Кіраўнік БПЦ за два гады так і не атрымаў беларускае грамадзянства?

Кіраўнік БПЦ за два гады так і не атрымаў беларускае грамадзянства?

На сустрэчы з Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы Аляксандр Лукашэнка нечакана выказвае пажаданне, каб святарамі былі беларусы.

"Тут павінныя служыць беларусы, няхай замежнікі і бязмежна адданыя нашаму народу і дзяржаве. З першых дзён свайго прэзідэнцтва я праводжу гэтую лінію, перш за ўсё ў дачыненні да каталікоў. І зрухі ашаламляльныя", — кажа кіраўнік краіны.

Мітрапаліт Павел, першы чалавек у Беларускай праваслаўнай царкве — ураджэнец Расіі, якога прызначыла Руская праваслаўная царква.

Па законе "Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях" ён мусіць прыняць беларускае грамадзянства. Яшчэ ў 2014 годзе мітрапаліт Павел заяўляў, што гатовы да гэтага. 

Праз два гады ў інфармацыйным аддзеле Беларускай праваслаўнай царквы "няма інфармацыі на гэты конт", — так яны адказваюць Еўрарадыё. Але заявы Аляксандра Лукашэнкі падтрымліваюць.

"Гаворка ідзе пра грамадзянства. Мы цалкам падтрымліваем. Добра было б, каб усё больш беларусаў хацела прысвячаць сябе духоўнаму служэнню ў нашай краіне", — гаворыць Сергій Лепін, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ.

Эксперты ў гэты час гавораць аб незадаволенасці беларускіх святароў прызначаным з Расіі мітрапалітам.

"Лукашэнка сапраўды выказвае незадаволенасць, якая існуе ў Беларускай праваслаўнай царкве супраць мітрапаліта Паўла. Гэта ў першую чаргу буйныя святары мінскай епархіі. У часы мітрапаліта Філарэта яны мелі дастатковую ўладу", — такая думка ў аналітыка і эксперта Наталлі Васілевіч.

А што з грамадзянствам у прадстаўнікоў іншых канфесій? Каталіцтва, якое паказала "ашаламляльныя зрухі", мае 80% беларускіх святароў. Астатнія 20% — святары ў манастырах.

"У нас агульная колькасць святароў — 500. З іх 20% — грамадзяне Польшчы. Але ў асноўным гэта манахі. Бо манах не можа жыць адзін, таму запрашаюцца манахі з Польшчы. У Будславе настаяцель — украінец", — апісвае Юрый Санько, часовы выканаўца абавязкаў прэс-сакратара Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі.

Прадстаўнікі іудзейскай і мусульманскай абшчынаў у Беларусі паведамляюць Еўрарадыё, што большасць іх святароў — таксама беларусы.

Мы пацікавіліся меркаваннем мінакоў пра тое, ці важнае грамадзянства святара. Палова апытаных пагадзілася з кіраўніком краіны, некаторыя палічылі гэта няважным момантам. Былі і тыя, хто звязаў гэта з нацыянальнымі інтарэсамі.

На галоўным фота: Аляксандр Лукашэнка, мітрапаліт Філарэт, мітрапаліт Павел

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі