Калі ў Літве прынялі закон, які забараняе біць дзяцей, парламент апладзіраваў

Калі ў Літве прынялі закон, які забараняе біць дзяцей, парламент апладзіраваў

У Беларусі распрацоўваецца канцэпцыя новага закона "Аб прафілактыцы дамашняга гвалту". За дамашні гвалт будзе прадугледжаная крымінальная адказнасць, з'явяцца паняцці "эканамічны гвалт", "пераслед", "дамаганне" а таксама заканадаўча забароняць біць дзяцей.


Першай краінай, якая афіцыйна забараніла любое цялеснае (у тым ліку “лёгкі” пляскач) і псіхалагічнае пакаранне дзіцяці, стала Швецыя. Гэта было яшчэ ў 1979 годзе. Цяпер краін больш за 50. 

 

У Латвіі заканадаўча нельга біць дзяцей яшчэ з 2000 года:


"Да дзіцяці нельга ставіцца жорстка, нельга яго мучыць і фізічна караць, закранаць яго годнасць і гонар", — гаворыцца ў латвійскім "Законе аб абароне правоў дзяцей". Праўда, апошнія даследаванні паказваюць, што 54% латышоў не ведаюць пра такі закон, а 32% працягваюць прымяняць у выхаваўчых мэтах плескачы, цяганне за валасы і аплявухі.


У 2010 годзе ў Польшчы былі ўнесеныя папраўкі ў закон "Аб барацьбе з гвалтам у сям'і". Галоўнае ў ім — параграф, у якім гаворыцца пра забарону фізічнага пакарання дзіцяці: цялесных пакаранняў, прычынення пакутаў і прыніжэння дзіцяці. За збіццё дзіцяці можа пагражаць год турмы і па рашэнні пракурора — пазбаўленне агрэсара права жыць побач з сям'ёй.

 

У Літве забаранілі любыя формы гвалту над дзецьмі толькі год таму: дзяцей нельга не толькі біць, але і крычаць і прыніжаць іх. У Законе аб асновах абароны правоў дзіцяці прапісана, што ўсе формы гвалту ў сям'і лічацца злачынствамі рознай ступені цяжкасці і прадугледжваюць турэмныя тэрміны, адміністрацыйныя пакаранні і пазбаўленне правоў на дзіця:


“Дзеці маюць права на абарону ад усіх формаў гвалту, уключаючы цялесныя пакаранні, які ўжываецца іх бацькамі, іншымі законнымі прадстаўнікамі, асобамі, якія жывуць з імі ці іншымі асобамі”.

 

Прыняцце закона ў парламенце Літвы было сустрэтае апладысментамі.


А вось у Расіі годзе дзяцей біць забаранілі, а потым зноў... дазволілі. Так, у 2016 годзе ў артыкул 116 Крымінальнага кодэкса РФ быў дададзены пункт аб пабоях, нанесеных родным, сваякам, апекунам, сужыцелям, бацькам, дзецям. За гэта прадугледжвалася пакаранне тэрмінам да двух гадоў.

Дэпутаты Дзярждумы палічылі закон "антысямейнай мерай", маўляў, за "пляскач" у сям'і можна атрымаць два гады, а за хуліганства на вуліцы — штраф. Таму на пачатку 2017 года закон аб дамашнім гвалце дэкрыміналізавалі. То бок, дамашні агрэсар перастаў быць крымінальным злачынцам і зноў стаў адміністрацыйным правапарушальнікам. Гэта калі ўдарыў упершыню. Калі ж паўторна, ён можа быць пакараны па крымінальным артыкуле. Але максімальны тэрмін, які свеціць у такім выпадку — тры месяцы турмы, штраф ці папраўчыя працы тэрмінам да 6 месяцаў.

 


Згодна з артыкулам 52 Сямейнага Кодэкса Украіны, "бацькам забаронена ажыццяўляць любыя віды эксплуатацыі дзіцяці (банальна — прымушаць яго працаваць), ужываць фізічныя пакаранні і іншыя віды пакаранняў, якія зневажаюць чалавечую годнасць".


Крымінальная адказнасць за дамашні гвалт ва Украіне дзейнічае з пачатку 2017 года. Агрэсары, у залежнасці ад цяжкасці злачынства, могуць быць асуджаныя на грамадскія працы да 240 гадзін, арышт да 6 месяцаў, абмежавання волі да 5 гадоў альбо пазбаўленне волі да 2 гадоў. 

 


У Кодэксе аб сям'і і шлюбе Рэспублікі Беларусь такія паняцці як годнасць і гонар дзіцяці пакуль не прапісаныя. Беларускія дзеці маюць права "... на жыццё ў мірных, бяспечных і годных умовах. Умовы жыцця дзяцей павінны забяспечваць іх паўнавартаснае фізічнае, разумовае і духоўнае развіццё. Бацькі, якія выхоўваюць дзяцей, абавязаныя клапаціцца пра іх здароўе, фізічнае, разумовае і духоўнае развіццё, прывучаць іх да пасільнай працы і рыхтаваць іх да самастойнага жыцця".

 

У 2017 годзе ў Беларусі былі зафіксаваныя 82 выпадкі гвалту ў сям'і адносна дзяцей: 24 факты — пагроза забойствам, 11 фактаў катаванняў, у 14 выпадках гаворка ішла пра лёгкія цялесныя пашкоджанні, у 26-ці — згвалтаванні ці дзеянні сексуальнага характару.

 

 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі