Kasabian “Velociraptor!”

110923 Agljadacha.mp3

Настойліва рэкамендуем у бліжэйшы час заставацца з намі, і мы абяцаем разабрацца як след з гэтым драпежнікам.

Нягледзячы на тое, што Kasabian запэўніваюць, што Велацэраптар безумоўна знойдзе вас, з’есць ці вып’е кроў, звер аказаўся даволі інтэлігентным, прыемным, і нават крыху сентыментальным. З усіх 11 трэкаў свежага альбома, драпежным, бадай, і можна назваць толькі аднайменны “Velociraptor!”.

Увогуле, гледзячы па ўсім, Kasabian развіваюцца стабільна і заканамерна. Як і належыць будучай пачэснай легендзе брытанскага року. Гурт заўсёды імкнуўся быць у межах канонаў, і усё новае, дзіўнае і нестандартнае ў сваёй музыцы акуратна ўраўнаважваў рознага кшталту спасылкамі на грандаў. Акрамя таго, музыкі неаднойчы падкрэслівалі, што менавіта яны сталі пераемнікамі гурта Oasis пасля яго распаду і не шкадуючы раўнялі з зямлёй усе маладыя гурты, заяўляючы, што добрую музыку цяпер у Брытаніі здольныя граць толькі яны і, хіба што, Arctic Monkeys. Магчыма, гэтым і абумоўлена тое, што, слухаючы стартавую песню альбома, часам, можна засумнявацца, якому з гэтых гуртоў яна належыць, Kasabian, ці ўсё ж Arctic Monkeys.

Дарэчы, гэтым летам Arctic Monkeys выпусцілі абсалютна роўны і прэсны альбом з узорнай якасці гучаннем і зусім неадпаведнай хуліганскай назвай “Suck It and See”. Дык вось у адрозненні ад Arctic Monkeys, Kasabian хапіла імпэту і фантазіі, каб не разлегчыся на лаўрах і не здранцвець ад усведамлення ўласнай велічы, а працягваць відазмяняцца і здзіўляць. У выніку, акрамя сваіх фірмовых аранжыровачных прыёмаў, каманда прапаноўвае шмат нечаканых паваротаў. І, у прынцыпе, не бянтэжыць, што за некаторымі з іх можа ўзнікнуць адчуванне дэжа-вю, бо Kasabian ніколі не саромеліся карыстацца алюзіямі на аўтарытэтныя для іх гурты.

Вось, напрыклад, трэк “Зялёна фея”, па мелодыцы і спосабу аранжыроўкі нагадвае Бітлз. Песня распавядае пра асаблівасці ўжывання абсэнту і утрымлівае такі вось радок: “I see Lucy in the sky, telling me I’m high”. Праўда, прыпеў вяртае песню ў наш час рытмічнага інды-року.

Па вялікім рахунку, альбом “Velociraptor!” варта паставіць на палічку дасягненняў старога добрага брыт-попа, праўда, гэтым разам псіхадэлічнага і салідна аздобленага электроншчынай. Нягледзячы на тое, што самі Kasabian сцвярджалі, што натхняліся падчас запісу працамі Radiohead, Nirvana і Pink Floyd, але цяжка не заўважыць цытат тых жа Oasis ці Stone Roses, як, напрыклад,у трэку "Re-wired". А вось што тычыцца нечаканых паваротаў, то Kasabian здзіўляюць элементамі сінт-попу і сухімі электроннымі бубнамі, як ў трэку “I Hear Voices”.

У выніку, скажам, што дыназаўр ад Kasabian нарадзіўся даволі зубатым, каб учапіцца за сваю аўдыторыю і дастаткова загадкавым і стракатым, каб яго было цікава разглядаць вельмі доўга і паступова вывучаць анатомію. Таму, відавочна, выміранне Велацэраптару не пагражае.

“Velociraptor!”:

1. "Let's Roll Just Like We Used To"

2. "Days Are Forgotten"

3. "Goodbye Kiss"

4. "La Fée Verte"

5. "Velociraptor!"

6. "Acid Turkish Bath (Shelter from the Storm)"

7. "I Hear Voices"

8. "Re-wired"

9. "Man of Simple Pleasures"

10. "Switchblade Smiles"

11. "Neon Noon"

Тэкст чытаў Віталь Зыблюк.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі