Каб схаваць недастачу, загадчыца падпаліла вясковую краму

Каб схаваць недастачу, загадчыца падпаліла вясковую краму

У вёсцы Краснае Сяло Слуцкага раёна каля 5-й гадзіны раніцы 17 кастрычніка загарэлася крама. Пажарнікі, якія дзейнічалі на месцы здарэння высветлілі, што прычынай здарэння быў падпал. 
 
Па словах намесніка начальніка Слуцкага РАУС Андрэя Зайца, выявіць зламысніка ўдалося за некалькі гадзін, бо над раскрыццём справы працавалі ўсе раённыя аператыўнікі і ўчастковыя інспектары.

Як паведамляе прэс-служба УУС Мінскага аблвыканкама, крама падпаліла яе 43-гадовая загадчыца. Перад падпалам яна яшчэ інсцэнізавала і крадзеж у будынку. Усё гэта было зроблена, каб схаваць недастачу.

Міліцыянты кажуць, што жанчына некалькі месяцаў адпускала вяскоўцам прадукты харчавання ў доўг. Пакупнікі аддавалі грошы за пакупкі з пенсій і заробкаў. Праўда, не ўсе маглі разлічыцца своечасова, таму ў касе паступова ўтварылася недастача. "Пры гэтым, напэўна, загадчыца і сама карысталася забароненымі махінацыямі. Мяркуецца, што са жніўня па кастрычнік сума запазычанасці дасягнула не менш за 2000 рублёў", — кажа начальнік крымінальнага вышуку Слуцкага РАУС Станіслаў Чухольскі.

Жанчына наважылася на падпал крамы, каб не даваць справаздачу рэвізорам і не плаціць за чужыя вэксалі. Тым болей, што на ёй ужо вісеў крэдыт для пагашэння чужых пазык, выяўленых падчас папярэдняй рэвізіі крамы. 

Міліцыянты кажуць, што загадчыца ўначы вынесла з крамы сейф, адкрыўшы яго ключом і пакінуўшы непадалёк з невялікай колькасцю капеек ўнутры. Побач яна рассыпала цыгарэты, паклала бутэльку гарэлкі і каўбасу. Такім чынам яна інсцэнізавала ўдзел пабочных людзей, якія нібыта ўчыннілі крадзеж і падпал.

Цяпер падазроную змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. На яе пачалі крымінальную справу за наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці. Жанчыне пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі