А калі даносілі сябры? Як псіхааналітык рыхтуе немцаў да паходу ў архіў Штазі

Немцы врываются в штаб-квартиру Штази после падения Берлинской стены / AP
Немцы врываются в штаб-квартиру Штази после падения Берлинской стены / AP

Псіхааналітык і музыка Карл-Хайнц Бомберг быў арыштаваны Міністэрствам дзяржаўнай бяспекі ГДР, калі паспрабаваў перадаць касету з запісамі сваіх песень на захад. З тых часоў прайшло больш за трыццаць гадоў, але час, праведзены ў турме, ён дагэтуль называе самым цяжкім у сваім жыцці.

Пасля падзення Берлінскай сцяны Бомберг атрымаў адукацыю псіхааналітыка, цяпер ён вядзе прыватную практыку ў Берліне. Дапамагае людзям, якія гэтак жа, як і ён, прайшлі праз Штазі. У яго ёсць і невялікая група іншых пацыентаў — «неафіцыйных супрацоўнікаў» Штазі. Шпіёнаў.

У гутарцы з карэспандэнтам Еўрарадыё Карл-Хайнц Бомберг распавёў пра тое, як падрыхтавацца да паходу ў архіў і даведацца, хто пісаў на цябе даносы. І пра тое, чаму былым шпіёнам цяпер таксама бывае неабходная дапамога псіхааналітыка.

Глядзіце на Еўрарадыё новы спецрэп пра "сцяну": цяпер ужо не Берлінскую, а беларускую

"Я хацеў палепшыць сацыялізм, я не хацеў з'язджаць з краіны"

Доктар Бомберг нарадзіўся ў 1955 годзе ў горадзе Кройцбург. Сцяна, якая падзяляе Германію на Усход і Захад, атачала гэты горад з трох бакоў. Бомберг кажа, што з самага дзяцінства "гэтая сцяна" была ў яго ў галаве.

Я ўсвядоміў наяўнасць мяжы вельмі рана. Плот, плот, плот і плот. Гэта асяроддзе, гэты ландшафт ўплывае на мяне да сённяшняга дня. Я прывык да яго. Але — не да канца. І я змагаўся супраць усяго гэтага ў маіх песнях, у маіх публічных выступах. Крок за крокам я стаў крытыкаваць больш актыўна. З'явілася небяспека, што Штазі возьмуць мяне на кантроль, — распавядае Бомберг. — Ніхто не мог быць застрахаваны ад кантактаў са шпіёнам. А паколькі я пісаў песні, яны мной асабліва цікавіліся.

І ўсё ж бегчы з ГДР Бомберг не хацеў. І разбураць сацыялізм не хацеў таксама — ён хацеў палепшыць яго, бо ідэя сацыялізму значна адрознівалася ад рэальнасці.

А если стучали друзья? Как психоаналитик готовит немцев к походу в архив Штази
Карл-Хайнц Бомберг, псіхааналітык / Euroradio

Я атрымаў адукацыю ў ГДР, я мог працаваць як лекар. Я мог развівацца, мае дзеці хадзілі ў школу, у маёй жонкі была праца. Мы маглі жыць у ГДР, у нас былі перспектывы. Я не ведаю, што б мы зрабілі, калі б ГДР праіснаваў даўжэй. Бо 3-4 мільёны чалавек з'ехалі з ГДР, і толькі 300 тысяч чалавек прыехалі з захаду на ўсход.

Доктара Бомберга арыштавалі 29 лютага 1984 года, калі ён вырашыў перадаць некалькі сваіх песень на захад.

Песні трапілі ў рукі Штазі, але гэта не было прычынай арышту, гэта быў проста падстава, дзякуючы якому яны змаглі сказаць: усё, цяпер — турма.
 

"Я намагаўся выжыць"

— Першы дзень быў самым цяжкім. Чаму? Таму што кантраст паміж жыццём на волі і ў турме быў надта відавочным. Звонку — нармальнае жыццё са свежым паветрам, з колерамі, з размовамі. Унутры — яе адсутнасць. Толькі карычневы, чорны і шэры колеры. Ніякага свежага паветра. Ніякіх нармальных вокнаў. І ніякіх размоў.

Я намагаўся выжыць — з дапамогай сваіх песень. Я чытаў Талстога - "Вайну і мір", наогул добрую літаратуру. Самы цяжкі перыяд у маім жыцці.

А если стучали друзья? Как психоаналитик готовит немцев к походу в архив Штази
Кабінет у Міністэрстве нацыянальнай бяспекі ГДР, інсталяцыя ў Музеі ГДР у Берліне / Euroradio

Доктар Бомберг кажа, што не ведаў, як доўга працягнецца яго знявольванне. І менавіта гэтая нявызначанасць будучыні рабіла час у зняволенні невыносным.

