"Каб не страціць сваё жыццё і пісталет, вырашыў страляць у чалавека"

1 кастрычніка быў забіты нападнік на абменны пункт у Мінску, які, пагражаючы пісталетам, узяў у закладніцы касірку (ён памёр у лякарні 2 кастрычніка). 2 кастрычніка падчас затрымання ў Оршы быў застрэлены мужчына, якія пагражаў нажом супрацоўнікам і жыхарам дома. 3 кастрычніка пад Баранавічамі ўчастковы параніў у сцягно двух хуліганаў, якія напалі на яго без зброі.

Такія выпадкі не могуць не выклікаць пытанняў. Еўрарадыё пацікавілася ў былых міліцыянераў і праваабаронцаў, наколькі апраўданае выкарыстанне зброі ў розных выпадках.

Алег Гайдукевіч: Нічога страшнага не бачу, але трэба закупляць сучасную нелетальную зброю

"Я больш за 18 гадоў адпрацаваў у праваахоўных органах. Пачынаючы ад шарагоўца да кіраўніка найбуйнейшага раённага ўпраўлення ў краіне. У нас краіна, дзе найбольш жорстка рэгламентаванае выкарыстанне зброі супрацоўнікамі міліцыі. На маю думку, гэта трэба спрашчаць", — кажа былы кіраўнік цэнтральнага РАУС Мінска, цяпер намеснік кіраўніка ЛДПБ.

Пасля кожнага выкарыстання зброі праводзіцца праверка. Раней гэтым займалася пракуратура. Таму супрацоўнікі міліцыі баяцца выкарыстоўваць зброю нават у тых выпадках, калі гэта трэба рабіць, лічыць Алег Гайдукевіч.

"Кожны патрон на ўліку, знік патрон — службовая праверка. Усё гэта вельмі жорстка ў сістэме МУС. Няхай людзі не думаюць, што захацеў — і стрэльнуў. Каб потым не было перавышэння службовых паўнамоцтваў".

На думку былога міліцыянера, праблемы празмернага выкарыстання зброі супрацоўнікамі міліцыі няма. Гэтыя тры выпадкі — проста супадзенне.

"Я не бачу, што дадзеная нейкая каманда жорстка дзейнічаць, страляць. Такога не было і ніколі не будзе. Я з вамі згодны, што трэба закупляць сучасную зброю, якая страляе электрычнасцю. У мой час былі газавыя балончыкі, электрашокеры ручныя. Але калі б на мяне з сякерай ці нажом пайшлі, я б з такім электрашокерам не пайшоў бы. Газавы балончык — увогуле лухта. У стане алкагольнага ап’янення ён выклікае яшчэ большы гнеў".

Супрацоўнікаў міліцыі вучаць страляць так, каб абясшкодзіць, але не забіць. Ёсць некалькі відаў такіх практыкаванняў з залікамі.

"Страляць вучаць па нагах, вучаць, што забіваць чалавека не трэба. Але ў рэальнай сітуацыі бывае рознае. Калі ідуць трэніроўкі, на мішэні адпрацоўваецца стральба па нагах, руках, ніжняй частцы. Але абмяжоўваць гэтым нельга. Давайце ўявім, што ў законе напісана, што нельга патрапіць у верхнюю частку цела. Міліцыянер зусім будзе баяцца страляць. А раптам не патрапіць і будзе крымінальная адказнасць?"

"Чаму нельга стрэльнуць у руку ці нагу, каб не забіваць?"

Праваабаронца Наста Лойка вельмі ўразілася апошнім выпадкам выкарыстання зброі і нават напісала зварот у МУС, дзе заклікала супрацоўнікаў не страляць на паражэнне, калі яна сама акажацца закладніцай.

"Гэта вельмі складанае пытанне. Але калі супрацоўнік міліцыі акажацца перад такім выбарам ён павінен памятаць, што той, хто здзяйсняе злачынства, нават бярэ некага ў закладнікі, усё роўна застаецца чалавекам, якога нельга проста так забіваць, і варта прыкласці максімальныя намаганні, каб не давесці да такога выніку. Зразумела, што не ва ўсіх сітуацыях гэта атрымліваецца. Але я ніколі не разумела, навошта страляць на паражэнне, калі можна стрэльнуць у руку ці нагу. Мне тут калегі перыядычна тлумачаць, што ў нашай міліцыі кепская зброя, якая сама па сабе не дазваляе дакладна прыцэліцца. Але сітуацыя з абменнікам... там удзельнічаў "Алмаз". У маім разуменні гэта высокакваліфікаваныя падрыхтаваныя супрацоўнікі. І мне падавалася, што яны павінныя ўмець нейтралізаваць, не прыбягаючы да радыкальных мераў".

