Вы тут

Кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына: "У нас выбары эканом-класа"

Лідзія Ярмошына / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

17 кастрычніка стане вядома, хто з больш чым 700 прэтэндэнтаў будзе афіцыйна зарэгістраваны кандыдатам і пачне сваю перадвыбарную кампанію. Пра гэта кіраўнік Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына расказала ў інтэрв'ю сайту "Союзное государство".

"Колькасць прэтэндэнтаў большая, чым тры гады таму ці на парламенцкіх выбарах у 2008-м, — адзначыла Ярмошына. — Мы вярнуліся да лічбаў 2000 года, калі былі вельмі яркія і вельмі альтэрнатыўныя выбары ў парламент".

Кіраўнік ЦВК заяўляе, што ў Мінску небывалы ажыятаж у выбарчых акругах:

"Больш за восем кандыдатаў на адзін дэпутацкі мандат у Мінску. Ёсць акругі, дзе 10-11 чалавек, ёсць, дзе шэсць чалавек на мандат. Зараз камісіі з 8 кастрычніка да 17 кастрычніка правяраюць дакументы. Ці належным чынам вылучыліся, ці ў парадку ў іх дакументы і ці адпавядаюць яны патрабаванням закона. Пры такой колькасці прэтэндэнтаў, якія рэальна ідуць у палітыку і хочуць быць палітыкамі, проста недарэчна гаварыць пра тое, што ў нас няма дэмакратыі".

Па выніках праверак 17 кастрычніка стане зразумела, колькі з гэтых 700 чалавек, якія адважыліся на вылучэнне, зарэгіструюць кандыдатамі.

Выбары эканом-класа

На думку Лідзіі Ярмошынай, у Беларусі выбары вельмі сацыяльныя і наогул эканом-класа, бо кандыдат можа ўдзельнічаць цалкам бясплатна і не ўкладвацца ў сваю кампанію:

"Кожнаму кандыдату будзе дадзена па пяць хвілін эфірнага часу на дзяржаўным тэлебачанні. Акрамя гэтага, будзе дадзена магчымасць удзельнічаць у тэледэбатах і апублікаваць сваю праграму перадвыбарную ў дзяржаўных СМІ. Гэта мясцовыя газеты і дзве цэнтральныя: "Рэспубліка" і "Звязда", адна на рускай, а другая на беларускай".

З-за вялікай колькасці будучых кандыдатаў было вырашана пашырыць часавы інтэрвал для выступаў на тэлебачанні:

"Кандыдатаў так шмат, што мы будзем пашыраць часавы інтэрвал па Мінску для таго, каб забяспечыць усіх эфірным часам. Для мінскіх кандыдатаў будзе давацца час на канале "Беларусь 3" з 19:00 да 20:40. Тым кандыдатам, хто балатуецца ў Мінскай вобласці, эфірны час будзе давацца на СТБ, а ўсе астатнія будуць выступаць на абласным тэлебачанні, што ўваходзіць у Белтэлерадыёкампанію".

Мабільная праграма і інфармаванне грамадзян

Лідзія Ярмошына падкрэслівае, што на парламенцкіх выбарах пасля тэставых выпрабаванняў будзе актыўна выкарыстоўвацца праграма "Галасую!":

"Распрацоўшчык праграмы — БРСМ. Гэта ўсё было зроблена на добраахвотных пачатках. Нічога не каштавала бюджэту. Пакуль яна працуе ў тэставым рэжыме. Пасля рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты 17 кастрычніка там, акрамя звестак пра выбарчыя ўчасткі, з'явіцца інфармацыя пра кандыдатаў, якія балатуюцца па дадзенай выбарчай акрузе. Праграма запрацуе ў поўную меру", — тлумачыць Лідзія Ярмошына.

Акрамя праграмы, інфармаваннем беларусаў будуць займацца выбарчыя камісіі:

"У іншых краінах выбаршчыку даводзіцца знаходзіць інфармацыю пра кандыдатаў. А ў нас выбарчыя камісіі падрыхтуюць інфармацыйныя матэрыялы і разам з запрашэннямі пакладуць у паштовыя скрыні".

Назіральнікі

Ужо цяпер акрэдытавана больш за 200 назіральнікаў ад выканкама СНД. І 12 назіральнікаў ад АБСЕ. Кіраўнік місіі 15 кастрычніка прыедзе разам з групай доўгачасовых назіральнікаў з васьмі чалавек. Чатыры чалавекі ўжо цяпер працуюць у Беларусі:

"Вядома, мы ўлічваем у сваіх рэкамендацыях прапановы ад назіральнікаў ад АБСЕ. Я магу сказаць, што ў нас значна палепшыліся ўмовы для вядзення перадвыбарнай агітацыі. Гэта рэзка скараціла колькасць скаргаў, звязаных з вядзеннем перадвыбарнай агітацыі, — запэўнівае Лідзія Ярмошына. — Дадзены найшырэйшыя магчымасці для кандыдатаў, вельмі шмат месцаў весці перадвыбарную агітацыю. Гэта ў пэўным плане ўлік пазіцыі і прапаноў АБСЕ".