцей не ўзяць працаўніка, чым заплаціць яму меней”.

Некаторыя беларускія студэнты аддаюць перавагу працы на круізных лайнерах у Амерыцы. Але для гэтага ім даводзіцца або кідаць вучобу, або браць акадэмічны адпачынак, бо праца на лайнеры — на цэлы год. Да таго ж, распавялі ў агенцтве “Юнверс”, зарабляюць там па мерках Амерыкі зусім няшмат:

Агенцтва “Юнверс”: “1200 даляраў за месяц, пражыванне і харчаванне бясплатнае”.

Калі з лайнерам у студэнтаў не атрымаецца, можна звярнуцца да традыцыйнай праграмы “Work and Travel”.

Паша Кухнавец ездзіць па гэтай праграме ўжо другі год. Паводле яго слоў, крызісу ў сферы абслугоўвання ў ЗША няма. А заробкі залежаць не толькі ад таго, наколькі ты здольны, але і ад горада, у якім працуеш:

Паша Кухнавец: “Заробкі залежаць ад штатаў: калі хочаш зарабіць болей, лепей ехаць бліжэй на Поўнач і ў Цэнтральную Амерыку. Я быў у Масачусэтс – гэта адзін з самых высокааплатных штатаў. У мяне быў заробак 10,5 долараў за гадзіну. А ёсць штаты вельмі нізкааплатныя – скажам, калі заставацца ў Нью-Ёрку, там заробкі каля 5-6 долараў за гадзіну плюс вельмі дарагое жыллё”.

Паша адзначае, што цяпер у Амерыцы вялікая канкурэнцыя. Амбасады ў Еўропе выдаюць шмат віз, таму ў ЗША ўсё больш прыязджае расіянаў, балгараў…

Паша Кухнавец: “Іншая справа, што ў гэтым годзе пускаюць вельмі шмат людзей: візы даюць 100%, таму з гэтым не будзе праблем, у маім горадзе было ў мінулым годзе вельмі шмат балгараў і расіянаў. І гэта створыць дадатковую канкурэнцыю, канешне. Але калі захацець зарабіць, то ўсё магчыма”.

Еўрарадыё прааналізавала прапановы з Амерыкі і склала прыкладную табліцу, кім і за колькі можа летам папрацаваць беларускі студэнт.

Прафесія

Горад

Заробак за гадзіну

Хатняя гаспадыня, афіцыянт, памочнік повара, мыйшчык посуду, маляр, ратаўнік у басейне, кіроўца, праца на аўтамойцы, паркоўшчык, касір.

Нью-Ёрк, Вашынгтон, Вільямзбург, Сан-Дыега, Кэйп Мэй, Мантана, Аляска

6-10 долараў

Афіцыянт у клубе

Фларыда

4,19 долара + чаявыя (150 на дзень)

Перавозчык, грузчык

Нью-Ёрк

8-12 долараў

Праца ў крамах

Вірджынія Біч, Фларыда

7,50

грузчык

Каліфорнія, Лос Анджэлес

10, хто можа кіраваць грузавіком - 13,15

Прыбіранне дамоў, праца ў закусачных

Пітсбург

7,14 - 8

Мойка салонаў у самалётах

аэрапорты

13

Праца на караблях

Аляска

7-14


Як варыянт, папрацаваць летам можна куды бліжэй і з меншымі высілкамі. Напрыклад, у дзіцячым лагеры ў расійскай Анапе. Праўда, там крызіс істотна “пакусаў” заробкі.

“Ліга добраахвотнай працы моладзі”: “Заробак – 1500 расійскіх рублёў за змену. Плюс харчаванне і пражыванне - бясплатна”.

Атрымліваецца каля 42 долараў за тры тыдні працы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі