Кастусёў: У савецкія часы выбары былі больш празрыстымі, чым цяпер

“Зразумела, калі параўнаць з 1990-мі гадамі, змены ў выбарах адбыліся вельмі значныя. У тым плане, што негатыву стала значна больш. У тыя часы члены камісій не дазвалялі сабе так шмат парушэнняў. А калі і дазвалялі, то вельмі саромеліся іх”, — расказвае адзін з лідараў Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Кастусёў пачаў удзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата яшчэ за саветамі — у канцы 1980-х. Потым паспяхова балатаваўся ў мясцовыя саветы ўжо ў незалежнай Беларусі. Спрабаваў стаць дэпутатам парламента і нават прэзідэнтам. Але без асаблівага поспеху.

Рыгор Кастусёў расказвае, што чым далей, тым менш свабодна ў Беларусі праходзяць выбары і тым больш фіксуецца парушэнняў. Але членаў камісій, якія амаль не змяняюцца, гэта хвалюе ўсё менш. Па словах палітыка, пасля выбараў да яго часта падыходзяць незнаёмыя людзі і расказваюць, як менавіта адбываліся фальсіфікацыі. Напрыклад, адзін шафёр пасля сыходу на пенсію расказаў Кастусёву, што прывозіў для падліку “левыя бюлетэні” цэлымі запячатанымі ўрнамі. Палітык кажа, што нават у савецкія часы выбары былі больш справядлівымі.

“Тады, у канцы 1980-х, я першы раз вылучаўся ў сельскі савет. На сваёй радзіме, дзе працаваў шмат часу. Усе мяне ведалі там, акруга была безальтэрнатыўная. Але я ведаю, што перамог тады справядліва, людзі прагаласавалі за мяне, парушэнняў не было”.

Магілёвец Барыс Бухель назірае за выбарамі амаль столькі, колькі Рыгор Кастусёў на выбарах балатуецца — з пачатку 1990-х. Пра выбары ў мясцовыя саветы, які прайшлі ў Беларусі 23 сакавіка, гаворыць, што яны былі яшчэ горшыя за папярэднія. І падае адзін факт з назірання на ўласным участку.

“Відавочна было, што бланкі пратаколаў падпісалі загадзя. Бо калі агучылі вынікі выбараў, ніхто з сяброў камісіі нават не падняўся і не пайшоў падпісаць дакументы”.

Бухель расказвае, што самымі дэмакратычнымі і свабоднымі выбарамі, якія бачыў, былі кампаніі пачатку 1990-х гадоў. Потым сітуацыя толькі пагаршалася. На думку назіральніка, больш за ўсё парушэнняў адбываецца і фіксуецца менавіта на мясцовых выбарах, “падагнаць” усе лічбы на якіх значна складаней, чым падчас тых жа прэзідэнцкіх.

“Я памятаю, у 2003 годзе, так было — тры разы па маіх заўвагах пратаколы перапісвалі. І тры разы памыліліся — не сыходзіліся лічбы. Бо яны сыдуцца толькі калі ўсё было законна, а калі дамалёўваць галасы, усе лічбы складана звесці, трэба пралічваць, мазгі для гэтага трэба мець”.

На пытанне, навошта назіраць за выбарамі 20 гадоў запар, калі ад назіральнікаў амаль нічога не залежыць, Бухель кажа, што фіксаваць парушэнні ўсё ж трэба. Каб камісіі канчаткова не расслабіліся. Тым больш што злачынствы, звязаныя з фальсіфікацыямі выбараў, у Беларусі тэрміну даўніны не маюць, але і бюлетэні не захоўваюцца.

Фота "Радыё "Свабода".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі