Колькі “каштуе” дрэваапрацоўчым прадпрыемствам Дэкрэт №9?

“Людзі сёння атрымліваюць больш годную зарплату, чым раней. Прынамсі, больш чым у два разы. І там была праведзеная “ваенная”, скажам адкрыта, у двукоссі бяру гэтае слова, мабілізацыя людзей на выкананне тых задач, якія мы павінны вырашыць”, — расказвае Лукашэнка народу і парламенту падчас штогадовага паслання.

“Ваеннай мабілізацыяй” кіраўнік краіны называе свой дэкрэт пад нумарам 9 “Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці”. Ён насамрэч мае элементы ваеннага становішча. У прыватнасці, абмяжоўвае рабочых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў у магчымасці свабодна змяніць месца працы і пераводзіць усіх занятых у мадэрнізацыі вытворчасці на кантракты.

Акрамя палкі, ёсць і пернік — даплаты. У бухгалтэрыі “Магілёўдрэва”, супрацоўнікам якога Лукашэнка расказваў пра новаўвядзенні асабіста, гавораць, што на прадпрыемстве ёсць нават асобная супрацоўніца, у чые абавязкі ўваходзіць адсочванне выканання прэзідэнцкага ўказа. Факт падвышэння заробкаў пацвярджаюць. Праўда, называюць толькі агульны працэнт даплатаў. Канкрэтныя лічбы ў кожнага супрацоўніка розныя і наўпрост залежаць ад колькасці зробленага.

“Мы даплочваем у межах 150% (ад тарыфнай стаўкі. — заўв. Еўрарадыё). Кожнаму чалавеку згодна з адпаведным палажэннем і загадам. Калі больш працаваў, то больш. Калі менш — сума змяншаецца. І здзельшчыкам мы плацім згодна з іх стаўкамі. Кожнаму рабочаму даплочваем 30% ад тарыфнай стаўкі. Калі ў іх няма прагулаў”.

Калі прагулы ёсць — няма даплатаў. А вось за працоўнае месца можна не турбавацца. Звальненняў на “Магілёўдрэве” няма. Як і незадаволеных. Хоць яшчэ ў студзені на гэтым жа прадпрыемстве Еўрарадыё расказвалі пра хваляванні ў розумах рабочых, але зараз яны да “ваеннай мабілізацыі” прызвычаіліся. Ды і як не прызвычаіцца, калі даплаты абяцаюць павышаць “як толькі з’явяцца свабодныя сродкі”.

Агулам жа выкананне 9-га дэкрэту “Магілёўдрэву” штомесяц каштуе не так і шмат. Нешта каля 30 мільёнаў, расказваюць у бухгалтэрыі.

“Калі браць мінулы месяц, то з улікам 9-га дэкрэта агулам па прадпрыемстве пайшло на 30 мільёнаў больш заробку”.

Да прыкладу, спальны гарнітур “Дубрава”, выраблены на “Магілёўдрэве”, можна купіць за 80 мільёнаў. Гэтага з гакам хопіць на два месяцы даплатаў усім спецыялістам па мадэрнізацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі