Каб зменшыць тарыфы на ваду, трэба будзе абысці закон?

Каб зменшыць тарыфы на ваду, трэба будзе абысці закон?

“Тарыфы на водазабеспячэнне, каналізацыю, карыстанне ліфтам, тэхнічнае абслугоўванне, капітальны рамонт жылых кватэр усталёўваюцца аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам”, — гэта ў адпаведнасці з Указам прэзідэнта № 72 "Пра некаторыя пытанні рэгулявання тарыфаў".

Пасля чаго ўсе гэтыя рашэнні мусяць праходзіць праверку на законнасць у Мінюсце.

“Па рэгламенце дакумент разглядаецца тры дні, — каментуе спецыялістка Юрыдычнага аддзела Мінгарвыканкама. — Але пакуль яго няма. Калі з’явіцца, будзем глядзець”.

Чаму тады сёння беларусы чакаюць указ прэзідэнта, які па законе не можа ўсталяваць гэтыя тарыфы?

Міністар ЖКГ абяцае, што жыроўкі беларусы мусяць атрымаць да 25 сакавіка, то бок надрукаваць іх мусяць максімум ноччу з 24-га на 25-га. А значыць, на публікацыю пастановы з новымі тарыфамі ў СМІ і юрыдычную праверку застаецца крыху больш за два дні. Дагэтуль не вядома, ці падпісаны Указ кіраўніка краіны, ад якога будуць адштурхоўвацца аблвыканкамы ды Мінгарвыканкам

“У новым указе, верагодна, будуць іначай рэгулявацца падыходы да тарыфаў, — разважае супрацоўніца галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама. — Там, відаць, будуць утрымлівацца даручэнні аблвыканкамам і гарвыканкаму прывесці свае акты ў адпаведнасць з указам. І тады гарвыканкам мае права зацвердзіць новыя тарыфы. Але абавязкова папярэдне трэба ўзгадніць іх з Мінэканомікі”.

То бок у спіс таго, што мусяць паспець зрабіць за два дні, дадаецца ўзгадненне з Міністэрствам эканомікі.

Калі чыноўнікі ўсё ж паспеюць прайсці ўсе працэдуры своечасова, застанецца яшчэ адно праблемнае пытанне. У адрозненне ад пастаноў Савета міністраў ды указаў кіраўніка краіны, пастановы Мінгарвыканкама і аблвыканкамаў не маюць зваротнай сілы, а значыць, набываюць моц з даты публікацыі, а не заднім чыслом. То бок пачнуць дзейнічаць з… 25 сакавіка. Незразумела, чаму нас прымушаюць увесь сакавік чакаць жыровак за люты.

“Тут дзейнічае закон “Пра нарматыўна-прававыя акты”, —тлумачыць сітуацыю кіраўніца сектара па юрыдычнай экспертызе Віцебскага аблвыканкама Галіна Зазуля. — У бок змякчэння пакарання ці паляпшэння стану грамадзян прымяняць зваротную сілу закона можна”.

Калі змяншэнне тарыфаў паляпшае стан грамадзян, то тут усё законна. Такім чынам, застаецца толькі чакаць жыровак і спадзявацца, што нас не прымусяць жыць яшчэ некалькі тыдняў, не ведаючы тарыфаў на камуналку. Але дакладна, што ўвечары 22 сакавіка ў разлікова-касавых цэнтрах Мінска ніякай новай інфармацыі пра кошты на ваду,каналізацыю ды тэхнічнае абслугоўванне ліфтаў не маюць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі