Клімаў адмовіўся есці свае рэцэнзіі, хоць альбом "J:Морс" яму спадабаўся

Стаўленне Алега Клімава да кружэлкі, таксама нельга назваць негатыўным, але, на яго погляд, новы матэрыял гурта складана назваць рокавым.

Алег Клімаў: "Атрымаўся, як мне падалося, напэўна, самы папсовы ў іх альбом. Добры поп-альбом скажам так. То бок там року і не засталося ў большасці кампазіцый. І калі абстрагавацца ад таго, што, маўляў, "J:Морс" мусяць граць рок, а яны не граюць рок, сабакі такія, – калі на гэтым не зацыклівацца, то, зразумела, варта прызнаць, што гэта вельмі якасны гітарны эстрадны прадукт. Думаю, ён будзе вельмі папулярным".

Нагадаем, што пасля з'яўлення ў сеціве сінгла "Мамонов" Алег Клімаў, якому звычайна не падабаецца творчасць "J:Морс", так захапіўся новай песняй, што паабяцаў з'есці ўсе свае рэцэнзіі на гурт, калі і ўвесь новы альбом будзе такім жа па гучанні. Аднак Алег усё ж адмовіўся паабедаць сваімі артыкуламі.

Алег Клімаў: "Неее! Есці я не буду, бо я ж кажу: я ж думаў, што гэта ракешнік будзе, цяжаляк, разумееш.., а тут нейкая папса! Так што, есці я нічога не буду!"

А вось культуролагу Максіму Жбанкову ў адрозненні ад Клімава "Электричество" "J:Морс" падалося сапраўдным крокам наперад.

Максім Жбанкоў: "На мой погляд, для гурта гэта крок наперад. Мне падаецца, што гурт паступова вызваляецца ад такой карамельнай манернасці і спрабуе перастаць быць гуртом для юных дзяўчынак, скажам, толькі для юных дзяўчат. Спрабуе зрабіць больш жорсткім гук, больш энергічнай вакальную падачу. На мой погляд, гэта правільны ход. З іншага боку, ад сябе не ўцячэш, і "J:Морс" застаецца "J:Морс’ам" - самым карамельным беларускім гуртом".

А Таццяна Заміроўская наадварот не лічыць новую пласцінку значным прагрэсам гурта, але і не заўважае яго эстраднага гучання.

Таццяна Заміроўская: "Няма адчування, што "J:Морс" зрабілі нейкі прынцыпова якасны рывок, а гэта павінен зрабіць любы гурт. Рана ці позна надыходзіць такі момант: творчы застой у гурта, а потым раз, і Radiohead, напрыклад выдалі альбом “Kid A”. У "J:Морс" гэты альбом мусіў быць менавіта такім, але яны трошкі не дацягнулі. Мне падалося, што яны трошкі баяцца. Ужо ведаюць, куды трэба рухацца і спрабуюць на розных песнях розныя падыходы да музыкі, але далей іх чамусьці не развіваюць. Альбом - калекцыя ідэй, кожная з якіх магла бы стаць крутой ідэяй для альбома, але чамусьці не стала".

Цікава, што і аднаму з заснавальнікаў "J:Морс", а цяпер лідару праекта "У нескладовае" Роме Арлову, "Электричество" таксама прыйшлося даспадобы, хоць песень кшталту "Мамонов" Раману і не хапае.

Рома Арлоў: "Вядома, трэба аддаць належнае Вове і кампаніі, бо прадукт атрымаўся дастаткова якасным. Але, на жаль, такіх песень, як "Мамонов", больш няма. Да таго ж, кідаецца ў вочы тое, што такіх яскравых трэкаў на нацыянальнай мове, як, напрыклад, "Жыві", у апошнія чатыры-пяць гадоў Вове не хапае".

Прызнаў поспех новага альбома і яшчэ адзін музыка, які славіцца сваім сур'ёзным падыходам да якасці гучання і розных гукавых фішак. Атмараві на новым дыску не спадабалася толькі адна песня.

Атмараві: "Мяне моцна парадавала тое, што я пачуў. Нарэшце ў песнях "J:Морс" я нешта разумею. Раней я нічога не разумеў і даводзілася будаваць далёка ідучыя здагадкі. Яшчэ парадавала тое, што ад альбома складаецца ўражанне, што яго запісаў сталы гурт. Відаць, каб гурт пасталеў у нашым асяроддзі, яму трэба пражыць больш за 10 гадоў. А засмуціў мяне ў альбоме недахоп дзёрзкасці. Нібыта ён ствараўся з вялікай аглядкай на FM-радыё. Самым слабым месцам я лічу беларускую песню "Дзесьці", бо на мой погляд музычнае рашэнне там не вельмі арганічнае".

Дададзім, што альбом "Электричество" гурта "J:Морс" можна бясплатна спампаваць на сайце калектыву, а яго канцэртная прэзентацыя адбудзецца 11 снежня ў мінскім Палацы Спорту.

Фота: Яўген Ерчак

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі