Вы тут

Кіраўнік МЗС Літвы заклікае не радыкалізаваць стаўленне да БелАЭС

Лінас Лінкявічус / Reuters

Літва не павінна залішне радыкальна ставіцца да Беларускай АЭС, бо такая пазіцыя не атрымае падтрымкі з боку інстытутаў ЕС. Пра такую заяву міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса піша "Новая газета Балтия".

Па словах кіраўніка літоўскай дыпламатыі, еўраструктуры не падтрымаюць Літву, калі яе паводзіны ў дачыненні да Беларускай АЭС будзе цяжка рэалізаваць практычна. "А мы хочам, каб яны як мага больш ўдзельнічалі ў працэсе. Каб гэта стала рэальнасцю, а не толькі на словах, клопат ЕС — бяспека, захаванне стандартаў і заканадаўства. Гэта мы і імкнемся зрабіць, і не думаю, што ў нас гэта так ужо дрэнна атрымоўваецца", — падкрэсліў чыноўнік.

Лінкявічус абверг заявы, быццам Літве не ўдаецца пераканаць суседзяў не купляць электраэнергію з Беларускай АЭС. Па яго словах, Польшча падтрымлівае літоўскую пазіцыю. "Нашы польскія суседзі выразна заявілі, што не будуць купляць гэтую электраэнергію, наколькі будзе магчыма. І мы прынялі законы і не маем намеру іх мяняць", — дадаў літоўскі міністр.

Літва неаднаразова крытыкавала Беларусь за пабудовы АЭС у Астраўцы. На думку літоўскага боку, Беларусь не арганзівала бяспеку АЭС, пабудаванай за 50 км ад Вільні. Літоўскі сейм заканадаўча прызнаў БелАЭС пагрозай нацыянальнай бяспецы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.