Вы тут

Кампанія EPAM не будзе кампенсаваць работнікам павышаныя падаткі

EPAM / прэс-служба кампаніі

Кампанія EPAM не будзе кампенсаваць сваім супрацоўнікам павышэнне падаходнага падатку на 4%. 

"EPAM не плануе ніякіх неадкладных змяненняў або кампенсацый у сувязі з павелічэннем стаўкі падаходнага падатку для супрацоўнікаў кампаній ПВТ. Пэўныя змены падатковага кодэкса час ад часу адбываліся і адбываюцца ў многіх краінах свету, дзе аперуе кампанія", — паведаміла прэс-служба EPAM у каментары dev.by.

Як прыклад у кампаніі згадваюць, што ў ЗША ў 2013 годзе падаходны падатак для фізічных асоб значна вырас, а ў 2018-м панізіўся. Чакаецца, што ў 202102022 гадах новая адміністрацыя Штатаў зноў павысіць стаўку падаходнага падатку. "Такія працэсы, якія адбываюцца ў розных краінах, маюць як станоўчыя, так і адмоўныя аспекты і для супрацоўнікаў, і для кампаніі ў цэлым. Аднак ніякіх аўтаматычных змяненняў або кампенсацый ў такіх выпадках не адбываецца", — заяўляюць у прэс-службе.

Пры гэтым у кампаніі перасцерагаюць, што краіны-суседкі Беларусі ствараюць больш прывабныя ўмовы для работнікаў IT-сферы. А гэта можа прывесці да яшчэ большага адтоку з нашай краіны: "У той жа час лічым патрэбным адзначыць, што ў дадатак да цяперашняй агульнай сітуацыі ў Беларусі і на фоне таго, што іншыя краіны ў рэгіёне (у тым ліку такія буйныя, як Расія і Украіна) уводзяць значныя льготы для ІТ-індустрыі і дэманструюць сур'ёзную зацікаўленасць у прыцягненні высокакваліфікаваных і запатрабаваных ва ўсім свеце спецыялістаў, неспадзяванае павышэнне падаткаў можа прывесці да яшчэ большай міграцыі з краіны і павышэння рэпутацыйных рызык, звязаных са стабільнасцю ўмоў працы ў ПВТ".

Як паведамлялася раней, з 1 студзеня ў Беларусі пачаў дзейнічаць новы Падатковы кодэкс. Ён адмяніў многія ранейшыя льготы і павысіў падаткі. Сярод іншага падаходны падатак для супрацоўнікаў кампаній Парка высокіх тэхналогій вырас з 9% да 13%. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.