Некаторыя людзі да гэтага часу пакутуюць ад перажытага. Посттраўматычны стрэсавы разлад, панічныя атакі — каб справіцца з гэтым, патрэбна тэрапія.

Тады, у ГДР, Бомберг не мог атрымаць адукацыю псіхааналітыка. Ён вывучыўся на лекара ў Лейпцыгу, а да моманту затрымання Штазі як раз праходзіў курсы павышэння кваліфікацыі, каб стаць анестэзіёлагам. Але пасля падзення Берлінскай сцяны і аб'яднання Германіі ён змог стаць псіхааналітыкам. І цяпер працуе з людзьмі, якія, як і ён, прайшлі праз Штазі.
 

Калі вы сыходзіце на пенсію, вяртаюцца забытыя ўспаміны

З гадамі пацыентаў, якіх мучыць мінулы вопыт, становіцца больш.

Мае пацыенты былі арыштаваныя на розныя тэрміны — ад года да 10 гадоў. Важна ўлічваць працягласць зняволення, і цяжар умоваў у турме. Некаторыя людзі не праходзілі праз гвалт, праз сэксуальны гвалт. А некаторыя людзі прайшлі праз гэта.

Мы працуем з гэтым і цяпер. Таму што калі вы становіцеся старэйшыя, ахоўныя механізмы псіхікі даюць збой, вы сыходзіце на пенсію, і праца больш не можа быць кампенсацыяй, — тлумачыць Бомберг.

У 1991 годзе па "Закону аб дакументацыі Штазі" усе грамадзяне ГДР атрымалі доступ да сваіх дасье. І час ад часу доктар Бомберг прапануе сваім пацыентам пайсці ў архіў і адкрыць тыя файлы, якія былі на іх у Штазі.

Я прапаную пацыентам: калі можаце гэта зрабіць, то гэта варта зрабіць. Але рашэнне заўсёды прымае пацыент. Ён павінен быць упэўнены, што гэта важна для яго. І большасць маіх пацыентаў адкрылі свае файлы. Вынік мы можам выкарыстоўваць у тэрапіі.

Многія ўсходнія немцы не хочуць адкрываць гэтыя файлы — яны баяцца даведацца, што даносілі нават сябры.

А если стучали друзья? Как психоаналитик готовит немцев к походу в архив Штази
Карл-Хайнц Бомберг, псіхааналітык / Euroradio

Доктар Бомберг прызнае, што сам ён не быў гатовы да таго, што ўбачыць у файлах Штазі на сябе. І сваіх пацыентаў рыхтуе да гэтага досведу лепш, чым быў падрыхтаваны сам.

— Я зазірнуў у гэтыя файлы вельмі рана, у пачатку 1990-х. Цяпер я лепей ведаю, што гэта значыць — зазірнуць у гэтыя асаблівыя файлы. Сваім пацыентам я адразу кажу: адкрыць гэтыя файлы — рызыкоўна.
 

Як дапамагчы шпіёнам

Інфарматарамі сакрэтнай паліцыі ў ГДР былі больш за 180 тысяч чалавек. І некаторыя з іх ёсць сярод пацыентаў Бомберга.

У асноўным да мяне на тэрапію прыходзяць тыя, хто выжыў, але часам і здраднікі, і калабаранты. Не афіцэры, не ахоўнікі турмаў — гэта было б даволі складана для мяне самога. Іншыя людзі, якія мелі цесныя сувязі з дзяржбяспекай. Гэта могуць быць навукоўцы, проста работнікі, а часам — неафіцыйныя супрацоўнікі. Шпіёны. У мяне ёсць невялікая група такіх людзей на тэрапіі.

І як для тэрапеўта для мяне важна дапамагчы і здраднікам, і ахвярам. Гэта спалучэнне вельмі важна. Неабходна. Бо магчыма, яны таксама пакутуюць ад пэўных рэчаў, і ў працэсе тэрапіі мы можам прыйсці да прымірэння.

Бо псіхааналіз — гэта асаблівы від блізкіх стасункаў, у працэсе якога людзі могуць прымірыцца і загаіць гэтыя нябачныя раны.
 

"Сцены - гэта штучны канструкт»

Калі Берлінская сцяна абрынулася, доктар Бомберг не толькі змог вывучыць псіхааналіз, ён атрымаў яшчэ і магчымасць падарожнічаць. За гады, якія прайшлі з таго часу, ён аб'ехаў больш за сотню краінаў. І ў некаторых з іх бачыў сцены.

Калі я бачыў іншыя сцены ў розных частках свету, у мяне заўсёды было адчуванне штучнасці. Гэта штучная рэч — і часовая. Таму што гэта ненармальна — падзяляць рэчы, якія павінны быць цэлымі.

Пры падтрымцы "Медыясеткі"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі