Калі чакаць таргоў палітзняволенымі і ці павышаюць стаўкі велізарныя тэрміны?
Страшнейшыя тэрміны зняволення ператвараюць палітвязняў у даражэйшы тавар на патэнцыйных палітычных таргах з Захадам, вынікае са словаў палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага.
“Такія цыклы ў нас былі пасля выбараў 2006 года, калі Казуліна ды іншых пасадзілі, пасля выбараў 2010 года — калі схапілі збітага Някляева, Саннікава ды іншых. А пасля Лукашэнка пачынаў гэтых людзей пакрысе выпускаць, і Еўрасаюз здымаў, а ЗША замарожвалі свае санкцыі. І зноў надыходзіла фаза замірэння”, — нагадвае Класкоўскі.
“Рэжым спрабуе завязаць гульню з Захадам”
Аляксандр Класкоўскі лічыць, што беларускія ўлады ўжо зандуюць глебу на прадмет таго, каб зноў пашукаць агульную мову з ЕС і ЗША. З аднаго боку, Аляксандр Лукашэнка адчувае дыскамфорт ад заходніх санкцый, з іншага — націск з боку Масквы.
На думку суразмоўніка Еўрарадыё, Крамлю можа не падабацца новы варыянт Канстытуцыі — яго б больш задаволіў транзіт улады і меней таксічны партнёр. Таму размарозіць заходні вектар было б Лукашэнку выгадна.
Тым часам чакаць адлігі да правядзення рэферэндуму не варта, кажа Класкоўскі і спасылаецца на чарговыя шматлікія ператрусы.
“А пасля рэферэндуму з’явіцца праблема прадаць новую Канстытуцыю за нейкі рух у бок дэмакратызацыі. Таму рэжым паспрабуе завязаць гульню з Захадам. Іншая рэч, ці атрымаецца”, — кажа Класкоўскі.
“Ціханоўскі знайшоў правільную мову — як і Лукашэнка ў свой час”
Малады Аляксандр Лукашэнка любіў хадзіць у народ. Гэтую эстафету ў яго пераняў Сяргей Ціханоўскі. Ці можа велізарны тэрмін, які суд выпісаў Ціханоўскаму, быць помстай за спробу перацягнуць да сябе электарат Лукашэнкі?
“Я думаю, што правадыр палітычнага рэжыму адчуў, што гэты відэаблогер нахабна залез на яго палітычнае поле. Сапраўды, ён даваў мікрафон простым людзям, яны секлі ў вочы праўду-матку. Ён паказаў, як важна ўмець знайсці стылістыку, правільныя словы. Традыцыйная апазіцыя шмат гадоў нібыта правільныя казала лозунгі, але многіх гэта не чапляла. А Ціханоўскі знайшую правільную мову, як і Лукашэнка ў свой час. Лукашэнка быў таленавітым папулістам, гэта цяпер ён растраціў палемічнае майстэрства”, — параўноўвае Класкоўскі.
Ён лічыць, што небяспеку гэтай стылістыкі ў “вярхах” маглі запрыкмеціць. Але ж акрамя таго, такі прысуд Ціханоўскаму можа быць ускоснай помстай за “фенаменальны поспех ягонай жонкі”, якую першапачаткова сур’ёзна не ўспрынялі, лічыць Класкоўскі. Што і стала, па словах аглядальніка, “адным з найважнейшых праколаў рэжыму”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.