Кіраўнік "Белай Русі" раскрытыкаваў ідэю Лукашэнкі выбіраць прэзідэнта праз УНС

Кіраўнік аб'яднання "Белая Русь" Алег Раманаў раскрытыкаваў ідэю Аляксандра Лукашэнкі выбіраць прэзідэнта на Усебеларускім народным сходзе (УНС). Гэта адбылося ў эфіры праграмы  Маркаў. Нічога асабістага" на тэлеканале АНТ.

Як распавядала Еўрарадыё, 30 жніўня Лукашэнка заявіў, што ў новай Канстытуцыі дарма пакінулі ўсенародныя выбары прэзідэнта — трэба было, каб выбары залежалі ад УНС. Ён патлумачыў гэта тым, што выбары разгойдваюць палітычную сітуацыю.

Каментуючы гэтае выказванне, Раманаў заявіў, што ў такой прапановы ёсць як плюсы, так і мінусы. 

Усеагульныя выбары кіраўніка дзяржавы, па яго словах, адпавядаць ідэалам дэмакратыі. "Але ёсць некаторая небяспека, што людзі, паглынутыя паўсядзённымі справамі, прафесійнымі клопатамі, не заўсёды ўнікаюць у складаныя праблемы, якія выносяцца на рэферэндум, якія выносяцца на галасаванне ў выпадку выбараў прэзідэнта", — заявіў ён.

А калі права выбару аддаць экспертам, тоады ўзнікае пэўны недавер да народа. "І потым, хто сказаў, што гэтыя эксперты не памыляцца?" — рытарычна дадаў Раманаў.

Свае развагі ён завяршыў такім прагнозам: "Думаю, што гэта ўсё ж такі больш правільна, што менавіта народ будзе выбіраць прэзідэнта і ў 2025 годзе, і, трэба меркаваць, у далейшым".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.