Праваабаронца прапануе публічна тлумачыць дзеянні супрацоўнікаў, каб пазбегнуць недаверу і страху ў грамадстве.

"Каб яны ў кожным выпадку тлумачылі, чаму яны вырашылі так рабіць і што прывяло да такога выніку. Вельмі не хочацца, каб міліцыя ўспрымалася як забойцы".

"На малой адлегласці няма часу дакладна прыцэліцца. Калі не дастанеш зброю, сам станеш трупам"

Чаму не атрымліваецца пацэліць так, каб не забіць, Еўрарадыё цікавіцца ў былога ўчастковага Дзяніса, які сам некалькі гадоў таму смяротна параніў зламысніка.

"У зламысніка на звышмалых адлегласцях ты не паспяваеш прыцэліцца і страляеш куды атрымаецца. У мяне была пагроза нажом. Я, каб не страціць сваё жыццё, здароўе і пісталет з 16 патронамі, не аддаць яго ў рукі зламысніку, прыняў рашэнне страляць. Адлегласць была вельмі маленькая. Яму проста вельмі не пашанцавала: куля адрыкашэціла ад рабрыны і прабіла лёгкае, сэрца і печань. Спачатку была бойка. А калі ён схапіў нож, мне давялося дастаць пісталет і стрэліць. Я папярэджваў яго. Гэта сітуацыя, у якой ты, калі не выкарыстоўваеш зброю, сам становішся трупам. У гэтым сэнсе я не пашкадаваў. Але адчуванні, канечне, не самыя прыемныя".

Праверка па гэтым выпадку цягнулася тры месяцы, але крымінальнай справы не завялі, бо выкарыстанне зброі прызналі правамерным.

Калі ж чалавек выкарыстоўвае зброю супраць супрацоўніка міліцыі ці іншага чалавека, то тут міліцыянер не проста можа, ён абавязаны страляць, дадае Дзяніс.

Еўрарадыё прааналізавала закон “Аб органах МУС” і ўбачыла, што “калі прамаруджанне стварае небяспеку для жыцця грамадзян”, можна страляць нават без папярэджання! Але ў любым выпадку закон патрабуе імкнуцца нанесці найменшую шкоду.

"Выкарыстанне зброі павіннае быць адэкватным сітуацыі. Калі гаворка ідзе пра таго, хто сам узброены і нападае на грамадзян ці супрацоўнікаў, то тут яно апраўданае. Складана абмяркоўваць, наколькі наступствы, якія былі ў апошніх выпадках, адпавядаюць сітуацыі, таму па іх мусіць быць праведзенае незалежнае расследаванне і аб'ектыўна прынятае рашэнне, наколькі дзеянні супрацоўнікаў адпавядаюць абстаноўцы", — кажа юрыст Павел Сапелка.

Апошні выпадак пад Баранавічамі таксама мусіць быць разгледжаны на правамернасць выкарыстання зброі. Але нават у такім выпадку закон дазваляе гэта.

"Тэарэтычна, калі людзі нападаюць на супрацоўніка міліцыі, яны могуць пераследаваць мэту завалодаць зброяй, і ў міліцыянера ў такім выпадку ёсць права страляць. Але, безумоўна, ён павінен імкнуцца нанесці найменшую шкоду і адразу аказаць першую медычную дапамогу".

У Ісландыі некалькі гадоў таму паліцэйскія ўпершыню застрэлілі чалавека. Мужчына 50 гадоў пачаў страляніну з драбавіка на ўскраіне Рэйк’явіка. Перамовы ні да чога не прывялі, тады паліцыя прымяніла газ, але зламыснік пачаў страляць з акна па машынах. Тады ў кватэру ўвайшоў спецназ, пачалася перастрэлка, адзін баец быў паранены, а зламыснік памёр у лякарні.

Тады МУС Ісландыі прынесла прабачэнні родным і блізкім загінулага. А паліцэйскія, якія стралялі, звярнуліся па псіхалагічную дапамогу.

Фота: Qfairchild/flickr.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі